Адкрыццё Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы AD.NAK! прайшло ў канферэнц-зале Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Ранейшая пляцоўка ў галерэі “Ў” падалася арганізатарам замалой, каб рэалізаваць напоўніцу свае ідэі. Фармат сёлетняга фестывалю пашыраецца — разам са звычайнай рэкламай і піярам увага будзе аддадзеная і культурным праектам, якія прасоўваліся да аўдыторыі маркетынгавымі шляхамі. Таму і назва яго дапоўненая: цяпер AD.NAK! — фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі. І заявы на ўдзел у ім могуць падаваць таксама арганізатары фотапленэраў, выставаў, фестываляў, канцэртаў, выдаўцы кіна-, відэа-, аўдыёпрадукцыі.
Андрэй Эзерын і Віктар Малішэўскі
Вядоўца цырымоніі адкрыцця AD.NAK! Валянцін Серада пачаў сваю прамову са схаванай рэкламы: “Гэта самы тэхналагічны фестываль, таму я выйшаў да вас не з чырвонай тэчкай, а з планшэтам Samsung”, — радасна заявіў ён і назваў кампанію “Будзьма беларусамі!” і рэсурс Marketing.by сапраўднымі аптымістамі, якія наважыліся на правядзенне такога мерапрыемства ў краіне, дзе рэкламы не так шмат, не кажучы ўжо пра беларускамоўную. Каардынатар кампаніі Алена Макоўская на тое заўважыла: “Рэкламісты — народ кансерватыўны, таму іх варта пераканаць, што будучыня менавіта за рэкламай на нашай мове”, — і паўтарыла “мантру” першага фэсту, сфармуляваную па выніках сацыялагічнага апытання: 70 %беларусаў хацелі б ведаць пра сваю краіну больш, а 35 % лічаць, што не стае рэкламы па-беларуску. З таго і варта зыходзіць усім зацікаўленым бакам. Таму да назвы AD.NAK у якасці сімвалаў дадалі яшчэ шэсць клічнікаў, каб падкрэсліць, што рэклама па-беларуску можа быць больш дзейснай і дазволіць вылучыцца сярод астатніх.
Міхал Анемпадыстаў
Алена Макоўская, Андрэй Эзерын, Ніна Шыдлоўская
На цырымоніі адкрыцця згадалі тых, хто ўжо праявіў сябе ў гэтай сферы, — каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская прадставіла буклет з пералікам працаў пераможцаў Першага фестывалю, падрыхтаваны рэкламнай групай “Aдліга”, які сам па сабе можна лічыць творам мастацтва. Самі працы прысутныя маглі яшчэ раз ацаніць на відэа і ўпэўніцца ў тым, што беларускамоўная рэклама можа быць яскравай, смешнай, цікавай, забаўнай, сур’ёзнай, лагоднай, агрэсіўнай, нейтральнай, правакацыйнай. Для тых, хто так не лічыць, на Другім фестывалі AD.NAK! таксама будзе свая намінацыя — “Каша сувораўская”. Гэтую антыпрэмію дадуць таму, хто абыякава ставіцца на сваіх каранёў. Астатнія ж намінацыі — выключна для тых, хто верыць, што будучыня за нацыянальна арыентаваным прадуктам.
Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Алена Макоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Сяргей Скараход, marketing.by
Працы ўдзельнікаў фестывалю прымаюцца да 6 чэрвеня 2011 года. Усе падрабязнасці — на сайце http://adnak.by/
на першым фота – Сяргей Скараход