Знешняя рэпрэзентацыя музеяў грае немалую ролю, таму каля музеяў часта выстаўляюцца інфармацыйныя банеры, рэплікі экспанатаў, а часам і самі экспанаты. На Магілёўшчыне гэтая практыка часам даходзіць да межаў абсурду — і прайсці міма такіх лакацый проста немагчыма.
Каля будынкаў музеяў на Магілёўшчыне можна ўбачыць вайсковую тэхніку, элементы савецкай зброі, а часам і зусім нечаканыя рэчы кшталту старадаўніх надмагілляў ці якара. У выніку амаль кожны раённы цэнтр можа «пахваліцца» ўласнымі прыкладамі, мякка кажучы, неадназначнай музейнай эстэтыкі — аб’ектамі, што часцей выглядаюць недарэчнымі і малазразумелымі кампазіцыямі для наведвальнікаў.
У Хоцімску цяперашні будынак краязнаўчага музея быў пабудаваны мясцовым заможным рамеснікам яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, але за савецкім часам тут размяшчаўся спачатку НКУС, а ўжо значна пазней кабінеты супрацоўнікаў КДБ. Музей у хоцімскім двухпавярховым цагляным будынку быў адкрыты толькі ў 1996 годзе. Усё было б добра, але праз дзесяць гадоў пасля заснавання культурнай установы, побач з будынкам музея з’явілася гармата, што размешчана побач з мемарыльнай плітой партызанскаму атраду Мядзведзева, які змагаўся з нямецкімі акупацыйнымі войскамі на тэрыторыі Хоцімскага раёна падчас так званай Вялікай Айчыннай вайны. Атрымліваецца, што музей ахоўваецца гарматай і выглядае гэта спалучэнне хутчэй пагрозліва, чым прывабліва.

Хоцімскі музей пад аховай гарматы. Крыніца: planetabelarus.by
Шаленне на ваенную тэматыку ўжо даўно стала прыкметнай рысай беларускай глыбінкі. Але часам узровень крынжа проста ўражвае.
Да, прыкладу, у Слаўгарадзе адносна нядаўна вырашылі нестандартна «ўпрыгожыць» уваход на тэрыторыю мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Перад уваходам на падворак паставілі імправізаванае жалезнае дрэўца з інсталяцыяй — савецкія каскі, фрагменты зброі і снарадаў часоў Другой сусветнай вайны.
Што гэтым хацелі данесці да наведвальнікаў супрацоўнікі культурнай установы? Можа, гэта які-небудзь тонкі намёк ці схаваны мэсэдж? Хутчэй за ўсё гэта проста «патрыятычна-эстэтычная» лакацыя, якая мусіць прыцягваць увагу мінакоў (ці прыцягвае?) да банеру з найменнем слаўгарадскага музея. Але выглядае гэта як мінімум недарэчна і дзіўнавата, калі не сказаць больш рэзка.

Часткі савецкай зброі і вайсковага рыштунку каля ўваходу ў слаўгарадскі музей. Фота аўтара
Недалёка адышлі і ў клічаўскім музеі, дзе на падворку знаходзіцца рухавік савецкага бамбардзіроўшчыка Іл-4. Цяперашні музейны экпанат быў падняты з балота разам з іншымі рэшткамі самалёта пашукавікамі з гістарычнага клуба «ВІККРУ» у лютым 2015 года. Адзначым, што экіпаж савецкага самалета быў збіты ў кастрычніку 1943 года над клічаўскімі лясамі нямецкім знішчальнікам. Цікава, што з чатырох чалавек экіпажа двое змаглі ўратавацца і працягнулі ваяваць у складзе савецкага войска. Такім чынам, цяпер на падворку каля музейнага будынка экспануецца рухавік самалёта, што выглядае хутчэй крынжова, чым арыгінальна.

Падворак клічаўскага музея з вайсковай тэхнікай. Крыніца: ekskursii.by
Але на гэтым тэматыка вайны ў клічаўскім музеі не вычэрпваецца, бо побач з рухавіком савецкага бамбардзіроўшчыка знаходзіцца 45-мм супрацьтанкавая гармата ўзору 1942 года, што выкарыстоўвалася ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Клічаўскага раёна. Гэты тып гарматы хоць і выкарыстоўваўся да канца вайны, аднак быў не надта эфектыўным, таму стаўся часткова заменены на іншую зброю. Цяпер жа супрацьтанкавая гармата знаходзіцца на падворку музея, ствараючы змешаныя і неадназначныя ўражанні.
У часы вайны Клічаўшчына была заўважным месцам на тэрыторыі Беларусі, бо там была буйная партызанская зона, таму гэтая тэматыка важная для мінуўшчыны краю. Разам з тым клічаўскім музей багаты ў першую чаргу сваімі зборамі і калекцыямі (у ім знаходзіцца больш за 10 тысяч адзінак захавання фонду), у прыватнасці, мае багатыя калекцыі па археалогіі і этнаграфіі, а таксама друкаваных выданняў (у тым ліку асабістая бібліятэка Аркадзя Смоліча).
Таму ваенная тэматыка з’яўляецца толькі эпізодам гісторыі Клічаўскага краю, а кампазіцыя з тэхнікі на паворку музея з’яўляецца спецыфічна-дзіўнаватым напамінам пра гэтыя падзеі.
Касцюковіцкі музей заснавалі яшчэ ў 1967 годзе, ён доўгі час знаходзіўся ў драўляным будынку. У 1990 годзе музей пераехаў у двухпавярховы будынак, які спецыяльна пабудавалі для патрэб культурнай установы. У архітэктурным плане музей вылучаецца сярод шматлікіх будынкаў, размешчаных побач, бо праектаваннем яго займаліся вядомыя беларускія архітэктары яўрэйскага паходжання — Элкано Маркавіч Гальдштэйн і яго сын Уладзімір Элканавіч Гальдштэйн. Прычым першы з’яўляецца аўтарам шэрагу жылых комплексаў Мінска ў стылі сталінскага ампіру. Адна з самых вядомых прац заслужанага архітэктара Беларусі — дом пад шпілем на рагу вуліц Камуністычнай і Чырвонай.
Арыгінальны знешні выгляд прадыктаваны не толькі адметным архітэктурным стылем, але і тым, што музей больш падобны на вайсковы штаб або непрыступную фартэцыю, што рыхтуецца да абароны. Музей «ахоўваюць» дзве гарматы, адзін танк і тры бронемашыны. Ад вайсковага аб’екта або цэнтра прыняцця рашэнняў установу культуры адрознівае толькі надпіс «Краязнаўчы музей». Будынак музея ў атачэнні вайсковай тэхнікі глядзіцца досыць пікантна, пакідаючы супярэчлівыя ўражанні.

Краязнаўчы музей у Касцюковічах у атачэнні савецкай вайсковай тэхнікі. Фота: postalovsky-a.livejournal.com
Самыя нечаканыя і нетрывіяльныя лакацыі знаходзяцца каля гісторыка-краязнаўчага музея ў Чэрыкаве.
На ўваходзе ва ўстанову культуры можна ўбачыць унікальны экспанат — якар, які супрацоўнікі музея атрыбутуюць ХIV стагоддзем, гэта значыць яшчэ часоў Вялікага Княства Літоўскага. Якар каваны, чатырохлапавы. Знойдзены ён быў у р. Сож каля вёскі Гранава Чэрыкаўскага раёна ў 1998 годзе. Памеры яго немалыя — даўжынёй 130 сантыметраў.
Якар на ўваходзе ва ўстанову культуры выконвае выключна функцыю рэпрэзентатара, бо пасля такога экспаната гасцям горада хутчэй за ўсё захочацца зазірнуць і ў музейныя пакоі. Што да даціроўкі якара XIV стагоддзем, то варта крытычна ўспрымаць гэтую інфармацыю — у тыя часы наўрадці гаспадары сталі б ахвяраваць такой вялікай колькасцю металу дзеля якара.

Выгляд якара чэрыкаўскага музея зблізу. Крыніца — dkmf.by
Аднак гэта не адзіная цікавостка, што знаходзіцца каля будынка чэрыкаўскага краязнаўчага музея. Пэўным адлюстраваннем багатых збораў культурнай установы з’яўляецца надмагільны камень сярэдзіны ХVII ст., які быў знойдзены пры археалагічных раскопках Чэрыкава.
На чэрыкаўскім каменным надмагіллі высечаны наступны тэкст: «Зде лежит раб божи Пилип В«?». На версе каменя выбіты крыж тыпу «Галгофа», якія мае антрапаморфныя рысы — гэта значыць падобны да фігуркі чалавека. Каменнае надмагілле дастаткова масіўнае: даўжыня 77 сантыметраў, а шырыня 42 сантыметра. Надмагільны камень, як і вышэйзгаданы якар, уваходзіць у Дзяржаўны каталог музейнага фонда Беларусі.

Надмагільны камень, што знаходзіцца каля ўвахода ў музей. Крыніца: planetabelarus.by

Выгляд надмагільнага каменя з іншага боку. Крыніца: dkmf.by
Такім чынам, калі ў Касцюковічах ды Клічаве каля музеяў знаходзяцца гарматы ды вайсковая тэхніка, то ў Чэрыкаве якар ды старадаўняе надмагілле, хоць і апошні экспанат выглядае дужа дзіўна, выклікаючы супярэчлівыя і неадназначныя ўражанні наведвальнікаў.
Х.П., Budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.