Фестываль беларускай фальклорнай песні «Беларусь старажытная» прайшоў 9 лістапада ў Вільні. Яго ладзіла ўжо пяты раз Таварыства беларускай культуры ў Літве. На фестывалі выступілі 14 фальклорных калектываў і выканаўцаў фальклорных спеваў з Літвы, Польшчы і Латвіі, піша racyja.com.
Гасцей фестывалю віталі ў запісе палітыкі Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык. А цырымонія пачалася з выканання двух гімнаў — гімна Беларускай Народнай Рэспублікі і гімна Літвы.
Як кажа кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч, асноўная мэта фестывалю — гэта захаванне беларускай традыцыйнай фальклорнай песні.
— Фестываль паўстаў у 2019 годзе, якраз тут, у Новай Вільні ў гімназіі Жарос. Тут яшчэ дырэктарам быў Дзмітрый Папоў. Тады прыехалі да нас палескія фальклорныя калектывы. Пазней пайшлі трошкі іншыя падзеі. Гэтыя гурты не змаглі ўжо прыязджаць да нас па розных прычынах. Фармат трошкі змяніўся, і тут стала неяк больш мясцовых і новых калектываў.
Прывітаць беларусаў прыйшоў і стараста сенюніі (самаўпраўлення) Новай Вільні Юрый Грыдзюшка:
— Вельмі важна, што і сам фестываль у Новай Вільні, таму што многа жыхароў Новай Вільні маюць карані ў Беларусі і тут доўгі час жывуць, і ствараюць свой пэўны пласт культуры. У кожнай культуры ёсць свае цікавыя бакі, якія бясспрэчна ўпрыгожваюць агульную культуру.
Пяты фестываль беларускага фальклору ладзіўся ў Цэнтры культуры Новай Вільні. На яго завітала каля 150 чалавек. А перад гасцямі выступілі наступныя выканаўцы і гурты: «Тургелянка», «Мальвы», «АБРА» , «Язняле», «Жэмерва», «Лянок» (Віленская беларуская гімназія імя Ф. Скарыны), «Ойра», «Беларускі цуд», «Гоман», «Світанак», Сяржук Доўгушаў ды іншыя.
Спявае гурт «Беларускі цуд»
Выступае гурт «АБРА»
Танчыць гурт «Світанак»