Музычныя рэлізы, новыя фестывалі, спектаклі і кіно — 2024 год не пакінуў беларускую культуру без падзей. Што ўразіла і натхніла ў гэтым годзе, а над чым яшчэ варта працаваць? Будзьма запыталася ў культурніцкага дыпламата Алеся Чахоўскага, тэатральнага крытыка Настассі Панкратавай, стваральніка музычнай платформы «КЛІК», артыста «Вектора» і мастачкі Настассі Рыдлеўскай.
Алесь Чахоўскі
Крэатыўны прадзюсар і культурніцкі дыпламат Алесь Чахоўскі адзначае, што ў гэтым годзе з’явілася кропка збору беларускага стэндапа, гэта сфера стала больш заўважнай за 2024.
«У Варшаве адкрылася камедыйная прастора Stend up lokal, там беларускія комікі на сталай аснове ладзяць розныя імпрэзы, — кажа ён. — Беларусы ў гэтым годзе працягнулі радаваць фестывалямі. Пэўным прарывам у гэтым сэнсе можна назваць „Варушняк“. Не магу сказаць, што гэта цалкам мой вайб, але я бачу, як маё асяроддзе рэагуе. Моцны ўзровень выступоўцаў, рэжысура фестывалю. Не магу не адзначыць фэст „Тутака“, фактычна ён стаў пераемнікам „Басовішча“. Аб’ядноўвае абсалютна розных людзей ужо чатыры гады. Мне падабаецца, як суполка беларусаў у Гданьску ладзіць штотыднёва беларускія сацыяльныя танцы з жывой музыкай. Я не ведаю больш ніводнага горада ў свеце, хто б такія яшчэ рабіў танцавальныя вечарыны.
Добра ў гэтым годзе развіваецца музыка, як унутры краіны, так і ў эміграцыі, шмат новых выканаўцаў. Міхась Зуй і Алена Зуй-Вайцяхоўская выпусцілі новы альбом, „Пятля прыхільнасці“ зрабіла альбом на беларускай мове, шмат класных трэкаў выйшла ў Naviband».
Адносна сітуацыі ў беларускім кіно Аляксандр Чахоўскі гаворыць: «Ніякіх новых мастацкіх стужак апроч адной (гэта фільм „Пад шэрым небам“ Мары Тамковіч) у незалежнай кінаіндустрыі не выйшла ў свет — гэта цяжкасці фінансавання перадусім, але і з дыстрыбуцыяй у Беларусь таксама шмат пытанняў».
«Тэатральныя падзеі ёсць, але іх мала і па большай частцы яны ў Варшаве. Думаю, магу адзначыць пастаноўку Свабоднага тэатра з Кацярынай Сныцінай у Нью-Ёрку. Адметная з’ява ў плане, што баскетбалістка стала акторкай. Але агулам бачу ў тэатры нейкія складанасці з пастаноўкамі», — адзначае ён.
Настасся Панкратава. Фота: Таццяна Матусевіч
На погляд тэатральнага крытыка Настассі Панкратавай, у гэтым годзе не было выключных спектакляў, якія б захапілі.
«Сёлета, нарэшце, скончыліся пературбацыі, калі людзі, якія займаюцца тэатрам, выязджалі з Беларусі, а потым вярталіся назад, то бок не маглі вызначыцца, што рабіць і дзе заставацца жыць. За апошні год сфарміраваліся менавіта калектывы. З аднаго боку, гэта добра, стала ясна, куды рухацца, а з другога боку, руціна замінае якаснаму развіццю», — кажа Настасся.
Галоўная праблема ў сферы беларускага тэатра — неразуменне, хто мэтавая аўдыторыя, для каго пастаноўкі. Крытык адзначае, што большасць спектакляў у гэтым годзе выглядалі як мэсэджы для замежных палітыкаў, паслоў.
«На жаль, большасць пастановак усё яшчэ пра 2020 год у Беларусі, — расказвае Настасся. —Магчыма, для тых, хто дае гранты на пастаноўкі, такая тэма больш зразумелая. А можа, гэта нейкая інертнасць, тэма знаёмая, ёсць шмат тэкстаў, а для новага трэба шукаць п’есы, якіх на тэму той жа эміграцыі, напрыклад, вельмі мала. Але тут у тым ліку можна працаваць з п’есамі класікаў і спрабаваць убачыць у іх новае.
Ад тэмы 2020 года публіка вельмі стамілася, людзі жывуць далей, ужо прайшло чатыры гады. Я не кажу, што гэтага ўвогуле не павінна быць, справа ў тым, што трэба шукаць новы ракурс.
Яшчэ адна праблема ў тым, што для многіх акцёраў і рэжысёраў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, тэатральная дзейнасць ператвараецца ў хобі, а не ў працу, якая прыносіць прыбытак. Гэта вельмі моцна адбіваецца на якасці спектакляў: яны элементарна не адрэпетаваныя, бываюць тэхнічныя непаладкі. Атрымліваецца, што глядач павінен увесь час уваходзіць у становішча, а такое засмучае».
Унутры Беларусі ў тэатральнай сферы працягваюцца кансервацыя, самазахаванне. Для тых творцаў застаецца важным не страціць напрацаванае.
«Нават для лідараў у тэатральнай сферы вельмі цяжка працаваць у адсутнасці канкурэнцыі. Такое абмяжоўвае пошукі новых творчых рашэнняў. Калі няма з кім канкурыраваць, то навошта нешта прыдумляць новае, калі можна браць старое.
У асноўным ставяць забаўляльныя спектаклі, каб не прыцягваць увагу, бо цяпер, чым менш гэтага робіш у Беларусі, тым больш надзейная твая праца. Ёсць тэндэнцыя ў беларускіх тэатрах рабіць спектаклі паводле рускіх аўтараў, твораў. Заўважаю, што ўвесь час аглядаюцца на Расею, у тым ліку вельмі часта ездзяць туды на фестывалі, робяць сумесныя пастаноўкі».
Крытык адзначае са знакам «плюс» тое, што нягледзячы на раскіданасць беларускага тэатра па шматлікіх краінах, увесь час у гэтай сферы нешта адбываецца, а некаторыя нават спрабуюць інтэграваць яго ў мясцовае асяроддзе.
«Напрыклад, рэжысёр Уладзімір Ушакоў у Фінляндыі стаў працаваць з мясцовымі тэатрамі. Калі беларускія акцёры пачынаюць працаваць з міжнароднымі інстытутамі, гэта адразу дае магчымасць ахапіць вялікую аўдыторыю, укараніцца. Па такім жа прынцыпе працуе „BYтеатр“ Андрэя Новіка ў Польшчы. Яны зразумелі, што гэта не толькі для дыяспары. Напрыклад, робяць сумесныя праекты з украінскімі тэатральнымі дзеячамі. У гэтым будучыня беларускага тэатра», — кажа яна.
Артыст «Вектор». Фота Аліны Мазавец
Артыст «Вектор», стваральнік музычнай платформы «КЛІК» адзначае, што за гэты год беларусы запісалі шмат хітоў у тык-току, якія выйшлі на міжнародную прастору. Напрыклад, Apsent «Можно я с тобой», трэк «Гламур».
«Па-ранейшаму многія беларускія выканаўцы пакараюць Захад, у тым ліку „Молчат дома“, — кажа „Вектор“. — Яны ўжо замацаваліся са сваім альбомам, аб якім напісалі ўсе найбуйнейшыя музычныя выданні і не толькі. Добра развіваецца фонк-музыка, дзясяткі выканаўцаў, якія маюць вялікую аўдыторыю.
Класна, што сёлета спрабавалі сябе, выступалі на Захадзе больш нішавыя артысты, напрыклад, Pаlina, Anastasia Rydlevskaya. На Усходзе таксама беларусы захопліваюць прастору, з’явілася шмат нашых рэпераў — Voskresenskii, Nkeeei, Wipo, AQYLA, Babyface Melo.
Таксама музычная платформа „КЛІК“ у гэтым годзе запусціла медыяплатформу з навінкамі ў беларускай музыцы, якая аўтаматычна абнаўляецца, што робіць трэкі беларускіх выканаўцаў яшчэ больш бачнымі для аўдыторыі і журналістаў».
Выканаўцы ўнутры Беларусі знаходзяцца ў абмежаваных умовах, кажа «Вектор». У Беларусі ім не даюць выступаць, бо ёсць абмежаванні па гастрольных пасведчаннях, цэнзура, а ў Еўропе менавіта з беларускай айдэнтыкай асабліва ніхто не чакае, лічыць ён.
«Беларускія артысты максімум могуць спадзявацца на салідарнасць іншых беларусаў. Адзначу, што Расія зараз усіх сустракае, дае грошы, гастролі. І калі глядзець на новую хвалю выканаўцаў пасля 2022 года, то яны выбіраюць расійскі напрамак.
Выканаўцам у Беларусі патрэбныя базавыя рэчы, як і астатнім беларусам, гэта даступныя візы для ўезду ў Еўропу, паездкі на фестывалі. Трэба арганізаваць магчымасць рэзідэнцый для беларускіх музыкаў, артыстаў. І гэта павінна быць інстытуцыйная падтрымка, а не кропкавая. Чым больш такога будзе, тым больш яны будуць бачыць альтэрнатывы.
Таксама не варта такім платформам як YouTube і Spotyfy абмяжоўваць доступ да іх унутры Беларусі. Відавочна, што з-за такога многія пачнуць карыстацца расійскімі сервісамі, тым самым схіляючы і аўдыторыю імі карыстацца», — падсумоўвае ён.
Для мастачкі Настассі Рыдлеўскай стала сюрпрызам у гэтым годзе, што яе запрасілі прымаць удзел у фестывалі Stereotrip Minsk, які ладзілі французы.
Анастасія Рыдлеўская
«Яны рабілі такі фэст, каб пазнаёміць людзей з апазіцыйным Мінскам. І для мяне сам факт таго, што замежнікам гэта цікава, быў неверагодным. Убачыла таксама зацікаўленасць палякаў у маёй творчасці. Група Art Foundation пазвала мяне зрабіць арт-аб’ект для тэатра Capitol ва Уроцлаве.
Мне вельмі спадабалася прымаць удзел у Belarus Outside system, якія рабілі Papa Bo з BySol, прыемна прайшоў калядны „Варушняк“ і той, які на Купалле рабіўся. Вельмі падабаецца майстэрня Dzivne ў Гданьску Ксюшы Лагавой і Яны Каспяровіч. Яны ладзяць культурніцкі дзвіж, канцэрты. Супрацоўнічала разам з Яўгеніяй Давыдзенка, рэжысёркай, спявачкай, якая ладзіла спектакль „Расстраляныя“, для яго я рабіла дэкарацыі. Дзякуючы гэтаму, я змагла пасля прадаць большасць карцін, якія я зрабіла да спектакля, і дапамагчы фінансава свайму сябру-палітвязню
Было крута назіраць за тым, што рабіла музычная платформа „КЛІК“. Яны знайшлі фінансаванне на здымкі майго кліпа Dance On My One. Хочацца, каб такіх кліпаў у нас атрымлівалася рабіць больш, а не раз на год».
Гэты год быў для Настассі няпростым у фінансавым плане.
«Вельмі складана жыць, калі ты фултайм мастак, і займаешся толькі гэтым, — кажа яна.
— Але ёсць нейкая ўпэўненасць у далейшым шляху, на бліжэйшыя паўгады, бо атрымала гранты на наступныя працы. На будучы год хачу зрабіць свой музычны альбом, некалькі акустычных рэчаў, некалькі кліпаў. Таксама ў планах зрабіць новыя маскі і карціны, атрымала фінансавую падтрымку на матэрыялы. Мару таксама зрабіць аўдыявізуальныя перформансы. Хочацца, каб 2025 быў буйны ў творчасці».
Агата Мурашка, Budzma. org