Беларусы Ірына Паўловіч і Антось Сівых пераехалі ў польскі горад Лодзь. Маладыя людзі знялі фільм «Праз рэйкі» пра студэнтаў, якія зведалі такую ж дарогу з Беларусі ў Польшчу. У бліжэйшыя дні адбудзецца некалькі паказаў стужкі.
Аўтары апісваюць фільм наступным чынам: «Студэнцтва, транспарт, бясконцы рух, і ўвогуле „можна было б зняць анімэ“. Узгадайце апошнія паўтара гады, пра што яны для вас? Падаецца, за гэты час свет перакульваўся і спрабаваў стаць на месца бясконцую колькасць разоў.
«Праз рэйкі» — дакументалка кантрастаў і настрою. Калейдаскоп, які дынамічна дакументуе важны перыяд для Беларусі, Лодзі і для шасці асобаў, якія распавядаюць свае гісторыі.
Студэнцтва — у любы час рухавік, а постіндустрыяльная і крыху постапакаліптычная Лодзь — ідэальная для стварэння новага. Ці не гэта прыцягвае замежных студэнтаў? А калі не гэта, то што? Запрашаем пазнаёміцца з досведамі беларускіх студэнтаў, іх шляхамі ў Лодзь і бачаннямі горада.
Рэйкі — адначасова супрацьлегласці і паралелі, яны ўбягаюць у новае, не заўжды простае і не заўжды вядомае. Колькі ў Лодзі беларускага? А ў Беларусі лодзкага? Гэтыя рэйкі часам палохаюць, часам выклікаюць захапленне, часам перашкаджаюць, а часам робяцца нябачнай апорай».
Фільм зняты ўлетку 2021 г. Першы публічны паказ, перадпрэм’ера, адбыўся 15 кастрычніка ў Лодзі.
Ірына і Антось распавялі budzma.org пра сябе і свой творчы праект.
Як ствараўся фільм
— Мы хацелі паказаць студэнцкае жыццё, студэнцкія праблемы, і горад. Каб разумець кантэкст: Лодзь цяпер стварае наноў сваю ідэнтычнасць, гэта месца, якое перажыло некалькі разоў свае апакаліпсісы і можа быць яшчэ перажыве не раз. Ёсць такія ярлыкі, што Лодзь — горад студэнтаў, ці Лодзь — горад кіно, горад муралаў... Гэта ўсё — спробы стварэння новага ў постіндустрыяльным кантэксце. Спроба стаць чымсьці патрэбным і зразумелым для сучаснасці. У Лодзі ёсць свая міфалогія, якая бачная ў муралах, у надпісах на сценах, у графіці, у тым, як людзі размаўляюць, на якія тэмы спрачаюцца.
У гэтым кантэксце ў нас нарадзілася ідэя прагуляцца з маладымі беларусамі па Лодзі, размаўляючы пра іх і пра горад. У нас шэсць герояў і Лодзь таксама ў пэўным сэнсе персанаж фільма. Цяжка было ўтрымацца, каб не зрабіць фільм выключна пра яе. Героі — студэнты альбо вечныя студэнты, а таксама віцэ-мэр Лодзі, які расказвае пра свой горад, узгадвае студэнцкае жыццё.
Мы вызначылі, што нам істотна было паказаць пра Лодзь і пра Беларусь, склалі спіс пытанняў, Іра іх задавала героям, а Антось здымаў размовы на камеру. Ніводзін з персанажаў не ведаў пытанняў загадзя. Проста мы дамаўляліся сустрэцца, казалі, колькі прыкладна часу зойме размова, і што гатовыя не выкарыстоўваць кавалкі запісаў, якія герой не пажадае апублічваць. Мы стварылі папярэднюю канцэпцыю, а сцэнар ужо фактычна стваралі героі падчас размоў.
Працэс здымак праходзіў вельмі натуральна. Нават моманты, якія выглядаюць крыху падрыхтаванымі — на самай справе спантанныя. Звычайна мы вадзілі герояў па іх любімых месцах у Лодзі, а таксама па мясцінах, якія падабаюцца нам самім. Гэта не зусім цэнтр, але і не зусім ускрайкі. Хаця ўскрайкі ў фільме таксама ёсць.
Студэнтаў пыталі не толькі пра вучобу, таксама пра жыццё, планы. Нам было важна даведацца, як асоба трапіла ў Лодзь (выпадкова ці не, што ведала пра горад), першыя ўражанні ад Лодзі. Часам некалькі людзей распавядалі падобныя рэчы, і ўтвараліся такія падсюжэты.
Да самай перадпрэм’еры 15 кастрычніка ў нас не было назвы фільма. Прыдумалі яе толькі, калі ўжо трэба было друкаваць анонс. Рэйкі — гэта і пра хуткасць, і пра рух. Яны дапамагаюць перасоўвацца з месца да месца. І ў той жа час не гарантуюць, у якую кропку ты прыедзеш: можаш апынуцца і на сваім прыпынку, і не на сваім, і праехаць, і не даехаць, і невядома наколькі далёка. І гэта ўсё — пра наш фільм, пра гісторыі нашых герояў і пра нашу гісторыю ў нейкім сэнсе.
Пра што фільм
— Гэты фільм адрасаваны людзям, якія шукаюць сябе. Неістотна, маладыя яны альбо старыя. Гэта людзі, якія знаходзяцца ў часе і прасторы, якая дазваляе ім хоць крышачку задумацца: а для чаго яны там? Мы б хацелі, каб гэты фільм даваў натхненне, матывацыю ствараць, каб ён рабіўся штуршком жыць жыццё нягледзячы на рэвалюцыі, праблемы, хваробы. Каб чалавек пасля прагляду задумаўся.
Героі фільма — студэнты, якія перажываюць пагранічны этап у сваім жыцці. Яны беларусы, і Беларусь таксама перажывае пагранічны этап. І Лодзь знаходзіцца на такім жа этапе. Наш фільм — пра гэты важны момант, пра памежнасць. Сама назва, «Праз рэйкі» — яна таксама пра гэта. Праз увесь фільм праходзіць тэма перамяшчэння, дарогі. Кожны герой прыязджае ў Лодзь сваім відам транспарту, перамяшчаецца па ёй таксама па-свойму: на трамваі, аўтобусе, самакаце, веларыкшы... Падчас здымак мы пабылі на незлічонай колькасці лодзкіх вакзалаў. Іх у Лодзі вельмі шмат, яны па ўсім перыметры горада і вельмі розныя.
Фільм шмат чаго дакументуе: ён закранае важны, зменны час для Беларусі і важны час для Лодзі. Гэты час — памежны.
І ў гэтым часе мы запісалі больш за 10 гадзін матэрыялу, інтэрв’ю з людзьмі, якія прадстаўляюць сацыяльную групу адукаванай моладзі. Фільм мае нават этнаграфічнае значэнне, што можа быць істотным пазней. У гэтым сэнсе фільм важны і для беларускай супольнасці, і для лодзкай, не толькі беларускай, міжнароднай.
Героі фільма размаўляюць па-беларуску, па-руску і па-польску. Для большай часткі стужкі зроблены польскія субтытры, а для прамоў па-польску — беларускія. Таксама будуць англійскія субтытры і рускія.
Фільм не толькі пра студэнцтва, не толькі пра Лодзь і Беларусь. Ён закранае ўніверсальныя пытанні, якія цікавяць і людзей, незнаёмых з беларускім ці лодзкім кантэкстам. І яны могуць зразумець гісторыі герояў стужкі.
Мы глядзім на наш фільм як на працяг акадэміцкай і крышачку бунтарскай традыцыі вольных людзей, вольных творцаў і вольных студэнтаў. Часта ў гісторыі гэтыя паняцці зліваліся ў адной кропцы. Можна ўзгадаць антычных студэнтаў, якія вучыліся ў філосафаў, сярэднявечных вагантаў, якія спявалі свае бунтарскія песні, але адначасова цанілі веды і адукацыю як вельмі вялікую каштоўнасць, філаматаў і філарэтаў. Студэнцкая рэвалюцыя ў маі 1968 года проста ўскалыхнула свет, сапраўды змяніла погляд на студэнтаў, іх сілу. У беларускай рэвалюцыі таксама праявілася стыхійная сіла новых пакаленняў, якія гатовыя рабіць, ствараць. Наш фільм — гэта спроба далучыцца да гэтай творчай інтэлектуальнай традыцыі і дадаць да яе яшчэ больш.
Пра асабістае
— Праз той матэрыял, які мы знялі, можна распавесці тысячу розных гісторый. Але тыя, што мы выбралі, расказваюць і пра нас. Тое, як мы сабралі гэты фільм, які атрымаўся мантаж — на 100 адсоткаў сведчыць пра тое, як мы бачым Лодзь, як размаўляем аб ёй між сабой.
Іра нарадзілася ў Мінску, але лічыць, што толькі пераехаўшы ў Лодзь у 2018 годзе апынулася ў кропцы, дзе знайшла сябе. Называе сябе прадзюсаркай па пакліканні і па факце. Вучылася па накірунку менеджменту. Акрамя відэапрадукцыі прадзюсіруе імпрэзы, кансультуе па запуску і развіццю праектаў. Прыехаўшы ў Лодзь, яна не ведала пра горад нічога. Адмыслова вырашыла нічога не чытаць, папросту ехаць. Людзі, якія не маюць такога досведу, — узяць і пераехаць кудысьці ў невядомасць надоўга — могуць трошку яго адчуць, паглядзеўшы фільм «Праз рэйкі».
Антось — рэжысёр і кінематаграфіст, вучыўся ўсяму сам, замацаваў веды на кірунку «Медыя і камунікацыі» Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Жыў у Вільні, з 2019 года — у Лодзі, куды трапіў па студэнцкім абмене. На момант пераезду ведаў пра горад вельмі шмат, але некалькі першых месяцаў пасля пераезду амаль увесь час адкрываў нешта новае і здзіўляўся.
Мы працуем у межах брэнду «Lodka Production». Нас часта прымаюць за вучняў кінашколы, бо яна ў Лодзі вельмі вядомая. У гэтай кінашколе вучыліся Кшыштаф Занусі, Раман Паланскі, Кшыштаф Кісьлёўскі. Гэта і ў фільме «Праз рэйкі» адчуваецца. Мы не пыталі адмыслова пра кіно, але адзін герой стаіць на пустыры ў Лодзі і разважае пра «Сталкера» Андрэя Таркоўскага, а яшчэ гераіня кажа, што Лодзь вельмі падабаецца Дэвіду Лінчу і яна разумее чаму.
«Lodka Production» ужо два гады займаецца праектамі на мяжы відэа і менеджменту, кіно і tiktok. Робім і камерцыйнае відэа, і дакументальнае кіно. Заўсёды імкнемся паказаць унікальнасць таго, пра што здымаем. У маленькім відэа можна расказаць вялікую гісторыю. Плюс мы не хаваем, што мы тут чужыя, што замежнікі, не з кінашколы, не з Лодзі. І аказваецца, што менавіта гэтага шукаюць нашы кліенты — погляду збоку, навізны, аўтарскасці. Для нас «Lodka Production» — гэта і творчасць, і бізнэс.
Планы
— Мы хочам, каб фільм жыў і людзі яго бачылі. Плануем яго падаваць на фестывалі, але разумеем, што гэта не класічны фестывальны фільм. Мы хочам, каб ён выйшаў за межы маленькай супольнасці людзей, якія ходзяць на кінафестывалі.
Беларуская прэм’ера фільма «Праз рэйкі» пройдзе 17 снежня ў Мінску. 18 снежня адбудзецца паказ у Лодзі на пляцоўцы Wytwórnia kina.
Алена Ляшкевіч, budzma.org