«Вершалінскі рай». Сакрэт Беларусі — у адной кнізе

На скрыжаванні дарог Бельск — Гайнаўка — Заблудаў з малітвамі і заклёнамі сяляне ўначы спілавалі стогадовы дуб. Цеслі змайстравалі з камля вялікі крыж. Бабы павесілі на яго ільняны фартушок. І — панеслі. На плячах, праз вёскі, пыльнымі дарогамі — у бок Крынак. Каб... — укрыжаваць свайго прарока — Дзядзьку Альяша.

vierszaliski-raj-01.jpg

Гэта фрагмент рамана Аляксея Карпюка — «Вершалінскі рай», які нядаўна быў перавыдадзены ў Беластоку. Сюжэт заснаваны на рэальных падзеях: у 1930-я ў Заходняй Беларусі сапраўды было папулярным вучэнне Альяша, а цётка аўтара была сярод актывістак, якія круціліся вакол «прарока».

Карпюк падлеткам бачыў гэта на свае вочы: шал, экстаз, слёзы, малітвы, хросныя шэсці ды — горкае расчараване. Бо цуду не адбылося. Адна з самых моцных сцэнаў рамана — гэта поле, усаджанае сялянамі ў белай вопратцы, з малымі дзецьмі. Яны сабраліся ў прызначаны дзень: чакаць канца Свету. Быў вечар, была ноч, быў ранак... а сонца ўзышло, як мае быць.

Жыццё працягваецца. З той акалічнасцю, што людзі ўжо паспелі прадаць усё сваё майно: дамы, хлявы, зямлю, коней, сячкарні. Нават круглякі сыру, якія ўзялі ў дарогу, паспелі выкінуць сабакам. Грошы — склалі ў ахвяру. Бо нашто тыя грошы і той сыр — калі яны збіраюцца на неба?..

Аляксей_Карпюк_і_першае_выданне_кнігі.jpg
Аляксей Карпюк і першае выданне кнігі

«Рыгентына», цар Мікалай і 1000 вёрст да неба

Як гэта ўсё стала магчымым? Бо гаворка пра тысячы людзей, якія гадамі везлі «народнаму прароку» апошняе: ад курэй і посцілак да свінняў і кароваў. Цягалі камяні на яго шалёныя будоўлі, на цэлы горад, новы Іерусалім — «Вершалін». Бо там і толькі там магчымае збаўленне.

А гэта — сусвет міжваеннай беларускай вёскі, поўнай страхаў і забабонаў. Дзе людзі баяліся выйсці з дому без шапкі, а дачок увечары выпусціць без хусткі. Малако цадзілі праз дзірачку ад сучка ў дошчачцы. Верылі, што ад неба да зямлі — 1000 вёрст... А калі па полі ходзіць барадаты незнаёмец — дык мо’ гэта Збаўца або... цар Мікалай Другі?

Верылі, што недзе за акіянам ёсць таямнічая «Рыгентына», куды адважныя едуць на заробкі і — ядуць з кансерваў «мяса нейкай сцервы». А яшчэ ёсць вялікая праваслаўная Расія, дзе шмат хто паспеў пабываць у бежанстве у Першую сусветную. Праўда, зусім нядаўна тая Расія перастала існаваць, а ўсе храмы разбурылі бязбожнікі. Прыйшла Польшча, дзе ўсё чужое і ўсе чужыя. Што рабіць? Што засталося? Вера і страх.

Гэта гісторыя пра разгубленых маленькіх людзей, якія чакаюць збаўцы. Таго, хто вырашыць іхныя праблемы, выслухае, паабяцае, што ўсё будзе добра. Чаканне і вера ў гэтае «добрае» — варта ўсіх грошай свету... «Іхная наіўнасць стаяла побач са святасцю,» — далікатна піша Карпюк.

vierszaliski-raj-02.jpg

«Небо распаўзлосо... Застаўсо толькі Вершалін»

Хто ж такі «прарок» Альяш? Такі самы маленькі чалавек, які стаў героем выпадкова. Пакуль ездзіў на паклон да Іаана Кранштацкага — адбыўся «цуд» — забілі бандыта, які тэрарызаваў ваколіцы Крынак. Не проста ж так? Напэўна, Альяш вымаліў... І пачалося. Людзі верылі — бо хацелі верыць.

«...Меў відзень калісь,—загаварыў Альяш, — Бытто ноччу іду я і бачу: небо распаўзлосо, і людзі, і каровы, і хаты... Застаўсо толькі Вершалін. Горад такі, бытто я пабудаваў на пагорку пад Лешчынай. Пасярэдзіне сабор вялікі вельмі. Домікі ўсе з горкамі, прускім мурам пабудаваны... Вокны ў іх блішчаць на сонцы, бялеюць платы, вапнай пабеленыя... Жарабяты сабе брыкаюць па выгані, дым з каміноў валіць, ды ветракі круцяцца...»

Не жыццё, а казка. Дзядзька збірае вакол сябе апосталаў, жанок-міраносіцаў, арганізоўвае перформансы, выганяе бесаў, бэсціць у казаннях папоў, архірэяў, «цыцылістаў» (сацыялістаў) — тых, ад каго ўсе беды. А яшчэ — расказвае байкі. Ён геніяльны байкар! Пра гэты і той свет, пра неба, пра ўсё. Байкі — «эліксір прыгнечаных».

Галоўная мэтавая аўдыторыя — жанчыны. Часта ўдовы, якіх багата засталося пасля Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў. Яны — «ядзерны электарат» Альяша. І яны ж самі пачынаюць складаць пра яго байкі: як сустракаўся з прэзідэнтам Польшчы, як той пасадзіў яго пры стале, як думалі яны пра шчасце народнае...

aljasz-i-adepty.png
Прарок Альяш і ягоныя адэпты, 1937 год

«Гэты мужык вылез у героі выпадкова...»

«Вершалінскі рай» — гэта не толькі раскошнае мастацкае і гістарычнае палатно. Гэта — падручнік па паліталогіі, Макіявелі па-беларуску. У хітрым мужыку, які адчуў смак улады, не цяжка ўбачыць народнага любімца, які перамог у 1994-м годзе. Дастаткова замяніць папоў і «цыцылістаў» на БНФ і дэмакратаў. Вершалін — на аграгарадкі. Прэзідэнта Польшчы на прэзідэнта Расіі. А галоўнае: ён гаварыў, гаварыў, гаварыў...

«Гэты мужык вылез у героі выпадкова. Падобная з’ява на свеце даволі распаўсюджаная сярод усіх народаў і розных эпох. Даводзіцца толькі здзіўляцца небагатаму выбару сродкаў і вузкаму шаблону, па якіх працякае іхная кар’ера,» — піша Карпюк.

Прарок_Альяш_сучасная_стылізаваная_выява.jpg
Прарок Альяш. Сучасная стылізаваня выява

У 1970-я гады кніга была выдадзеная толькі з адной прычыны: праз яе антырэлігійны пафас.

Але гэта куды глыбейшая гісторыя, актуальная і сёння. Кніга пра сляпую веру, страхі, наіўнасць, балючае развітанне з ілюзіямі. Пра Беларусь і беларусаў.

Як усё скончылася?

Кніжны канец Альяша не адпавядае гістарычнаму. На жаль, у беластоцкім выданні няма хоць якой гістарычнай даведкі на гэты конт. Паводле аўтара, Альяша забілі немцы ў 1941-м. Насамрэч ён «знік» пасля прыходу савецкай улады ў 1939-м.

Чаму аўтар выбраў такі паварот? Бо Карпюк — сам быў у палоне камуністычнай веры. Сам быў фанатыкам, не горшым і не лепшым за «альяшоўцаў». Таму і не мог дрэнна напісаць пра камуністаў, сакральны 1939 год... Дарэчы, яго апошняя кніга, якая пісалася ўжо ў часы перабудовы як падсумаванне ўсяго жыцця, так і называецца — «Развітанне з ілюзіямі».

Алесь Кіркевіч, Budzma.org