У Гарадку абмяркоўваюць назву сквера, дзе стаіць скульптура героя паэмы «Тарас на Парнасе»

У межах падрыхтоўкі да святкавання ХХХ Дня беларускага пісьменства ў г. Гарадку запрашаюцца жыхары Гарадоцкага раёна да удзелу ў абмеркаванні пытання аб прысваенні наймення гарадскому скверу па вуліцы Савецкая, дзе ўсталяваны помнік галоўнаму герою паэмы Канстанціна Вераніцына «Тарас на Парнасе». Абмеркаванне абвешчана на сайце Гарадоцкага райвыканкама.


Skvier Haradka
Сквер Гарадка. Фота: інстаграм «Городокский район. Официально»

Удзельнікі абмеркавання могуць альбо прапанаваць уласную назву, альбо зрабіць выбар паміж прапанаванымі варыянтамі ад мясцовых уладаў: 

«Літаратурны сквер» 

«Літаратурная альтанка» 

«Ля Парнаса» 

«Вераніцынскі парк» 

«Парк ХХХ Дня беларускага пісьменства».

Акрамя гэтага ў рамках падрыхтоўкі да святкавання ХХХ Дня беларускага пісьменства ў скверы будуць устаноўлены шэсць каменных скульптур і памятны знак, прысвечаныя ХХХ Дню пісьменства.

Сёлета юбілейны Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Гарадку, на радзіме Канстанціна Вераніцына, аўтара сатырычнай паэмы «Тарас на Парнасе», якая стала помнікам беларускай літаратуры ХІХ ст.

Чытайце яшчэ: Што будзе ў Гарадку на Дзень беларускага пісьменства