Геніяльная паэтка, чые творы любіў Вудзі Ален і друкаваў «Playboy». Віславе Шымборскай — 100 гадоў

2 ліпеня 2023 спаўняецца сто гадоў вялікай паэтцы Віславе Шымборскай (1923–2012). Аўтарцы, якая была не толькі «Першай Дамай» польскай лірыкі, як яе часта называлі землякі, але наагул адной з самых геніяльных і славутых паэтак планеты другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Пра знакамітую юбілярку піша Андрэй Хадановіч. Публікуем таксама некалькі невядомых раней вершаў паэткі ў перакладзе аўтара.


паэтка Віслава Шымборска

   Фота: Omnes

Галоўны творчы інструмент Шымборскай і самая кароткая Нобелеўская лекцыя

Яе пазнавалі на вуліцах у Італіі, у любові да яе твораў прызнаваўся Вудзі Ален. А верш «Меркаванне адносна парнаграфіі» надрукаваў «Playboy», хоць мэтавая аўдыторыя тэксту, падазраю, была зусім іншая, бо твор — на тэму цэнзуры і змагання таталітарнага рэжыму са свабодай слова і думкі. На жаль, вельмі актуальны і ў сённяшняй Беларусі.

Віслава Шымборска ў школьныя гады

Фота: Fundacja Wisławy Szymborskiej

Паэтка звышкрытычна ставілася да сябе і галоўным творчым інструментам літаратара называла сметніцу.

Віслава Шымборска ў школе

Фота: Fundacja Wisławy Szymborskiej

Друкавалася рэдка, часам — кніжка на дзесяць гадоў. Магла нічога не пісаць (прынамсі не паказваць) пару гадоў, як гэта здарылася пасля прысуджэння ёй Нобелеўскай узнагароды ў 1996 годзе. На стакгольмскай цырымоніі ўразіла ўсіх, прачытаўшы самую кароткую ў гісторыі, — але й адну з найлепшых, — нобелеўскую лекцыю.

Віслава Шымборска, сацыялістычная Польшча

Фота: Fundacja Wisławy Szymborskiej

Беларускія пераклады Шымборскай

Шымборскай хутчэй шанцавала на беларускіх перакладчыц і перакладчыкаў. Яе перастваралі Максім Танк і Алег Лойка. Шмат гадоў яе творчасць любіла і перакладала фантастычная паэтка Ніна Мацяш, апублікаваўшы па-беларуску спачатку выбранае «Свет, варты вяртання» (1991), а потым, у двухмоўным фармаце, два зборнікі яе позняй лірыкі. У 2013 годзе ў выдавецтве Логвінава з’явіўся вялікі том «Канец і пачатак», куды ўвайшлі ўсе вершы, якія сама аўтарка пры жыцці прызнала вартымі публікацыі. Спадзяюся, стогадовы юбілей Шымборскай — добрая нагода перавыдаць гэтую кнігу!

А неўзабаве ў кракаўскім беларускім выдавецтве «Гутэнберг» з’явіцца новае двухмоўнае выданне паэткі, дзе будуць прадстаўленыя і новыя беларускія пераклады. Між іншага, твораў, якія яшчэ нядаўна былі зусім невядомыя, бо выйшлі па-польску кнігай толькі сёлета — у юбілейным поўным зборы вершаў. Тэксты, што друкаваліся ў перыёдыцы. Або засталіся ў рукапісах/машынапісах. Або пісаліся ў апошнія дні і месяцы і ўвайшлі на правах накідаў — як факсімільны дадатак — у пасмяротны зборнік «Дастаткова» (2012).

Паэтка жартуе

Фота: Fundacja Wisławy Szymborskiej

Прапаную беларускім чытачам некалькі перакладаў з іх. Я стараўся выбраць вершы, дзе ўжо выразна відаць геній Шымборскай. Дзе заўважна, як нараджаюцца галоўныя матывы яе творчасці. Як, напрыклад, пільная ўвага да свету прадметаў, што робяцца паўнапраўнымі героямі вершаў, бо ў паэзіі няма нічога выпадковага і неістотнага («Паэтка прамаўляе да хатніх рэчаў»). Або адмова ад усялякіх іерархічных падзелаў з паноўным становішчам чалавека, які прэтэндуе на ролю бога на фоне слабейшых істот, але не можа даць рады з элементарнымі праблемамі ўласнага існавання ў свеце («Пчала і шыба»). Або шматгадовыя рэфлексіі паэткі над Эклезіястам.

Віслава Шымборска часоў Нобелеўскай прэміі

Фота E.Lempp

Чорны нататнік Шымборскай і нобелеўскія адказы на пытанні

 Сакратар паэткі Міхал Русінэк апавядаў пра чорны нататнік аўтаркі, дзе з’яўляліся накіды або планы на вершы, якія потым выкрэсліваліся па меры сваёй рэалізацыі. Быў сярод іх і адважны замах на тэму «Няма нічога новага пад сонцам». Пытанне, спроба адказу на якое прагучала ў нобелеўскай лекцыі (працытую фрагмент у беларускім перакладзе Марыны Казлоўскай).

«Я часам мару пра абсалютна нерэальныя рэчы. Напрыклад, маю дзёрзкасць уявіць, што ў мяне з’явілася нагода паразмаўляць з Эклезіястам, аўтарам надзвычайна кранальнага плачу над марнасцю ўсіх чалавечых пачынанняў. Я пакланілася б яму да зямлі, бо гэта адзін з найвялікшых, прынамсі для мяне, паэтаў. А потым злавіла б яго за руку. «Нічога новага пад сонцам няма», — напісаў Ты, Эклезіясце. Аднак сам Ты нарадзіўся новым пад сонцам. І паэма, створаная Табою, таксама новая пад сонцам, бо да Цябе гэтага не напісаў ніхто. І новыя пад сонцам усе Твае чытачы, бо тыя, хто жыў да Цябе, не маглі яе прачытаць. Таксама й кіпарыс, у цені якога Ты сядзіш, не расце тут ад стварэння свету. Яму даў пачатак нейкі іншы кіпарыс, падобны да Твайго, але не абсалютна. І апрача таго, я хацела б у Цябе запытацца, Эклезіясце, што новага пад сонцам Ты зьбіраешся напісаць цяпер? Нешта такое, чым Ты дапоўніш свае думкі, ці, можа, маеш спакусу аспрэчыць некаторыя з іх? У сваёй папярэдняй паэме ты спасціг таксама й радасць — і што з таго, што яна мінае? То, можа, менавіта пра яе і будзе Твая новая пад сонцам паэма? Ці ёсць ужо нататкі, першыя накіды? Ты ж не адкажаш: «Я напісаў усё, мне няма чаго больш дадаць». Бо так не скажа ніводзін на сьвеце паэт, тым больш такі вялікі, як Ты».

Віслава Шымборска за кнігай

Фота: Scanpix

А на шмат гадоў раней зусім юная літаратарка ўпершыню звяртаецца да гэтай тэмы, у вершы з якраз Эклезіяставай назвай «Nihil novi sub soli». Тут яшчэ далёка да нобелеўскіх адказаў на пытанне, затое ўжо ёсць фірмовая іронія, спалучэнне філасофскай глыбіні з гульнёвасцю і парадаксальнасцю выказвання. Ёсць і так патрэбнае нам суцяшэнне, бо ўсе найбольш невырашальныя праблемы, з якімі мы сутыкаемся сёння, нехта ўжо мусіў вырашаць да нас. Гумар, што сустракаецца з літасцю і стварае з ёй ідэальную пару — у свеце, што кожны раз нанова патрабуе свайго апісання.

Нобелеўская лаўрэатка, паэтка Віслава Шымборска

Фота: Jacek Bednarczyk

Запрашаю да чытання «новых пад сонцам» вершаў геніяльнай паэткі!

А. Х.

Віслава Шымборска

NIHIL NOVI SUB SOLI

Новага ў свеце робіцца мала:

Сонейка ўстане, як і ўставала.

Эдвард не першы чхаў на карону,

Дзеля каханай пазбаўлены трона.

Прыклад з Гамэра бралі паэты,

Дамы на Крыце насілі гарсэты.

Не вынаходка — бойкі ды здрада:

Каін — забойца роднага брата…

 

Мірныя людзі ў грознай навале

Войны трываюць, як і трывалі.

На самалёты маючы планы,

Як Леанарда — на дэльтапланы.

 

Пекная Ева ўмела калісьці

Формы падкрэсліць фігавым лісцем,

І Клеапатра ўмела, і гейшы:

Носік папудрыш — твар прыгажэйшы.

 

Як фарбавалі кудзеркі ў Рыме

Юныя дзевы ўслед за старымі!

А ў Вавілоне — грамату зналі,

Ўмелі чытаць па дыяганалі…

 

Тыя ж манеты ў золаце й срэбры,

Тоўстае пуза, шчуплыя рэбры.

П’яныя ў бэлю, ведаюць людзі:

Тост за здароўе — быў, ёсць і будзе…

 

Хтось памірае, хтось нарадзіўся,

Беднаму вучню ў школу хадзі ўсё:

Не падрыхтуеш хатняе працы —

Сёння, як колісь, будзе па срацы…

 

Гора і радасць ходзяць па коле —

Роспач у сэрцы, алгебра ў школе…

Хтосьці, схаваўшы дулю ў кішэні,

Вершык напіша для суцяшэння.


ПАЭТКА ПРАМАЎЛЯЕ ДА ХАТНІХ РЭЧАЎ

Шклянкі верныя, ласкава запрашаю

вас, ахоўніцы штодзённай прыгажосці,

бо ніводная мне ў вершы не чужая,

нават брудная, калі сыходзяць госці.

 

Сяду з вершам — і паўстане, як жывая,

як сардэчная сяброўка, рэч за рэччу.

У паэзіі надзейна захаваю

ўсе відэльцы, і патэльні ўвекавечу.

 

Вас расстаўлю па палічках, па куточках,

каб навечна заставаліся са мною,

каб разносілася радасць па радочках

непадробнай чыстай рыфмаю шкляною.

 

Калі ў прыцемках загрукае па сходах

валацужка-муза ў тэпцях растаптаных,

пільнавацьму давідна, стаіўшы подых,

каб няўвагай не пакрыўдзіць вас, адданых.

 

А калі ўсе шклянкі скончацца дазвання,

запрашу ў адведкі іншае начынне:

прыйдзе імбрык з кацялком і тазік з ваннай,

і нічога ў маіх вершах не загіне!

 

ПЧАЛА І ШЫБА

Пчолка трапіла ў замкнёны

майскі краявід-турму

скамянеў абшар зялёны

неба плоскае — чаму

 

Мы тут — небажыхарамі

ведаем дабро і шкло

створым цуд, каб не было

вязніцы ў аконнай раме

 

Б’ецца ўпарта галавою

у люстраны іншасвет

не дрыжаць лісцё з травою

не махне пялёсткам квет

дрэва быццам нежывое

 

Як трагічна — кажа бог

а багіня кажа: смешна

бо яны заўсёды ўдвох

боль і смех, арол і рэшка

 

Б’ецца і гудзе як вулей

ператвораны ў таран

у атацы кожнай гіне

ды жыве стралой і куляй

болем ад смяротных ран

 

Досыць! мовіла багіня,

адчыні акно ёй, божа…

І пчала — нарэшце можа —

адлятае ў далячыні

 

Воля! мовіла багіня

Шчасце! адгукнуўся бог…

І глядзяць з нябёсаў сініх

кожны ў супрацьлеглы бок


ЗМЕНА ВЫЯВЫ

Час як доўгабароды, сівы дзядуля?

А можа, бурае жвавае шчанё, 

што бруднымі лапамі ўскоквае ў ложак 

да нас, толькі што абуджаных, народжаных?

 

КАЛІ Б

Калі б рэчы маглі размаўляць — 

але тады яны маглі б і хлусіць.

Асабліва тыя, звычайныя й мала патрэбныя, 

каб нарэшце звярнуць на сябе ўвагу.

 

Страшна падумаць, 

што расказаў бы мне твой адарваны гузік, 

а табе — ключ ад маіх дзвярэй, 

стары мітаман.

***

Найлепшы польскі верш апошніх гадоў.

Аўтар невядомы.

Але з пэўнасцю не паэт А., 

паэт Б., паэтка Ш.

 

Тэкст напісаны густа 

справа налева 

і злева направа

і зверху ўніз

і знізу ўверх

і наўскос

драбнюткімі жылкамі

аж да краёў у майстэрскіх зубчыках.

 

Мытнік не распазнаў небяспечнага шыфру.

Ён толькі шукаў лісты, 

адбіраў кнігі,

выкідаў фатаграфіі,

ірваў дыпломы.

 

Найлепшы польскі верш апошніх гадоў

трапіў за мяжу.

І цяпер яго можна чытаць на святле

у Вене,

у Таронта,

у Хайфе,

у Амстэрдаме.

 

Як бывае з любой сапраўднай паэзіяй — 

яго цяжка перакласці

 

на лісток іншай бярозы

з іншых могілак.


ГУМАР І ЛІТАСЦЬ[1]

Гумар і літасць — ідэальная пара.

Ён не здраджвае ёй і яна яму верная.

Любяць быць разам, тады абое шчаслівыя.

Яна на сталай працы, ён фрылансэр, 

але, здараецца, зарабляе больш за яе.

Калі часам, не па ўласнай віне,

яны мусяць развітацца,

свет адразу робіцца неапісаным.


Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч

паводле: Wisława Szymborska. Wiersze wszystkie. Wydawnictwo Znak, Kraków, 2023.




[1] Няскончаны верш, рэканструяваны паводле розных варыянтаў паэтам і выдаўцом Рышардам Крыніцкім.