Пра свой шлях у перакладзе, як праца ў інтэрнэт-часопісе «ПрайдзіСвет» і ўдзел у Перакладчыцкай майстэрні паўплывалі на яе прафесійнае развіццё распавядае ў інтэрв’ю для penbelarus.org Ганна Янкута. Яна дзеліцца думкамі пра ролю перакладу ў захаванні і развіцці беларускай літаратурнай традыцыі і пра моцныя бакі ціхай працы перакладчыка.
Фота Барташа Банькі для Інстытута гарадской культуры
Люблю літаратуру як цэльную з’яву
Выбар філфака — гэта ўжо сфармаванае ў юнацтве жаданне стаць пісьменніцай? Настаўніцай сябе не бачылі?
Філфак у маім жыцці з’явіўся досыць выпадкова. У дзіцячыя і падлеткавыя гады я не надта разумела, кім хачу зрабіцца, мне проста падабалася вучыцца. І больш за ўсё любіла матэматыку і прыродазнаўчыя навукі, якраз замежная мова (англійская) мне не давалася.
Але так атрымалася, што я ў дзявятым класе выйграла школьную алімпіяду па беларускай мове, потым трапіла на раённую, абласную, рэспубліканскую. У выніку ўдзельнічала ў гэтай алімпіядзе тры апошнія школьныя гады, займала там высокія месцы і магла паступіць на філалагічны факультэт без экзаменаў.
Я доўга думала, ці хачу менавіта на філалагічны. Але паколькі асаблівых ідэй на той момант у мяне не было (матэматыка, біялогія, фізіка і хімія пасля трох гадоў падрыхтоўкі да моўнай алімпіяды адышлі на задні план), а да таго ж, я з пакалення сярэдзіны 1980-х, калі дзяцей было шмат і конкурс на паступленне быў высокі (ці не шэсць чалавек на адно месца на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры), вырашыла, што лепш верабей у руцэ, чым жораў пад небам, і пайшла без экзаменаў на філалагічны факультэт. Але настаўніцай сябе ніколі не бачыла, мяне хутчэй цікавіла літаратуразнаўства як навука.
Любові да якой літаратуры, эпохі, стылю паспрыяла ўніверсітэцкае навучанне?
Да літаратуры ўвогуле. Калі ў мяне пытаюць, якога аўтара ці які твор я люблю найбольш, адказаць я не магу. Я люблю літаратуру як цэльную з’яву, тое, як эпохі і стылі перацякаюць адно ў адно, як сітуацыя ў свеце ўплывае на пісьменніцкі стыль, на жанравую сістэму, на мастацкія метады. Мне цікава, як пісьменніцы і пісьменнікі вынаходзяць новыя шляхі расказаць пра тое, што адбываецца вакол. Ва ўніверсітэце я хацела зразумець, чаму аўтары пішуць так, як пішуць, чаму, напрыклад, у канцы дзевятнаццатага стагоддзя мог быць створаны «Тарас на Парнасе», а ў першай траціне дваццатага — «Тутэйшыя», а не наадварот. І здаецца, урэшце ў мяне гэта атрымліваецца.
Пераклад дапамог паверыць ва ўласныя сілы
Адкуль і чаму з’явілася захапленне перакладамі? Абралі іх як прыступку да самастойнага пісьменніцтва?
Першыя больш-менш сур’ёзныя спробы перакладаць я зрабіла на пятым курсе ўніверсітэта, пра пісанне ўласных твораў тады не думала. Мне быў цікавы менавіта працэс перакладу, ператварэння тэксту на адной мове ў тэкст на другой. Мяне гэта зачароўвала, асабліва ў выпадку з паэзіяй. Дагэтуль здаецца, што гэта нейкі цуд.
Але пераклад у выніку сапраўды зрабіўся для мяне прыступкай да пісання ўласных тэкстаў. Бо пераклад — гэта самае ўважлівае чытанне, якое толькі можна ўявіць: калі перакладаеш твор, вывучаеш яго да драбніц. І ўжо разумееш, як пісьменнік ці пісьменніца канструююць сваіх персанажаў, як ідзе сюжэт, як выбудаваныя дыялогі. Для мяне гэта была школа пісьма.
І яшчэ пераклад дапамог паверыць ва ўласныя сілы — бо калі ў цябе выходзяць перакладныя кнігі, выданне ўласнай ужо не здаецца нечым з вобласці фантастыкі.
Як вы прыйшлі ў Перакладчыцкую майстэрню і што яна дала? З кім пазнаёміла?
Ужо і не помню, дзе я пачула пра існаванне Перакладчыцкай майстэрні, якую вёў Андрэй Хадановіч, але, здаецца, пачала наведваць яе года з 2008-га ці 2009-га. І была яе ўдзельніцай наступныя дзесяць гадоў, фактычна, да таго часу, як заняткі (спадзяюся, часова) перапыніліся. Для мяне гэта была надзвычай важная супольнасць, дзе я пазнаёмілася са многімі цяперашнімі калегамі і сябрамі, праз майстэрню я «ўвайшла ў літаратуру». І менавіта на майстэрні пазнаёмілася з камандай часопіса «ПрайдзіСвет», якая тады яшчэ толькі рыхтавалася выпусціць першы нумар, і зрабілася яе часткай.
Ганна Янкута (справа) на занятках Перакладчыцкай майстэрні, 2019 год
Праз майстэрню праходзілі многія пераклады, якія пасля публікаваліся ў розных часопісах і выдавецтвах. Мне здаецца, майстэрня сфармавала нешта накшталт школы беларускага перакладу і многіх з нашага асяроддзя навучыла пазбягаць тыповых памылак. Роля самога Андрэя Хадановіча ў гэтым — вялізная, мне здаецца, ён выпрацаваў падыходы да перакладу (асабліва гэта тычыцца паэзіі), якія перанялі многія ўдзельнікі майстэрні. І нават калі потым ад іх адышлі, майстэрня ўсё адно была пляцоўка для старту, месцам, дзе ты атрымліваеш базавыя веды пра пераклад і вучышся глядзець на тэкст з такой прафесійнай оптыкай.
Можна колькі прыкладаў з тэхналогіі ўласнай перакладчыцкай практыкі? Напрыклад, як працаваць са слоўнікамі і Гуглам?
Інтэрнэт-пошукавік — неацэнны сябар перакладчыка, бо калі нешта ў тэксце не разумееш, у інтэрнэце можна і знайсці тлумачэнне слова, і праверыць яго ўжыванне ў розных кантэкстах, і нават адшукаць ілюстрацыю. Так, калі я перакладала раман Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць», мне даводзілася шукаць шмат усяго пра эпоху пісьменніцы, каб зразумець, пра што вядзецца ў тэксце. Напрыклад, што за ружы для бальных чаравікаў замаўляюць гераіні ці што за белы суп ядуць на балі. І чаму нехта з герояў ростбіф любіць больш за рагу — гэта ўсё мае значэнне.
Увогуле, каб правільна нешта перакласці, трэба добра разумець, пра што ў тэксце гаворка. І чым далейшая ад нас эпоха, тым цяжэй бывае разабрацца з нейкімі нюансамі. Зрэшты, і ў сучасных тэкстах можна знайсці такія складанасці. Мне здаецца, гэтая частка перакладу: пошук інфармацыі, разблытванне складаных месцаў — вельмі цікавая, хаця, вядома, яна адбірае шмат часу.
І яшчэ пару прыкладаў працы з перакладамі. Калі героі кнігі нешта цытуюць (так, Шэрлак Холмс у апавяданнях Артура Конана Дойла любіць цытаваць нешта з класікі), варта праверыць, ці перакладаўся гэты тэкст на беларускую. Калі так, цытату лепш узяць з ужо апублікаванага перакладу (вядома, калі яна пасуе). Асабліва гэта тычыцца цытат з Бібліі. А калі героі абмяркоўваюць тое, у чым я не вельмі разбіраюся (напрыклад, у рамане Вішнеўскага «Канец адзіноты», які мы пераклалі разам з Кацярынай Маціеўскай, згадваюцца сучасныя генныя тэхналогіі), даводзіцца ісці і чытаць матчастку, каб нічога не наблытаць і ўсё назваць правільнымі тэрмінамі.
Ганна Янкута падчас сустрэчы рэдакцыі чаопіса «ПрайдзіСвет», 2013 год. Фота: Юра Сідун для generation.by
Здараецца, што кніжка перакладаецца, рыхтуецца некалькі гадоў
Пераклады з англійскай і польскай — гэта больш-менш тыповы шлях. Але як і адкуль у вашай біяграфіі з’явіліся радкі пра валоданне нідэрландскай, скотс і зусім экзатычнай для большасці афрыкаанс?
Мне вельмі хацелася пашыраць колькасць моваў, з якіх літаратура перакладаецца на беларускую. Сапраўды, з англійскай і польскай перакладае шмат хто. Я спрабавала вучыць іншыя мовы і нават трошкі з іх перакладала: нідэрландская, шведская, ісландская, ідыш.
З нідэрландскай склалася найлепш, я некалькі гадоў хадзіла на моўныя курсы, чытала і гаварыла на гэтай мове. І перакладала. Аднак у нідэрландскай мове мяне цікавілі перадусім сучасныя аўтары — напрыклад, я вельмі люблю такога сучаснага нідэрландскага пісьменніка, як Тон Тэлеген.
Мы з Кацярынай Маціеўскай пераклалі дзве кнігі яго казак, пачалі трэцюю, але калі паспрабавалі іх выдаць і спісаліся з праваўладальнікамі, выявілася, што ўсё не так і проста. У Беларусі няма нідэрландскай амбасады, не было праграм, якія падтрымлівалі б такія пераклады. У выніку гэтыя казкі дагэтуль не выйшлі. І гэта моцна зменшыла мой імпэт, я зразумела, што з нідэрландскай літаратурай працаваць цяжка, няясна, як яе з улікам нашай складанай рынкавай сітуацыяй выдаваць.
Праз нідэрландскую я зацікавілася мовай афрыкаанс — гэта мова Паўднёвай Афрыкі, якая вырасла на аснове нідэрландскай, прынесенай туды еўрапейскімі каланізатарамі, з уплывамі мясцовых моваў, а таксама французскай, партугальскай, малайскай і іншых. Яна досыць блізкая да ўласна нідэрландскай, а граматыка там яшчэ прасцейшая. Я перакладала паэзію з афрыкаанс. Але потым закінула і гэтыя пераклады, цяпер абедзве мовы амаль забыла. Магу хіба што чытаць са слоўнікам, разумею іх граматыку і помню нейкія базавыя словы і фразы.
Што да скотс, або шатландскай мовы, то яна блізкая да англійскай, на ёй пісалі, напрыклад, паэты Роберт Бэрнс і Роберт Фэргюсан. Я перакладала іх вершы (у інтэрнэце ёсць някепскія шатландска-англійскія слоўнікі), але гэта таксама даўняя гісторыя, цяпер я ўжо за такі пераклад не ўзялася б.
Як адбываецца выбар кніжкі, аўтара для перакладу? Колькі часу вы патрацілі на чытанне тых твораў? Якое яно з прыцэлам на пераклад: уважлівае, павольнае — што яшчэ? Наколькі хутка вам працуецца?
Існуе два варыянты. Першы — пераклад замаўляе выдавец. Тады вы дамаўляецеся пра тэрмін, калі трэба здаць пераклад, пра ганарар і гэтак далей. Гэта можа быць аўтар, якога ты любіш, ці не любіш, ці ўвогуле не ведаеш. У такім выпадку, вядома, варта разабрацца, што гэта за твор, якія яго асаблівасці, у якім кантэксце ён ствараўся, што пра яго пісалі. Але можа быць так, што перакласці кнігу трэба вельмі тэрмінова, напрыклад, каб яна паспела выйсці да найбліжэйшага кніжнага кірмашу. Здаралася, што мне даводзілася перакладаць досыць вялікія творы ў вельмі кароткія тэрміны, і тады, вядома, пра павольнае чытанне гаворкі не ішло.
Калі ж казаць пра пераклады, якія перакладчык робіць не на замову, а, так бы мовіць, для сябе (і пасля кладзе ў шуфляду альбо самастойна шукае, як і дзе апублікавацца), то тут ужо можна працаваць у зручным тэмпе. Ці, прынамсі так, як дазваляе вольны час.
Але ў цэлым прозу я перакладала досыць хутка. Хаця раманам Остэн «Пыха і перадузятасць» займалася 10 гадоў, чыста сам пераклад, вядома, заняў нашмат менш часу. Фактычна я пераклала кнігу за тры падыходы, проста паміж імі мне даводзілася рабіць шмат іншай працы. Так, напрыклад, апошнюю траціну кнігі я зрабіла літаральна за месяц з хвосцікам, калі ў 2017 годзе была на творчай рэзідэнцыі ў Доме пісьменнікаў і перакладчыкаў у Вэнтспілсе (Латвія). Тады я сядзела над перакладам восем-дзевяць гадзін штодня. Дарэчы, гэты пераклад я рабіла без ганарару, проста як хобі.
Ганна Янкута ў двары свайго дома ў Мінску з перакладам Джэйн Остэн. Фота Юліі Цімафеевай
Вядома, за дзесяць гадоў мае падыходы мяняліся, я дазнавалася нешта новае, вучылася перакладаць лепш, і пад канец мне давялося моцна паправіць увесь тэкст, каб ён выглядаў цэльным (і ў гэтым мне вельмі дапамог Антон Францішак Брыль, рэдактар перакладу, за што яму асобны вялізны дзякуй). У выніку я радая, што кніга выйшла ў 2018 годзе, а не, скажам, у 2012-м — тады яна напэўна чыталася б нашмат горш.
А ад перакладаў паэзіі хуткасці, мабыць, увогуле ніхто не чакае. Напрыклад, калі я перакладала тэхнічна вельмі складаную паэзію Баляслава Лесьмяна, працэс рухаўся вельмі павольна, зборнік яго паэзіі, які ў 2017 годзе выйшаў у серыі «Паэты планеты», мы з іншымі перакладчыкамі рыхтавалі некалькі гадоў.
У перакладзе паэзіі — больш ад рашэння галаваломкі, а проза патрабуе сістэмнасці і дысцыпліны
Гэта праца з алоўкам, з закладкамі? Папяровую кніжку лепш мець у руках — ці электронную?
Для мяне найлепш мець абодва варыянты. З электроннай версіяй працаваць зручней чыста тэхнічна: калі трэба ўдакладніць значэнне нейкага слова, прасцей скапіяваць яго і знайсці ў інтэрнэт-слоўніку ці ўвогуле праверыць у пошукавіку, у якім кантэксце яно выкарыстоўваецца.
Але добра мець пад рукой і папяровы варыянт, асабліва калі гэта тычыцца класікі. Бо ў інтэрнэце класічныя творы часам бываюць кепска распазнаныя, з памылкамі. Бываюць таксама розначытанні ў розных выданнях. Таму такую кнігу лепш мець на паперы, выдадзеную ў добрым выдавецтве. Часам, калі пашчасціць, кніга можа быць яшчэ і з каментарамі.
Калі ж казаць пра сучасную літаратуру, то можна набыць папяровую версію, можна электронную — абодва варыянты будуць падрыхтаваныя аднолькава, бо сучасныя выдавецтвы часта робяць абедзве версіі адразу. І калі я перакладаю, то пазнак у кнізе не раблю і старонак не закладаю. Гэта хутчэй патрэбна, калі пішаш пра кнігу даследаванне ці рэцэнзію альбо калі збіраеш матэрыял для нейкага ўласнага твора.
Да чаго горнецца вашая душа, да перакладу прозы — ці паэзіі? У чым асноўная розніца ў працы над рознымі жанрамі?
Пераклад прозы і паэзіі для мяне — гэта вельмі розныя заняткі. У перакладзе паэзіі — больш ад рашэння галаваломкі, асабліва калі гэта пераклад сілабічнага ці сілаба-танічнага рыфмаванага верша (а так у асноўным пісалі ў еўрапейскай паэзіі Новага часу і да пачатку дваццатага стагоддзя, а дзе-нідзе і пазней). Трэба падбіраць словы, каб націскі падалі куды трэба, шукаць рыфмы — і каб пры гэтым перадаць не толькі сэнс верша, але і яго мастацкія асаблівасці. Кожны раз, калі я бралася за верш, мне здавалася, што гэта немагчыма, — і ў большасці выпадкаў з гэтага нешта выходзіла. Хаця ёсць вершы, якія я хацела перакласці, і ў мяне не атрымалася.
Пераклад прозы ж — гэта ўжо больш сістэматычная праца, яна патрабуе дысцыпліны і вылучаецца большай манатоннасцю. Хаця проза таксама часта падсоўвае цікавыя выклікі. Але ў цэлым, калі ўлічыць, што апошні раз прозу я перакладала чатыры гады таму (раман Салі Руні «Нармальныя людзі» — апошні празаічны твор, які я пераклала), а паэзію час ад часу перакладаю дагэтуль, мабыць, можна сказаць, што з паэзіяй мне працаваць цікавей.
Вы маеце таксама і досвед аўтаперакладу. Што цікавага вынеслі з досведу перастварэння ўласнай кнігі «Марта і яе мара пра снег»? Якія падводныя камяні ў нібыта прасцейшым перакладзе з беларускай на блізкую (рускую) мову?
Перадусім я зразумела, што кепска ведаю рускую мову. Паколькі ў асноўным працавала з беларускай, у гэтым рускім перакладзе былі цалкам беларускія канструкцыі, беларускі сінтаксіс і гэтак далей. Ніколі я не атрымлівала ад рэдактараў столькі правак, як тады. І зрабіла выснову, што перакладаць гэтак магчыма — але трэба ўвесь час добра памятаць, якая паміж мовамі розніца. Бо паміж беларускай і рускай розніца насамрэч большая, чым здаецца на першы погляд.
Якія перспектывы ў беларускага перакладніцтва?
Калі зірнуць на працу выдавецтваў, то пераклады выходзяць, нават нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы. Прычым выходзяць як у Беларусі, так і за межамі. І будучыня залежыць шмат ад якіх чыннікаў: ад таго, ці будзе ў выдавецтваў фізічная (і юрыдычная) магчымасць працаваць, і ад таго, ці будуць чытачы цікавіцца замежнымі кнігамі па-беларуску, і нават ад таго, ці прыйдзе наступнае пакаленне перакладчыкаў, якія будуць ведаць і беларускую, і замежныя мовы.
Можна яшчэ глядзець на пераклады з розных перспектыў. Калі параўноўваць з Польшчай, усё выглядае вельмі змрочна. Калі з беларускай прасторай пятнаццаць гадоў таму — прагрэс навідавоку, нават нягледзячы на разгром незалежных выдавецтваў у Беларусі пасля 2020 года. Найбліжэйшым часам, здаецца, перакладам нічога не пагражае (як пісаў Уладзімір Някляеў, «горай не будзе, бо лепш не было»).
Калі казаць пра далейшую перспектыву, то прадказваць тут нешта — тое самае, як прадказваць, што з намі будзе праз дзесяць, дваццаць, трыццаць гадоў. Мы гэтага проста не ведаем. І, думаю, нават не можам уявіць, якія сюрпрызы можа падсунуць нам жыццё. Таму пакуль спынюся на стрыманым аптымізме што да кароткатэрміновай перспектывы.
Сама я мастацкай літаратуры ўжо не перакладаю. І таму, што занадта шмат даводзіцца перакладаць немастацкіх тэкстаў дзеля таго, каб зарабіць на жыццё, і таму, што вольны час, якога робіцца ўсё менш, я стараюся выкарыстоўваць на тое, каб пісаць нешта сваё. І калі дзесяць гадоў таму мне здавалася, што я мушу перакладаць, бо перакладчыкаў зусім мала, то цяпер радуюся, што магу чытаць цудоўныя пераклады калег і што караван ідзе далей нават без мяне.
Чытайце яшчэ: «Каб мова жыла, трэба на ёй размаўляць»: пра становішча беларускай мовы разважае пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута