Шырокай публіцы яе імя не надта вядомае, але ў свеце навукі гэтая постаць знакавая: беларуская, літоўская, польская і расійская жанчына-геолаг. Са значным удакладненнем: першая. За гэтым кароткім вызначэннем — гады палявых даследаванняў, стварэнне школы жанчын-геолагаў, навуковыя артыкулы і геалагічныя мапы, якія растлумачылі ледніковы рэльеф Беларусі. «Салiдарнасць» распавядае пра Ганну Місуну.
У геолагі — са шляхты
Першая беларуска-геолаг нарадзілася ў лістападзе 1868-га ў Лепельскім павеце (цяпер Полацкі раён) Віцебскай губерні, у збяднелай шляхецкай сям’і Баляслава-Казіміра і Марыі-Аны Місунаў. Паводле некаторых крыніцаў, бацька ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года, і дачка пераняла ад яго непрыязнасць да царскага рэжыму і жаданне незалежнасці Польшчы.
Сярэднюю адукацыю дзяўчынка атрымала ў прыватнай польскай гімназіі ў Рызе, дзе акрамя агульных прадметаў вывучыла расійскую, польскую, латышскую і нямецкую мовы. Тамсама і засталася працаваць настаўніцай польскай мовы і арыфметыкі.
Праз некалькі гадоў, пасля смерці бацькі, маладая настаўніца вымушана была вярнуцца дадому, каб дапамагчы маці гадаваць малодшых братоў. Зрэшты, тры гады, праведзеныя на малой радзіме, не мінулі марна.
Паралельна з хатняй працай Ганна займалася самаадукацыяй па выпісаных падручніках, збірала гербарыі і калекцыі насякомых (пазней падаравала калекцыі навуковым таварыствам Варшавы і Масквы). Вяла дзённік назіранняў за раслінамі, уступіла ў перапіску з гуртком прыродазнаўцаў у Варшаве і нават апублікавала першыя навукова-папулярныя артыкулы.
Каб працягнуць адукацыю, Ганна, якая дамаглася атрымання невялікай прыватнай стыпендыі, скіравалася ў Маскву. Але шляхі жанчынам у расійскія ўніверсітэты былі у той час закрытыя. А, па сутнасці, адзіная альтэрнатыва — Вышэйшыя жаночыя курсы прафесара Гер’е — закрыліся па распараджэнні міністра народнай асветы.
Ганна Місуна ўсё ж паступіла вучыцца — у Першую Маскоўскую школу па лекаванні зубоў. Даведаўшыся аб існаванні жаночых курсаў «Калектыўныя ўрокі», арганізаваных маскоўскім таварыствам выхавацелек і настаўніц, прыйшла і туды. Праз год яе стыпендыя скончылася, і маладая жанчына вымушана была зарабляць прыватнымі ўрокамі і перакладамі.
Часу на ўсё катастрафічна бракавала, і Ганна, падумаўшы, зрабіла выбар на карысць «Калектыўных урокаў» — акурат тут выкладалі цікавыя ёй прыродазнаўчыя навукі.
Акадэмік Вярнадскі са слухачкамі Вышэйшых жаночых курсаў, 1903 год
Да таго ж лекцыі там бязвыплатна чыталі светачы, прафесары імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта: геолаг Аляксей Паўлаў, гідрагеолаг Уладзімір Сакалоў, заолаг Міхаіл Мензбір, прыродазнаўца Уладзімір Вярнадскі.
У апошняга Ганна стала займацца мінералогіяй і напісала тэматычную навуковую працу, дзякуючы якой яе заўважылі і, так бы мовіць, «прынялі ў навуку» — у 1898 годзе абралі паўнавартасным чальцом Маскоўскага таварыства прыродазнаўцаў.
Падазроная жанчына, амаль кітайскі шпіён
Скончыўшы курсы, Ганна засталася працаваць там асістэнтам, дапамагаючы прафесарам весці заняткі і праводзячы геалагічныя экскурсіі. Але кабінетным навукоўцам не стала.
Па прапанове настаўнікаў яна пачала вывучаць канчатковыя марэны (дугападобныя насыпы абломкаў на ўчастках максімальнага распаўсюджвання ледавііка — С.) на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Першыя экспедыцыі пасля практычнай стажыроўкі ў Берліне правяла на ўласныя сродкі, потым яе падтрымала невялікімі субсідыямі Санкт-Пецярбургскае мінералагічнае таварыства. Напрыклад, як вынікае з пратаколаў пасяджэнняў таварыства, у 1900-1901 гадах для правядзення даследаванняў выдзялялася па 100 рублёў.
Вучоная правяла палявыя даследаванні ў межах Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў — у басейнах Віліі, Дзвіны, Нёмана, Моўчадзі. Жанчыну-геолага ўспрымалі, мякка кажучы, са здзіўленнем: «свае даследаванні яна рабіла адна, пешшу або ў возе з дапамогай выпадковага рабочага».
Прыродазнаўчае аддзяленне Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў у 1911 годзе. Ганна Місуна — другая злева
Не валодаючы ад прыроды ні выбітнымі фізічнымі дадзенымі, ні моцным здароўем, яна брала мэтанакіраванасцю і глыбокай, бескарыслівай адданасцю навуцы. І вытрымлівала ночы без сну, спускі па цяжкапраходных берагах рэк, шматгадзінныя пешыя пераходы, а часам і сплавы — па Нёмане неяк прайшла на чоўне ад Мастоў да Гродна, затым ад Гродна да Друскенікаў.
На здзіўленне калег-мужчын, пра тое як далікатная жанчына не пасуе перад цяжкасцямі, адказвала любімай прыказкай: «Баязлівец памірае ўвесь час, смелы — адзін раз».
Ганну не раз затрымлівала павятовая паліцыя да высвятлення асобы: што за падазроная асоба з малатком і заплечнікам блукае ў палях? У перыяд расійска-японскай вайны яе аднойчы арыштавалі як пераапранутага кітайскага шпіёна.
А вясну 1913 года Місуна, да якой улады мелі прэтэнзіі за раздачу агітацыйнай літаратуры супраць царызму, увогуле сустрэла ў адзіночнай камеры Бутырскай турмы, але і там у чаканні суда не спыніла навуковай працы.
Вынікі вывучэння ледніковых адкладаў апублікавалі не толькі айчынныя, але і замежныя навуковыя выданні, асабліва адзначаючы методыку і вялікі аб’ём фактычнага матэрыялу: выяўленыя ўчасткі ледавіковага рэльефу яна падрабязна апісвала, замалёўвала, суправаджала здымкамі разрэзаў ледніковых адкладаў і склала першыя іх мапы.
Да гэтага часу працы Ганны Місуны на гэтую тэму лічацца асновай для разумення геалагічнага развіцця нашай планеты ў ледавіковы перыяд, а на яе даследаванні ледавіковага рэльефу Беларусі, Літвы і Польшчы абапіраюцца сучасныя навукоўцы.
«Той, хто не рухаецца наперад, рухаецца назад»
Даказаўшы, што Беларусь — вобласць эталоннага развіцця ледавіковых адкладаў, Ганна з не меншай цікавасцю пераключылася на новую тэму і даследаванні ў Крыме. Вывучала ў Судаку каралавыя вапнякі юрскага перыяду, апісаўшы ў выніковым навуковым артыкуле 42 іх гатункі, прытым 13 новых, упершыню даследаваных.
Адзін з новых відаў юрскіх каралаў, адкрыты Ганнай Місунай
Таксама вядомы выпадак, калі ўсяго па адным фрагменце сківіцы храстковай рыбы, знойдзеным ў каменнавугальных адкладах у наваколлях Каломны, навукоўца адкрыла новы від гэтых рыб.
Амплітуда навуковых інтарэсаў і геаграфія Ганны Місуны былі надзвычай шырокая. Яна вывучала магматычныя пароды Крыма каля Феадосіі і Блакітнага заліва, праводзіла гідрагеалагічныя пошукі ў Цвярской губерні, працавала ў экспедыцыях на пошуках жалезных руд і каменнага вугалю ў Тульскай губерні.
Таксама працягнула даследаваць канчатковыя марэны ў Сувалкаўскай губерні, адкуль стрымана пісала свайму настаўніку, што «ў Царстве Польскім напіваюцца не менш, чым у Расіі, але паводзяць сябе пры гэтым больш прыстойна».
Фрагмент з перапіскі Ганны са сваім настаўнікам, акадэмікам Вярнадскім
Не пакідала яна і вывучэнне беларускіх земляў: у 1916 годзе склала мапу-даведнік будаўнічых матэрыялаў, радовішчы якіх знайшла каля Ліды, Мінска, Навагрудка, Слоніма і Слуцка. У тым жа годзе, дарэчы, Ганна Місуна і яе калега Марыя Паўлава, увайшлі ў Расійскую палеанталагічную супольнасць — дзве жанчыны-навукоўцы сярод 50 заснавальнікаў.
Ганна Баляславаўна рэалізавалася як педагог. Сваёй сям’і ў яе не было, але яна шмат душы ўклала ў выхаванне дваіх малодшых братоў і пляменніцы Марысі, а з сем’ямі сваіх настаўнікаў доўгія гады падтрымлівала цёплыя, сяброўскія адносіны.
На ізноў адчыненых Вышэйшых жаночых курсах яна чытала гістарычную геалогію, вазіла вучаніц з экскурсіямі ў Падмаскоўе, Крым, на Волгу і Ўрал. Дзякуючы ёй, што здолела сваім энтузіязмам прыцягнуць прыватных мецэнатаў, у геалагічным кабінеце ВЖК замест адной шафы з кнігамі і вітрыны з закамянеласцямі з’явілася бібліятэка з падручнікамі, навуковыя калекцыі, мікраскопы, фотаапараты. А колькасць жанчын-навукоўцаў у расійскай і савецкай навуцы пачатку ХХ стагоддзя пайшла ўжо не на адзінкі, а на дзясяткі.
Апроч даследаванняў, удзелу ў міжнародных канферэнцыях і арганізатарскай працы, яна цікавілася жывапісам і літаратурай, свабодна чытала на некалькіх мовах. І разам з тым не цуралася зусім прыземленай працы: так, у бацькавым маёнтку ў адзіны свой прыезд уласнаруч пасадзіла каля 100 дрэваў.
Прыват-дацэнт геалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, член Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды, Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, Усерасійскага мінералагічнага таварыства, Рускага палеанталагічнага таварыства і Таварыства імя Каперніка ў Львове — гэта ўсё пра яе.
Ганна Місуна апублікавала 17 навуковых прац па геалагічнай будове Беларусі, Расіі, Літвы і Польшчы, шэраг яе даследаванняў прысвечаны палеанталогіі Крыма. Практычна да канца жыцця, колькі дазваляла здароўе, яна выкладала ў Маскоўскім універсітэце, але ў новай паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці для яе навукі знайшлося занадта мала месца.
У апошнім лісце брату Эдварду пісала: «Катуе мяне страшна немагчымасць весці навуковую працу. А той, хто не рухаецца наперад, рухаецца назад. Жыццё губляе свой сэнс і значэнне...»
Не стала Ганны Баляславаўны ў 1922 годзе. Магіла яе — на Новадзявочых могілках у Маскве, упрыгожаная сціплым помнікам. А ў Беларусі яе імя маюць вуліцы ў Полацку і пасёлку Ветрына.
У 2003 годзе ў Ветрына і на месцы былой сядзібы «Свіла» ў Забалацці ўсталявалі помнікі ў гонар навукоўцы — шматтонныя валуны з мемарыяльнымі шыльдамі.