Estado Nova. Рэжым, які існаваў 40 год і скончыўся... за адзін дзень

Раніцай 25 красавіка 1974 года прадавачка ўнівермага Селейсія Сейруш сустрэла салдата ды — сунула яму гваздзік у рулю штурмавой вінтоўкі. Ужо праз некалькі гадзін у Лісабоне не засталося гваздзікоў: людзі скупілі ўсе кветкі, паўтараючы яе жэст. «Рэвалюцыя гваздзікоў» завяршыла больш як 40-гадовы перыяд Estado Novo — рэжыму Салазара ў Партугаліі.

«Revaliucyi hvazdzikoŭ»

Супольна з праектам My Portugal Moments расказваем гісторыю «Рэвалюцыі гваздзікоў».

Бацька рэжыму Антоніў дэ Алівейра Салазар не дажыў да рэвалюцыі. У 1968 годзе ён зваліўся з крэсла: інсульт. На публіцы ён больш не з’яўляўся, а новым прэм’ерам стаў яго паплечнік. Зрэшты, пра гэта Салазар не даведаўся. Каб не турбаваць лідара, яго трымалі ў «матрыцы»: друкавалі спецыяльную газету ў адным экзэмпляры — з «правільнымі» навінамі. Нават пра палёт амерыканцаў на Месяц у 1969-м ён так ніколі і не дазнаўся... 

Сістэма, збудаваная Салазарам, праіснавала 42 гады, але скончылася — за адзін дзень. 

Сціплы прафесар, які цураўся ўлады 

Salazar

Партугалія на працягу стагоддзяў была імперыяй, над якой «не заходзіць сонца». Магутная марская дзяржава, піянер еўрапейскага гандлю і каланіялізму. Нават пасля страты Бразіліі (па плошчы — гэта амаль палова Расіі) у актывах Лісабона заставаліся Мазамбік, Ангола, Усходні Цімор, Гвінея-Бісаў, партугальская Індыя і так далей. 

«Партугальскі свет» быў куды большым за міфічны «русский мир». Быў нават панятак: Lusotropicalismo — канцэпцыя пра тое, што партугальскі каланіялізм найбольш эфектыўны і гуманны з усіх еўрапейскіх. Акурат гэтую канцэпцыю і ўзяў на ўзбраенне Салазар. Яна ж яго і загубіла... 

Як ён прыйшоў да ўлады? Пасля краху манархіі на пачатку ХХ ст. Партугалія перажывала не лепшыя часы. З 1910 па 1926 год у краіне змянілася 44 урады! За пяць гадоў без аніякай вайны ў Лісабоне выбухнула 325 бомбаў. 

«Партугальская рэвалюцыя» — стала мемам. На фоне хаосу і эканамічнага крызісу ўладу ўзялі вайсковыя.

Парадаксальна, але Салазар не быў ані вайсковым, ані рэвалюцыянерам. Ён быў... прафесарам універсітэта ў Каімбры. Калі яго запрасілі на пасаду міністра фінансаў, ён не адразу пагадзіўся. Маўляў, «Што пра мяне падумаюць студэнты?». Пайшоўшы ва ўладу, Салазар узяў у сваім ВНУ акадэмічны адпачынак, які юрыдычна цягнуўся... да яго смерці. 

Estado Novo пад парасолькай спецслужбаў 

Salazar

У 1932 годзе прафесар стаў прэм’ерам Партугаліі. Яго ідэяй для выхаду з крызісу стала канцэпцыя «новай дзяржавы» — Estado Novo. Што ў аснове? Традыцыя. Каталіцызм. Антыкамунізм. Нацыяналізм. Каланіяльнае мысленне. А яшчэ лозунг «жыць па сродках» (Салазар і сам паходзіў з беднай сям’і, ніколі не шыкаваў, нават у ролі прэм’ера). 

Ужо праз пяць гадоў Партугалія экспартавала пшаніцу, хоць раней — купляла. «Сеньёр доктар», як называлі Салазара, мадэрнізаваў аграрны сектар, пераўзброіў армію, перамог інфляцыю. Цуд! Бонусам да цуду стала згортванне дэмакратычных інстытуцыяў. Кіроўная партыя «Нацыянальны саюз» стала манапалістам на палітычным полі. І ўсё гэта — пад парасолькай спецслужбаў (PIDE). 

Варта сказаць, што крыважэрнасцю рэжым Салазара не вылучаўся. Грамадзянскай вайны, як у Іспаніі, там не было. Масавых расстрэлаў і казняў — таксама. Канцлагер «Тарафал» на выспе Санцьяга ў Кабо-Вэрдэ, створаны ў 1930-х для камуністаў, не моцна розніўся ад польскай Бярозы-Картузскай. За ўвесь час там загінула... 32 чалавекі. Для параўнання: у разы больш людзей загінула на катарзе ў Французскай Гвіяне, вядомай як «сухая гільяціна». 

Tarafal
На месцы колішняга лагеру «Тарафал» сёння музей

Салазар — «пераможца» ў Другой сусветнай

Другая сусветная для Партугаліі прайшла бяскроўна. Гітлер і Мусаліні спрабавалі зацягнуць Салазара ў вайну, а той — асцярожнічаў. Перайграў усіх. У чым сакрэт? 

Па-першае, кантынентальныя войны Партугаліі былі не цікавыя ад слова «зусім»: яе спецыялізацыя — заморскія калоніі. Па-другое, Салазар не збіраўся сварыцца з брытанцамі. Бо тыя маглі перакрыць яму кісларод: заблакаваць шляхі ў Азію і Афрыку. 

Больш за тое, Салазар дазволіў саюзнікам стварыць авіябазы на Азорскіх выспах. Гэта было важна для перамогі брытанцаў і амерыканцаў у Атлантыцы. Пачынаючы з 1930-х тысячы яўрэяў, дзякуючы партугальскім візам, змаглі перабрацца з Еўрапейскага кантынента за акіян. Узгадайце «Ноч у Лісабоне» Рэмарка: горад стаў абавязковым прыпынкам для эмігрантаў з Еўропы. У той жа час Лісабон стаў «мекай спецслужбаў» усяго свету: нейтральным і бяспечным месцам для кантактаў. 

У часе вайны Лісабон прадаваў стратэгічна важны для вайсковай прамысловасці вальфрам у два бакі: і немцам, і альянтам. Залатыя запасы краіны павялічыліся... у восем разоў! Цяжка сабе ўявіць, але Лондан быў павінен Лісабону грошай, а не наадварот. Салазар аказаўся — «у плюсе». 

Пасля Другой сусветнай Партугалія была прынятая ў ААН і НАТА. Да краіны ніхто не меў прэтэнзій, а Салазара — ніхто не збіраўся скідваць. Тым не менш ягоны час сыходзіў. Час каланіяльных імперый скончыўся. 

Salazar

Выспу Гоа партугальцы страцілі... за 36 гадзін

Брытанцы, французы, галандцы, бельгійцы сыходзілі з колішніх калоній па ўсім свеце. Вымушана перабудоўвалі стасункі ды эканамічныя схемы. Салазар не мог з гэтым пагадзіцца, бо гэта значыла б — разбурыць фундамент ягонай ідэалогіі. Гэта — канец яго свету, канец Estado Novo

Выспу Гоа, якой партугальцы валодалі 451 год, індусы ў 1961 годзе захапілі... за 36 гадзін. Салазар быў у шоку не столькі ад таго, што партугальскі генерал-губернатар падпісаў акт капітуляцыі, колькі ад таго, што Лондан адмовіўся яму дапамагчы. 

Грашовыя актывы, назапашаныя ў папярэднія гады, а таксама чалавечыя рэсурсы — сыходзілі на ўтрыманне калоній ды войны немаведама дзе. На краі свету. Вынікам для Партугаліі стаў эканамічны крызіс і масавая эміграцыя. Час Салазара — асабісты і палітычны — быў злічаны. 

«Рэвалюцыя гваздзікоў», якая адбылася ўжо пасля яго смерці, паставіла кропку ў гэтай гісторыі. Цікава, што мяцеж быў арганізаваны вайсковымі, але зусім не генераламі, а ніжэйшым звяном афіцэраў. «Рэвалюцыя капітанаў» — іншая назва той падзеі. 

Pomnik «Revaliucyi hvazdzikoŭ» u Lisabonie
Помнік «Рэвалюцыі гваздзікоў» у Лісабоне

25 красавіка 1974 года вайсковыя калоны пайшлі на Лісабон. Людзі сустрэлі іх віном і гваздзікамі. Ніхто не супраціўляўся, апроч штаб-кватэры колішняй PIDE (загінула пяць чалавек). 

Калі ў Партугаліі ўсё прайшло бяскроўна, то ў калоніях — не. Вынікам сыходу партугальцаў з Мазамбіка, напрыклад, стала доўгая грамадзянская вайна (1977–1992), якая забрала каля 1 000 000 жыццяў. Грамадзянская вайна ў Анголе — цягнулася ажно да 2002 года! Але ўсё гэта ўжо без удзелу партугальцаў. 

***

Пасля рэвалюцыі і дэмакратычных зменаў партугальцам давялося вучыцца жыць па-новаму. Без алмазаў з Анголы, затое — з неверагодным турыстычным патэнцыялам і гонарам за сваю доўгую і цікавую гісторыю. 

Адкрыць для сябе і зразумець гэтую краіну вам дапаможа праект My Portugal Moments. Тут можна знайсці каштоўныя парады і ідэі маршрутаў для адпачынку ў Партугаліі. А прыгожыя фота і відэа для натхнення глядзіце ў сацсетках праекта: Instagram, Facebook і TikTok.

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.