Выбітныя прадстаўнікі новай хвалі беларускага пост-панку (ці «зімовай хвалі», як у Польшчы называюць cold wave) збяруцца разам на першым вялікім фестывалі «Ludzie wschodu, Bialoruska zimna fala».
«Менавіта ў Польшчы з’явіліся дзясяткі маладых гуртоў, якія прыехалі без сваёй аудыторыі. Таму гэты фестываль ёсць першай спробай сабраць прадстаўнічы лайн-ап з пост-панк сцэны ў шырокім сэнсе, такі сабе стратэгічны дыялог праз сучасную музыку, — каментуюць арганізатары. — Назва фестывалю рэферуе да вядомай песні гурта Siekiera, да часоў, калі ў Польшчы жыццё было вельмі цяжкім. І мы бачым па продажы квіткоў, што палова публікі акурат польская, і мы вельмі цэнім гэтую інтэлектуальную падтрымку і мастацкую салідарнасць».
Падчас фестывалю выступяць:
Kowelskie Psy
Kowelskie Psy, прэзентацыя новага альбома Gav!No. Рамантычны электрапанк дуэт з’явіўся ў Беларусі ў 2017 годзе і вядомы сваімі шматлікімі пабочнымі праектамі. Кожны канцэрт гурта — гэта бурлескная вечарына, рэйв адчаю і сацыяльна-культурны выклік — нешта накшталт парада роўнасці ў калгасе.
Serbskiy Nozh
Serbskiy Nozh, прэзентацыя новага альбома Ischod. Serbskiy Nozh — пошук адлюстравання палітычнай і гістарычнай спадчыны Усходняй Еўропы. Пазнавальны візуальны стыль гурта заснаваны на традыцыях кірыліцы і іканапісу, якія развіваліся ў ВКЛ, а філасоўскі падмурак творчасці — хрысціянскі анархізм, ідэі Кіркегора і Марціна Лютара.
Sož
Sož, прэзентацыя новага сінгла Eras i Tanatas. Электра-постпанк з Гомеля вядомы найперш сваімі наватарскімі анімацыйнымі кліпамі. Зараз гурт працуе над дэбютным альбомам, першы сінгл з якога адкрывае новы раздзел у гісторыі гурта пасля 4 гадоў рэлакацыйнай калатнечы.
Prorva
Prorva. Гурт Prorva выпусціў у 2024 годзе свой дэбютны EP Recha (у снежні выйшаў і на дыску на польскім лэйбле). Група грае coldpunk і ўжо добра вядомая сярод наведвальнікаў канцэртаў на сквотах па ўсёй Польшчы. Класічныя для жанру тэксты ў спалучэнні з меладычным гітарным дуэтам ствараюць універcум згубленага свету.