«Германія стала ідэальным месцам, каб пачаць з нуля». Гісторыя беларускага журналіста, які вырашыў кардынальна змяніць прафесію, а разам з ёй і жыццё

5 месяцаў таму Аляксандр Шустар пераехаў у нямецкі Эрфурт. У сталіцу Цюрынгіі беларус «размеркаваўся» па міграцыйнай праграме, якая забяспечвае яго жытлом, матэрыяльнай падтрымкай і дазваляе бясплатна наведваць прафесійныя моўныя курсы. У Эрфурце пажадана будзе знайсці і першую працу, пошукамі якой Саша ўжо актыўна займаецца. Паразмаўлялі пра анекдатычныя сітуацыі, нямецкія заробкі і страх пачынаць усё спачатку.


photo_2022-12-11_20-04-50.jpg

«У мяне не вельмі добрая сувязь, як і паўсюль у Германіі. Інтэрнэт тут вельмі дарагі і не вельмі хуткі», — смяемся, што вось і першыя адрозненні знайшліся. Жыццё ў Германіі параўноўваем не толькі з беларускай, а і з польскай рэчаіснасцю.

Да 2020 года Аляксандр Шустар працаваў на Беларускім радыё. Вёў «Радыёфакт» і навіны, быў у прэзідэнцкім пуле. Акрамя таго, ён выдатна разбіраецца ў кіно, ездзіў у Венецыю і на Берлінале, а пачынаў сваю журналісцкую кар’еру ўвогуле як спартыўны аглядальнік. У жніўні 2020-га Аляксандр звольніўся з Белтэлерадыёкампаніі і неўзабаве пераехаў у Варшаву.

02.jpg

«Апошні год у Польшчы быў вельмі цяжкі, — прыгадвае Саша сваю працу на самым папулярным незалежным медыярэсурсе. — Падавалася, што ўвесь мой папярэдні досвед у журналістыцы быў падрыхтоўкай да новай працы. Але пасля пачатку вайны я зразумеў, што больш не магу дыстанцавацца і ўсё вельмі блізка прымаю. Думаю, што з журналістыкай я ўжо завязаў».

Другая прычына для рэлакейту — гэта, па словах журналіста, адсутнасць матывацыі, каб інтэгравацца з новай рэчаіснасцю.

— У Польшчы ты знаходзішся ў той самай цёплай вадзе. Можаш зарабляць даволі шмат грошай і ўвогуле не думаць пра тое, што трэба, напрыклад, вучыць мову. А я лічу, што калі ты жывеш у краіне, ты ўсё ж такі павінен ведаць яе мову, добра і свабодна на ёй размаўляць, а не толькі разумець. Германія ў гэтым сэнсе — ідэальнае месца. Не хацелася пакідаць сабе нейкія масты для адыходу і ісці шляхам найменшага супраціўлення.

Erfrut.jpg

Першы дакумент, які табе замяняе візу і пашпарт, ты можаш атрымаць нават праз месяц

— Чаму менавіта Эрфурт?

— Міграцыйная праграма. Гэта тое, чаго ты не можаш мінаваць, калі прыязджаеш у Германію, напрыклад, па гуманітарнай візе. Справа ў тым, што цябе размяркоўваюць у пэўную зямлю і тая зямля шукае, дзе табе жыць. Ёсць такі пункцік, што першую працу ты таксама павінен знайсці там, дзе ты прапісаны. У маім выпадку гэта ў Цюрынгіі. Зноў жа такі, гэта фармальны пункт. Калі ёсць прапанова нейкай добрай працы з іншай зямлі, то ніякага прыгоннага права тут няма, і ты можаш спакойна паехаць і ў другі рэгіён.

Прывязаны Аляксандр да Эрфурта і яшчэ з адной прычыны: у Германіі абавязкова мець прапіску, таму што большая частка стасункаў адбываецца праз пошту. Логіка такая: мэйл можна выдаліць або не заўважыць, а вось калі ты атрымаў папяровы ліст, гэта лічыцца грунтоўным і сур’ёзным.

01.jpg

— Можаш параўнаць працэс легалізацыі ў Германіі і Польшчы?

— У Польшчы карту побыту трэба чакаць каля года. А тут першы дакумент, які табе замяняе візу і пашпарт, ты можаш атрымаць нават праз месяц і ўжо не хвалявацца за сваё знаходжанне ў Германіі. Кажуць, што нямецкая бюракратыя вельмі павольная, але мне здаецца, вялікую ролю адыгрывае чалавечы фактар. Трапляюцца людзі і не вельмі адказныя, і такія, якія па-чалавечы падыходзяць да справы.

А вось прызнанне беларускага дыплома заняло ў Аляксандра каля шасці месяцаў.

— У мяне запатрабавалі дадатковыя дакументы і, дзякуй богу, іх магчыма было атрымаць з Беларусі дыстанцыйна. У нямецкай сістэме адукацыі колькасць гадоў навучання вылічваецца па гадзінах. Умоўна, колькі гадзін якога прадмету табе выкладалі. Таксама для іх важна, каб у дыпломе было напісана, якая форма навучання. У беларускіх дыпломах гэтага не пазначаюць. Мне прыслалі з універсітэта даведку, пасля чаго немцы даволі хутка далі станоўчы адказ.

08.jpg

«Wie, bitte?»...

Паводле сваёй першай адукацыі Саша — біёлаг. Скончыў БДУ, вучыўся ў аспірантуры. У Германіі шукае зараз працу менавіта ў гэтай сферы. 

— Я ўжо атрымаў пацвярджэнне, што магу пачынаць праходзіць сумоўі на прафесіі, звязаныя з маёй біялагічнай адукацыяй. Гэта выкладчык біялогіі, хіміі, лабарант у лабараторыі, нават навуковец.

— Якія заробкі ў нямецкіх настаўнікаў?

— Па мясцовых мерках вельмі добрыя. У адрозненне ад той жа Беларусі, настаўнікі і ўрачы — гэта адны з найбольш высокааплатных прафесій у Германіі.

Паралельна з пошукам працы Аляксандр наведвае моўныя курсы. Яны — абавязковыя і бясплатныя. Па месцы прапіскі ў Эрфурце.

— Мне пацвердзілі, што я магу працаваць выкладчыкам біялогіі і хіміі. Але калі ў мяне няма моўнага сертыфікату В2, то ні ў адну школу мяне не возьмуць, таму што там трэба стасавацца з нямецкімі дзецьмі і іх бацькамі. Мае курсы называюцца менавіта «прафесійныя моўныя курсы». І экзамен не агульны, а менавіта прафесійны нямецкі. Па адчуваннях, іспыт, за выключэннем аўдзіравання, магу здаваць хоць сёння. Частка «на слых» самая складаная. Там толькі раз можна ўсё праслухаць і пытанні заўсёды з нейкай хітрынкай.

Увогуле ж беларус кажа, што нямецкая яму падаецца нават прасцейшай за англійскую. Так што ў паўсядзённым жыцці моўных пытанняў амаль не ўзнікае.

— Часам можна штосьці не зразумець, але я заўважыў, што і самі немцы не заўсёды разумеюць адно аднаго. У Берліне шмат прыезджых. Гэта такі плавільны кацёл, адкуль там толькі няма людзей. Так што пытанне «Wie, bitte?» — «Як вы сказалі?» — гучыць тут вельмі часта.

Berlin 2.jpg

Германія прыгожая і розная

— Германія — гэта перш за ўсё дасціпныя правілы гульні. Нават самыя простыя побытавыя моманты: хочаш ты займацца спортам. Што трэба? Знайсці таварыства. Ёсць нават такі жарт, што калі два немцы дзесьці збіраюцца, яны адразу ствараюць таварыства. Дык вось, як толькі ты становішся сябрам якога-небудзь таварыства, што мае свае стадыёны, спартзалы або тэнісныя корты, два дні на тыдзень ты можаш там займацца. Што тычыцца простых радасцей — зараз калядны час, і гэта вельмі адчуваецца. Паўсюль калядныя рынкі, усё ўпрыгожана — вуліцы, дамы. Вельмі утульна.

— Германія — прыгожая краіна?

— Прыгожая. І самі немцы шмат падарожнічаюць менавіта ўнутры краіны, асабліва з усімі гэтымі квіткамі за 9 еўра. І розная. На захадзе больш старых гарадоў з фахверкавымі дамамі і гатычнымі саборамі, на поўдні горы і замкі, на поўначы ганзейскія гарады з характарнай архітэктурай і буйнымі партамі, усход гэта былая ГДР, але і там свае цікавосткі, той жа Дрэздэн з галерэяй, баухаус, нямецкая Балтыка. Холадна, але прыгожа.

Блізкі Аляксандру і нямецкі менталітэт: «Усё па раскладзе». Хаця многія разважаюць пра нямецкую бюракратыю і ў адмоўным сэнсе.

— Магу расказаць трохі анекдатычную гісторыю, але яна добра адлюструе гэты падыход. Мой сябар пасля 24 лютага вырашыў падацца на нямецкае грамадзянства. Ён патэлефанаваў ва ўстанову, дзе ў яго запыталіся (нагадаю, гэта быў люты): «Вам зручней паразмаўляць з намі наступны раз у чацвер ці аўторак?». Сябар адказаў, што ў аўторак. Ну і яго папрасілі патэлефанаваць наступны раз у аўторак, 24 чэрвеня. І так працуе амаль усё! Але ты ведаеш, што 24 чэрвеня ў цябе будзе тэлефоннае сумоўе і яно нікуды не знікне. Так і з медыцынскім ўстановамі, і з усім астатнім — гэта можа займаць час, але ў прызначаны тэрмін ты атрымаеш сваю паслугу.

Berlin.jpg

«Многiм грамадзянам Расii прыходзiлi «лiсты шчасця» ад банкаў»

— Пасля 24 лютага штосьці памянялася? Ты сутыкаўся з выпадкамі дыскрымінацыі?

— Летам у двух банках мне адмовiлi ў адкрыццi рахунку — тлумачылi «санкцыямi». Ведаю таксама, што многiм грамадзянам Расii прыходзiлi «лiсты шчасця» ад банкаў з просьбай зайсцi ў фiлiял, каб штосьцi ўдакладнiць. А так — нiякай нецярплiвасцi, наадварот — абсалютная дэмакратыя, тыя ж аўтапрабегi прапуцiнскiх ватнiкаў, або дэманстрацыi «Альтэрнатывы для Германii» з патрабаваннем спынiць падтрымку Украiны нiхто не забараняе.

— Беларуская прапаганда малюе страшныя карціны: як Еўропа замярзае, а людзям няма чаго есці.

— Тут ты можаш мне давяраць на 100%. Я чытаю мясцовую прэсу і слухаю радыё. 10 працэнтаў: такая зараз лічба інфляцыі ў краіне. Для Германіі гэта вельмі вялікі паказчык. Напэўна, рэкордны з часоў Другой сусветнай вайны. Але людзі ставяцца да сітуацыі з разуменнем. Многія гэта называюць «падаткам на Пуціна». Ізноў жа такі, са студзеня для найменш забяспечаных слаёў насельніцтва будзе фінансавая дапамога — выплаты на дзяцей, выплаты беспрацоўным, сацыяльныя выплаты. Германія мае магчымасці справіцца.

Прадукты сталі даражэй, але выдаткі на іх, як і раней, не займаюць такую вялікую долю, як у Беларусі. Наадварот, гэта звычайна самая маленькая частка выдаткаў. Цяпер яна падрасла і стала трошкі больш заўважальнай, але не настолькі крытычна страшнай і жахлівай, як расказвае беларуская прапаганда. І замярзаючых людзей тут няма, у парках дрэвы ніхто не вырубае. Усё гэта хлусня.

05.jpg

— Дарэчы, а што чытаюць і слухаюць немцы? Твае журналісцкія назіранні...

— Газеты мала купляюць, хіба што таблоід «Бiльд». Але шмат чытаюць у кавярнях, дзе газеты проста ляжаць. Больш папулярная электронная падпіска — мабільны дадатак плюс магчымасць чытаць анлайн на сайце. Традыцыйнае радыё слухаюць у аўтамабілях, а так вельмі папулярныя падкасты, якія, дарэчы, ёсць і ў газет! Тэлеграм не надта папулярны, у многіх СМІ добра калі 10 тысяч падпісчыкаў. А вось Твітар — так.

photo_2022-12-11_20-03-30.jpg

— Немцы і беларусы: паміж намі больш падобнага ці наадварот?

— Мне здаецца, што ментальна мы даволі блізкія. Беларусы, як і немцы, таксама адказныя, працавітыя і надзейныя людзі.

— Пачынаць усё спачатку — гэта страшна?

— Страшна, але зусім трошкі. У маім жыцці не было такога часу, каб я не працаваў. Пасля Беларусі быў вельмі інтэнсіўны год у Польшчы, і ўпершыню ў жыцці я завіс у незразумелым становішчы. Спраўляцца з гэтым дазваляюць стасункі з сябрамі і ўпэўненасць у сваім прафесійным досведзе і якасцях. Так што гэта часовыя цяжкасці.

Паліна Часноўская, Budzma.org