Кнігу палітзняволенага анархіста Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага свету» у верасні надрукавалі па-польску ў познаньскім выдавецтве Bractwo Trojka. Тэкст перакладалі Аляксандр і Вольга Ланеўскія.
«Фарбы паралельнага свету» Мікола Дзядок пісаў, знаходзячыся ў зняволенні ў 2010–2015 гг. па «справе анархістаў». Некаторыя тэксты паўсталі ўжо на волі ў 2015–2016 гг. У прадмове да польскага перакладу Аляксандр Ланеўскі распавядае аб акалічнасцях, у якіх з’явілася кніжка, пра лёс Міколы пасля вызвалення, чаму ён зноў трапіў за краты. Перакладчык таксама апісвае цяперашнюю сітуацыю, у якой апынуўся Мікола ды іншыя беларускія палітвязні.
«Фарбы паралельнага свету» – зборнік успамінаў і эсэ беларускага палітвязня Міколы Дзядка… – адзначана на сайце выдавецтва. – Яны тычацца «маляўнічых» момантаў турэмнай рэчаіснасці – камічных і жахлівых, аптымістычных і змрочных. Як дэклараваны анархіст, Дзядок уводзіць у свае назіранні разважанні пра палітычны характар усяго перажытага і аналіз механізмаў кантролю, як у крымінальна-выканаўчай сістэме, так і ў грамадстве ў цэлым.
Кнігу можна набыць па спасылцы.
Беларускую версію кнігі Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага свету» можна спампаваць у інтэрнэт-бібліятэцы kamunikat. У 2017 г. за гэту кнігу аўтар быў уганараваны прэміяй імя Францішка Аляхновіча.
12 лістапада 2020 года Мікола Дзядок быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. 24 лістапада супольнай заявай 11 праваабарончых арганізацый яго прызналі палітвязнем. 10 лістапада 2021 года анархіста пакаралі 5 гадамі зняволення.
А. Л., budzma.org
Фота з сайта і сацсетак выдавецтва Bractwo Trojka