Марына Васілеўская пабывала на МКС. Пры гэтым прафесійнай касманаўткай яе назваць нельга, імаверна, яна скончыла завочку Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта (і ўлады ўпарта гэта хаваюць), а яе эксперыменты на арбіце выклікалі вялікае здзіўленне ў навукоўца. Але ўсё гэта не перашкаджае прапагандзе і ўладам ствараць Васілеўскай вобраз гераіні, якая дабілася чагосьці неверагоднага. Ці добрая гэта ролевая мадэль для дзяўчынак і жанчын і ці не ўмацоўвае стэрэатыпы? Пра гэта разважае для «Люстэрка» гендарная даследчыца Лена Агарэлышава.
Не маючы іншых фантазій і ролевых мадэляў, прапаганда вельмі заклапочаная першай беларускай на арбіце. Аднак пачнём з таго, што палёт у космас цяпер і калі гэта была, напрыклад, Валянціна Церашкова, — дзве розныя рэчы. Першая жанчына ў космасе наогул, калі ён быў чымсьці нязведаным, — гэта прарыў і сапраўды вялікае дасягненне. Але ў наш час, нягледзячы на ўсю складанасць арганізацыі, сам факт палёту — не дасягненне. Гэта толькі пытанне наяўнасці рэсурсу.
Я сустракала ў сацыяльных сетках сваіх калег і знаёмых думкі, маўляў, мы мусім радавацца, што Васілеўская паляцела на МКС, гэта ж прагрэс. Але тут не ўсё так адназначна. Безумоўна, можна гаварыць пра эмансіпацыю і пра тое, як важна паказваць, што жанчынам даступныя любыя прафесіі. Аднак мусіць быць дакладнае разуменне, якім чынам жанчыны і дзяўчынкі, што мараць пра кар’еру касманаўткі ці пра любую іншую кар’еру, могуць гэтага дабіцца.
У выпадку з нашай гераіняй галоўныя яе характарыстыкі — прыгажосць і лаяльнасць уладзе. Гэта не гісторыя пра тое, што яна зрабіла шэраг навуковых дасягненняў і потым яе выбралі з іншых навукоўцаў (у тым ліку мужчын), бо менавіта яе ўнёсак у засваенне космасу будзе самым значным. Таксама ў нас няма інфармацыі пра тое, што Васілеўская за 13 сутак на арбіце правяла нейкія вельмі значныя для беларускай навукі даследаванні (сумнеўная гісторыя з лактаферынам — пацверджанне гэтага).
Выглядае ўсё так, нібы гэта палёт дзеля палёту, спроба адцягнуць увагу грамадскасці ад рэальных праблем. І ў гэтым сэнсе ўжо не прынцыпова, хто ляціць і з якімі канкрэтнымі навыкамі. Хутчэй, тут пытанне моцнага здароўя і пэўнай рызыкі. І паколькі гэта хутчэй піяр-кампанія, з тым жа поспехам маглі выбраць самага прыгожага беларускага сабаку ці ката і адправіць на МКС. Магчыма, гэта выклікала б нават большую цікавасць, бо так можна зрабіць шмат смешных фатаграфій.
І таму пытанне: якую ролевую мадэль транслюе Марына Васілеўская? Дапусцім, актыўная дзяўчынка збіраецца стаць касманаўткай, бачыць гэта, і ў яе напрошваецца выснова: «То-бок вы мне прапануеце быць прыгожай, галасаваць за Лукашэнку і ўступаць у БРСМ, а не займацца навукай і ісці на фізмат?»
Такі сцэнар ужо не пра эмансіпацыю, а пра сярэднявечча і патрыярхат, калі ўсё залежыць не ад тваіх магчымасцяў, талентаў і здольнасцяў, а ад таго, наколькі ты зручная для мужчыны. Што далёка і ад фемінізму, і ад уяўлення пра гендарную роўнасць у сучасным свеце. І гэта гісторыя не пра перамогу навукі, тэхнікі і правоў, а прапагандысцкі кейс, які транслюе выразнае разуменне рэжыму таго, што мусіць і не мусіць рабіць беларуская жанчына.
Гэтае бачанне вельмі моцна нагадвае савецкі сцэнар. З аднаго боку, тады была велізарная колькасць дырэктарак заводаў, архітэктарак, жанчын на спецыяльнасцях, складаных інтэлектуальна ці фізічна. Савецкая прапаганда актыўна прасоўвала думку, што для іх адкрытыя ўсе дарогі. Але праца не вызваляла аўтаматычна ад хатніх абавязкаў, яны не размяркоўваліся паміж сямейнікамі. Існавала так званая «другая змена», і яна дагэтуль засталася як спадчына ад Савецкага Саюза.
Можна было быць касманаўткай, дырэктаркай завода, але бытавыя справы і выхаванне дзяцей усё роўна заставаліся ў зоне адказнасці жанчыны.
То-бок ты, вядома, можаш быць лідаркай, але пры гэтым мусіш любіць і хацець гатаваць. І вядома ж, не можа быць непрыгожай лідаркі, таму касметыка на арбіце, пра якую казала Васілеўская, безумоўна, вельмі важная. І вядома, ты можаш злётаць на МКС, але павінная заставацца ідэалагічна правільнай жанчынай: прыгожай, маладой і — абавязкова — лаяльнай уладзе.
Апошняе асабліва важна, бо ўсё гэта — адна са спробаў прыцягнуць на свой бок лаяльных жанчын (як і заявы Лукашэнкі, што ён жа за беларусак, ён іх падтрымлівае). Бо ў 2020-м ніхто не чакаў такой вялікай жаночай уцягнутасці ў пратэсную актыўнасць. Не чакаў, што, умоўна, «нейкая незразумелая хатняя гаспадыня» стане лідаркай краіны, будзе годна прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне і наведваць сустрэчы такога ўзроўню, якія Лукашэнку і не сніліся. Рэжым ужо прызнаў, што жаночая палітычная актыўнасць існуе, яна вялікая, і гэта нельга скідваць з рахункаў, бо гэтая памылка вельмі дорага каштавала.
Улады хочуць перацягнуць жанчын на свой бок, але ў іх няма разумення, як гэтага дасягнуць. Асабліва, калі ў краіне ёсць велізарная колькасць «няправільных» беларусак. Яны сядзяць за кратамі па палітычна матываваных справах. У многіх з іх няма магчымасці атрымаць зменшаны тэрмін, хоць яны маці з маленькімі дзецьмі. Бо калі рэжым прызнае цябе тэрарысткай, ты аўтаматычна перастаеш для яго існаваць як жанчына і як прадстаўніца класа, які, паводле таго ж Лукашэнкі, здавалася б, трэба абараняць.
Большасць беларусак цяпер знаходзіцца ў страху проста таму, што яны жывуць у краіне, дзе «не да законаў». Але калі мы гаворым пра фемінізм і гендарную роўнасць, гэта пытанне рэалізацыі магчымасцяў, сітуацыі, калі ў жанчыны ёсць свабодны выбар, чым займацца ці не займацца. У Беларусі як грамадзяне, так і грамадзянкі знаходзяцца ў сітуацыі адсутнасці свабоды выбару, велізарная колькасць магчымасцяў блакуецца.
І вось у такіх умовах ідзе прамоўшн самых розных жаночых ролевых мадэляў у надзеі, што беларускі, як статак бараноў, скажуць: «Хачу быць як наша першая жанчына-касманаўт». Для мяне гэта выглядае як выкарыстанне зарослых цвіллю метадычак па прапагандзе і піяры савецкіх часоў.
На маю думку, беларускае грамадства моцна вырасла, і гэтыя механізмы не спрацуюць. Як бы яны ні стараліся паказаць, што ў нас могуць быць толькі такія жанчыны, якія і гаспадыні, і прыгажуні, і добрыя работніцы, і галасуюць за Лукашэнку. Усе разумеюць, што гэта не больш чым маніпуляцыйная выдумка. Думаю, што і работнікі і работніцы дзяржпрадпрыемстваў, да якіх наўпрост звернуты такі вобраз для пераймання, таксама ўспрымаюць яго з пэўнай доляй крытыкі.
Цяпер змяніліся лідары меркаванняў. Ролевымі жаночымі мадэлямі робяцца зусім іншыя гераіні і за зусім іншыя заслугі.