8-12 ліпеня адбудзецца сёмы рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Пятровіца”. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у в. Шыпілавічы, на радзіме вядомага этнографа, пісьменніка, тэатральнага крытыка пп. ХIXст. Паўла Шпілеўскага.
“Пятровіца” – шматдзённы фэст, падчас якога ўдзельнікі маюць магчымасць засвоіць асновы народных танцаў і песень, пазнаёміцца з рознымі відамі рамёстваў, якія захаваліся на тэрыторыі сучаснага Любанскага раёна.
Майстар-класы па танцах праводзіць этнахарэограф, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” Сяргей Выскварка. Ён дзеліцца сваімі ведамі Любанскай танцавальнай манеры, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур’ёзанай даследчыцкай працы.
З 2015 года важным складнікам Пятровіцы сталі спеўныя заняткі. Музыкалаг, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта “Варган”, спн. Вольга Емяльянчык дапамагае зразумець і адчуць хараство народных песень. Апроч традыцыйных пятроўскіх песень, у гэтым годзе ўдзельнікі развучаць некалькі адмысловых “ягадных” і прыпеўкі да танцаў.
Сёлета ўдзельнікі паспрабуюць на 5 дзён стаць вясковымі жыхарамі: уставаць разам з сонцам, “упраўляцца” да сняданку, адпачываць апоўдні і танцаваць пакуль ёсць моц увечары… Спадзяемся, такі лад жыцця дапаможа яшчэ мацней паглыбіцца ў традыцыйную культуру.
Падчас вандровак жыхары Любаншчыны пачастуюць гасцей традыцыйнымі мясцовымі стравамі, навучаць выразаць рушнікі, танцаваць Кузьміцкія танцы, збіраць лекавыя зёлкі. Ірына Жудрык падзеліццца сакрэтамі выпякання хатняга хлеба ў печы, якія вывучыла яшчэ ад сваёй маці і бабулі.
Кожная з трох вандровак закончыцца тэматычнай танцавальнай вечарынкай: у стылі паваеннага мястэчка, у стылі вёскі 50-х гадоў і ў стылі даваеннай вёскі. Як сведчаць удзельнікі мінулага фэсту, танцы ў святле кірасінавай лямпы маюць сваю магію.
Завершыцца фэст удзелам у свяце Пятрок, якое цесна звязана з традыцыяй беларускіх гасцявых кірмашоў, таму малебен і канцэрт пакрысе пяройдуць у “кірмашаванне” (наведванне знаёмых у вёсцы) і завершыцца карагодамі па вёсцы, пятроўскім абрадам, кумленнем праз вогнішча, спевамі ды танцамі.
Мы спадзяемся, што людзі самага рознага ўзросту і сфер інтарэсаў змогуць адкрыць, пабачыць і пачуць шмат цікавага і невядомага ім раней, а таксама што ім перадасца тая любоў і павага, з якой мы ставімся да традыцыйнай культуры.
Болей інфармацыі на сайце фэсту: piatrovica.ethno.by
І ў сацыяльных сетках: