Фестываль “Залессе запрашае сяброў” адбудзецца ў сядзібе Агінскага ў Смаргонскім раёне 1 жніўня, паведамілі карэспандэнту БелТА ў дырэкцыі музея-сядзібы.
У гэтым годзе фестываль-кірмаш прысвечаны 325-годдзю заснавання Залесся. У суботу кірмашовыя мерапрыемствы разгорнуцца па ўсім аграгарадку. На цэнтральнай пляцоўцы побач з сядзібай адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю-кірмашу, на якім выступяць ганаровыя госці мерапрыемства. Тут пачнецца святочны канцэрт творчых калектываў.
Стадыён Залескай сярэдняй школы ператворыцца ў пляцоўку для дзіцячых забаў. Сюды прывязуць атракцыёны, пройдуць спартыўныя спаборніцтвы, гульнявыя праграмы ад аніматараў. У былым французскім парку побач з сядзібай Агінскага можна будзе прагуляцца па старадаўніх месцах. Здзейсніць падарожжа ў мінулае дапамогуць тэматычныя імправізаваныя пляцоўкі “Станцыя Залессе”, “Залеская карчма”, “Лекары Залесся”, “Залескія чытання” і іншыя. Разгорнецца выстава-кірмаш вырабаў майстроў народнай творчасці.
На працягу ўсяго дня музейныя работнікі будуць праводзіць тэатралізаваныя групавыя экскурсіі па сядзібе.
Свята “Залессе запрашае сяброў” стала ўжо традыцыйным. Кожны год яно запрашае гасцей акунуцца ў атмасферу таго слаўнага перыяду, калі сядзіба Агінскага была культурным цэнтрам, які называлі “Паўночнымі Афінамі”. Сюды прыязджалі музыканты і кампазітары, паэты і мастакі і дарылі сваё майстэрства ўсім прысутным. Жыхары Залесся беражліва захоўваюць, развіваюць даўнія традыцыі народных промыслаў і па-асабліваму ставяцца да творчых людзей. Мясцовыя жыхаркі ткуць, вышываюць, робяць сыры, вырошчваюць кветкі. У сядзібу любяць прыязджаць мастакі, паэты і музыканты з розных рэгіёнаў.
У сядзібе Залессе вядомы грамадскі дзеяч, дыпламат і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі жыў каля 20 гадоў (з 1802 па 1822). Тут ён і стварыў свой самы вядомы твор – паланэз “Развітанне з Радзімай”.
Алена Стасюкевіч, БелТА