Гіды і экскурсаводы ў Беларусі цяпер павінны ведаць асновы дзяржаўнай ідэалогіі. Такое патрабаванне з’явілася ў пастанове Міністэрства спорту і турызму. Дакумент набудзе моц у ліпені 2025 года, піша hrodna.life.
Экскурсія па Гродне. Ілюстратыўнае фота з архіву Hrodna.life
Згодна з новымі правіламі, прафесійныя гіды і экскурсаводы павінны ведаць асновы ідэалогіі Беларусі, укараняць ідэалагічную работу ў сваю дзейнасць, а таксама садзейнічаць умацаванню станоўчага іміджу краіны.
Акрамя таго ў пастанове ад 30 красавіка 2025 года з’явілася новая норма, паводле якой гіды павінны ўдзельнічаць у захаванні гістарычнай памяці і нацыянальных каштоўнасцяў.
Пастанова набудзе моц 11 ліпеня 2025 года.
З 1 студзеня 2023 года пачалі дзейнічаць новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць адпаведную атэстацыю. Падчас работы яны абавязаны мець пры сабе пералік тэм экскурсій, якія абаранілі перад камісіяй. Атэставаным экскурсаводам выдаюць бэйдж, які дзейнічае пяць гадоў.
У 2024 годзе экскурсаводам і гідам-перакладчыкам у Беларусі забаранілі займацца экскурсійнай дзейнасцю, калі раней іх судзілі па «палітычным» артыкуле — нават калі з іх знялі судзімасць або спынілі пераслед.