Фальстарт Прыгожына. «24 гадзіны, якія НЕ скалыхнулі свет… але здзівілі»

Прыкладна суткі падавалася, што ўвесь рэгіён, калі не ўвесь свет, на парозе чагосьці глабальнага. Накшталт перавароту 1917 года. Скончылася ўсё, як у танным серыяле, дзе не хапіла грошай на спецэфекты: мутная канцоўка са слабым намёкам на працяг калі-небудзь... Але не гэта галоўнае. 


Фальстарт Прыгожына
Твор мастака
Fabio Viale. Фота са старонкі мастака у Фэйсбуку

Што адбылося?

Была такая кніжка Джона Рыда — «10 дзён, якія скалыхнулі свет». Пра рэвалюцыю 1917-га, сведкам якой аказаўся амерыканскі журналіст. Пра прыгожынскі мяцеж можна было б напісаць не менш захапляльна: «24 гадзіны, якія НЕ скалыхнулі свет... але здзівілі». 

Чым здзівілі? Бо Расія па выніку аказалася не «Зоркай смерці» ці злавеснай «імперыяй зла», але старым дзедаўскім сараем, з якога смярдзіць ды лезуць вонкі прусакі. Усярэдзіне — іржавы матацыкл «Ява», лыжы, валёнкі, стосы макулатуры... пара каністраў крадзенай саляркі. Адна запалка — і гамон. Але праз сырасць і цвіль, відаць, не гэтым разам. 

Падзея мела быць гістарычнай, як мяцеж Разіна ці Пугачова. Як рэвалюцыя Троцкага і Леніна. Апошні раз вайскоўцы здымаліся з фронту, каб паваліць вярхоўную ўладу ў 1917-м, падчас Карнілаўскага мяцяжу. Той мяцеж не ўдаўся, але запусціў эфект даміно, які абрынуў імперыю ў хаос. 

Viale Fabio
Твор мастака Fabio Viale. Фота са старонкі мастака у Фэйсбуку

А тут? Былыя зэкі займаюць гарады-мільённікі. Бяруць пункт вайсковага кіравання ў Растове. З імі змагаюцца дарожнікі, якія дзяўбуць асфальт трасаў дзяржаўнага прызначэння. Частка расійскіх элітаў знікае, іншыя — запісваюць відэа з трымцячымі рукамі. Вось-вось... А па выніку — пшык. 

І няясна нават, ёсць справа ці няма справы супраць Прыгожына, які абскубаў расійскую армію на некалькі верталётаў і суперсамалёт за мільёны даляраў. Цікава, як далей будуць жыць сем’і загінулых пілотаў? За што загінулі іх «хлопчыкі», калі «здраднік» — на свабодзе, і да яго больш няма прэтэнзій? Гэта ж шызафрэнія, не?..

Але расіянам не першы дзень жыць у шызафрэніі. Мы ўжо забыліся, але ж расіяне неяк сцярпеліся з тым, што вялікая доля кіраўнікоў кадыраўскай Чачні — колішнія вайскоўцы ці партызаны, якія літаральна рэзалі іхных «хлопчыкаў» у Першую і Другую чачэнскую. Некаторыя з іх нават «героі Расіі». А тут ехаць вызваляць Растоў і ратаваць расійскую дзяржаўнасць кінулі акурат «кадыраўцаў» — больш не было каго. 

Але ёсць рэчы, якія не забываюцца. Не мінаюць. Не даруюцца. Асабістыя абразы, напрыклад. Сам факт, што нехта паказаў — так можна і табе за гэта НІЧОГА не будзе. Паказаў, што мяцежнае войска прымуць гарады-мільённікі, сустрэнуць кветкамі, вайскоўцы будуць перадаваць сваю тэхніку. А сталіцу будуць бараніць экскаватары і ДАІшнікі. Гэта поўная галеча сістэмы ўлады, ідэалогіі, сілавога апарату. 

Чаму ў Прыгожына не атрымалася?

Здавалася б, ідзі — і бяры. 

Ад пачатку гэта быў фальстарт. Ён жа пайшоў не таму, што ў Расіі пачаліся нейкія «броженія умов», але таму, што ягоны ЧВК вырашылі перавесці пад Міністэрства абароны, чытай, ліквідаваць. Адабраць прыватную армію, на якую столькі было пакладзена сілаў і крыві.

Твор Фабіо Віале
Твор мастака Fabio Viale. Фота са
старонкі мастака у Фэйсбуку

Гэтым вайсковы мяцеж і адрозніваецца ад рэвалюцыі. Рэвалюцыя — гэта калі народ гатовы выйсці на вуліцы, будаваць барыкады, займаць «тэлеграф і пошту», а не проста фоткацца з танкамі. Расіяне яшчэ не гатовыя. Вайна пакуль прынцыпова не змяніла іх побыт, не ўвайшла ў кожны дом. Нават у 1917-м імперыя была цяжарная рэвалюцыяй тры гады вайны. Тут жа — за спінай толькі год. 

Сам жа Прыгожын выявіўся таленавітым харызматычным авантурыстам, але з адным грамадным мінусам. Яму было што губляць. У адрозненне ад Пугачова, Разіна ці бальшавікоў. У Расіі неяк экзістэнцыйна так склалася, што ідзе да канца і перамагае той, каму няма чаго губляць. Што было губляць Сталіну ці Троцкаму ў 17-м? Не было ў іх рахункаў з мільёнамі за мяжой ці прыбытковага бізнесу ў Афрыцы. 

Прыгожын відавочна не разлічыў таго кошту, які патэнцыйна можа заплаціць. Бо кошт — жыццё. Сваё, блізкіх. А ў дадатак прыватная вайсковая імперыя, прыдатная ў любы час на любым кавалку зямлі. Таму гульня з архетыпам «праўдалюба» Данілы Багрова, на які акурат ёсць запыт у Расіі, скончылася нічым. Бо сіла «ў праўдзе», а не ў «дагаварняках». 

Viale Fabio
Твор мастака Fabio Viale. Фота са старонкі мастака у Фэйсбуку

Ці мела ўсё гэта сэнс?

Ці мелі рацыю тыя, хто адкаркоўваў шампанскае ў надзеі на хуткую гібель пуцінскага рэжыму і канец вайны?

Думаю, мелі.

Адбылося галоўнае — дэсакралізацыя ўлады. Расійская ўлада, магічная і містычнай у сваёй несмяротнасці, няхай на кароткі момант, але аказалася пад нагамі ў зэкаў з блёклымі неахайнымі наколкамі, якія з пэўных прычынаў яе не падабралі з дарожнага пылу і бруду. І за ўсё зробленае іх не «четвертуют», не будуць вазіць у жалезнай клетцы, як Пугачова, але — прабачаць. У імя захавання імперыі, якая была на валаску. 

Хто абрэжа гэты валасок? Ужо не Прыгожын. Нехта іншы. І не зараз. Але незалежна ад таго, што чакае персанальна Яўгенія Віктаравіча — смерць ад палонія, Афрыка ці забыццё — сваю справу ён зрабіў. У гісторыю ўвайшоў нават з гэтым фальстартам. А хутчэй — рэпетыцыяй чагосьці сапраўды глабальнага.

У Віктара Пялевіна, псіхатэрапеўта імперскіх боляў расійскай інтэлігенцыі, ёсць такі фантастычны раман — S.N.U.F.F. Там існуе Уркаіна, ці Уркастан (ад слова «урка»), які жыве па дзікіх законах, а над ім кружляе нябесная канструкцыя накшталт дырыжабля з раз’етай элітай, якая паказвае тым, унізе, рознае кіно, арганізуе палітычнае жыццё, забавы і так далей. У фінале «дырыжабль» падае і ўсё гіне. 

Відавочна, трэба яшчэ трошку пачакаць. Засталося няшмат.

Алесь Кіркевіч, budzma.org