Авант-бэнд «Фантастычныя плыўцы» (Fantastic Swimmers) прадстаўляе новы альбом «Organismus», запісаны ў Польшчы.
Як кажа стваральнік ансамбля Віктар Сямашка, многае адбылося ўпершыню: «Мы, джазавыя падпольшчыкі, ніколі раней не працавалі ў прафесійнай студыі, тым больш, у Варшаве. Падчас гукасесіі ўдалося аб"яднаць прадстаўнікоў абедзьвюх, так бы мовіць, нашых філіяў — мінскай і варшаўскай. Таксама ўпершыню для мяне рэалізаваныя некаторыя ідэі наконт калектыўнага музыкавання. Выкарыстоўваўся й цалкам спантанны падыход, і папярэднія інструкцыі, а таксама графічныя схемы».
У працы над альбомам разам з Віктарам паўдзельнічалі яшчэ 7 музыкаў: з польскага боку — дасьведчаныя імправізатары Piotr Mełech (клярнэт, бас-клярнэт), Jan Małkowski (альт-саксафон), Martyna Liliana Kabulska (скрыпка), Piotr Dąbrowski (бубны, пэркусія).
Беларускую імправізацыйную сцэну прадставілі Аляксей Варсоба (акардэон), Віталь Эпаў (фагот) і Яўген Булдык (бубны).
Прытым ініцыятарам запісу стаў Яўген, які адмыслова дзеля гэтага прыехаў у Варшаву з Гамбурга.
Вокладку змайстраваў Пётр Дамброўскі. За гук і мікс адказваў Radosław Bednarek з Quality Studio, дзе ў часы польскае «Салідарнасьці» таемна запісваліся апазыцыйныя журналісты.