Усе мы ведаем гісторыю кахання Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста, а вось пра яе сястру — Ганну Эльжбэту Радзівілаўну не памятае амаль ніхто. А між тым яе лёс быў досыць важны. Як у яе з’явілася два жаніхі адначасова і чаму ніводзін з іх не стаў яе мужам? Якое дачыненне да яе лёсу меў кароль Жыгімонт Стары? Распавядаем у артыкуле.
Ганна Эльжбэта Радзівіл. Фота з Вікіпедыі
Наша гераіня нарадзілася ў 1518 г., памерла ў 1558 г. і была дачкой гетмана вялікага літоўскага Юрыя Радзівіла Геркулеса і Барбары Колаўны, родная сястра каралевы польскай Барбары Радзівілаўны і Мікалая Радзівіла Рудога. З нашай шляхты Радзівілы захавалі больш за ўсіх архіваў, таму мы ведаем аб іх асабістым жыцці трохі больш за іншых.
Шлюбная дамоўленасць і два жаніхі Ганны Радзівіл
Калі ў XV ст. асноўную ролю пры двары вялікага князя адыгрывалі яго сваякі з малодшых галінаў Гедымінавічаў і бюракратаў з літоўскіх родаў Падбярэзскіх, Гаштольдаў і іншых, пры Аляксандры і Жыгімонце Старым узышла зорка Радзівілаў і Астрожскіх. Іх шлюбная дамоўленасць мела на мэце перамагчы на той момант усемагутны клан Гаштольдаў на Літве.
Юры Радзівіл Геркулес (1733-37). Фота з Вікіпедыі
У 1523 годзе ў выніку пагаднення паміж Юрыем Радзівілам і ваяводам троцкім Канстанцінам Астрожскім Ганна Радзівіл была заручаная са старэйшым сынам Канстанціна — Іллём Астрожскім. 1 сакавіка 1524 г. яны атрымалі папскі дазвол на шлюб, бо Ілля быў праваслаўнага веравызнання. Але віленскі ваявода Альбрэхт Гаштольд не спаў у рукавіцу і зрабіў нейкую прапанову, пасля якой раптам Юры Геркулес перайшоў на яго бок.
Адбыліся заручыны Ганны і з адзіным сынам і спадчыннікам Альбрэхта — Станіславам. Больш за тое, дзеля пэўнасці шлюбнага пагаднення Юры Радзівіл заплаціў каралю Жыгімонту I Старому заклад у памеры 10 000 коп літоўскіх грошай. Так у Ганны Радзівілаўны стала два жаніхі адначасова.
Бацька і сын Астрожскія
Як вядома, Канстанцін Іванавіч Астрожскі, бацька Іллі, за сваё жыццё выйграў 63 бітвы.
Князь, найвышэйшы гетман Канстанцiн Iванавiч Астрожскi. 1514. Карціна Паўла Татарнікава. Крыніца: tatarnikov.com
Астрожскія былі валынскім княскім родам, які выводзіўся ад Рурыкавічаў, а абедзве жонкі Канстанціна Іванавіча — праваслаўнымі літвінкамі, што сведчыць аб яго цвёрдым жаданні ўвайсці ў кола палітычнай эліты праз беларускія землі ВКЛ. Маці Іллі, Таццяна Гальшанская, была першай жонкай. Пасля яе смерці ў 1522 г. Канстанцін другі раз ажаніўся з Аляксандрай Алелькавіч-Слуцкай, з якой прыжыў яшчэ двое малых сынкоў і дачок. Пасля смерці бацькі, з 1530 г. Ілля стаў старэйшым Астрожскім старастам брацлаўскім і вінніцкім. Юнак асабіста ездзіў ваяваць супраць татараў на Валыні ў 1530, 1531 і 1533 гадах. У 1534–1536 гг. малады князь удзельнічаў у маскоўскай вайне, у якой выставіў адзін з найбуйнейшых узброеных аддзелаў.
Юры Радзівіл спрабуе выратаваць здзелку
Як старэйшы роду Астрожскіх, ваявода і ўжо заслужаны рыцар, Ілля Канстанцінавіч адмовіўся ажаніцца з Ганнай Радзівіл. Прычынай стала яго каханне да прыдворнай фрэйліны Боны, Беаты Касцелецкай, якую некаторыя гісторыкі лічаць пазашлюбнай дачкой Жыгімонта Старога. Пасля сканчэння маскоўскай вайны, у 1536 г. Юры Геркулес запатрабаваў ад Астрожскіх выканання матрыманіяльнага пагаднення, але Жыгімонт Стары вызваліў Іллю ад абавязку выконваць абяцанне бацькі.
Беата Касцелецкая. Фота з Вікіпедыі
Прапануючы альтэрнатыву і спрабуючы выратаваць здзелку, у 1537 г. Юры Радзівіл паспрабаваў выдаць замуж за Іллю не Ганну, а сваю малодшую дачку Барбару. Ілля Астрожскі зноў не пагадзіўся. Барбара пайшла за Станіслава Гаштольда. На гэтым шлюбе род Гаштольдаў скончыўся.
Верагодна, прычынай нежадання мужчын жаніцца з Ганнай сталі чуткі аб яе кепскіх паводзінах і нават наяўнасці пазашлюбных дзяцей.
Няшчасны выпадак з Іллём Астрожскім
Вызвалены ад абавязкаў перад Радзівіламі, пасля гадоў чакання, Ілля 1 студзеня 1539 г. заручыўся з Беатай. Не марнуючы час, 3 лютага закаханыя пажаніліся. Адбіўся шлюбны пір, падчас якога правялі рыцарскі турнір. Найбольш няўдалая з вядомых у нашай гісторыі конная сшыбка рыцараў у бліскучых даспехах. Ці тое ў няшчасным выпадку, ці тое ад азарту падчас двубоя жаніха з каралевічам-спадчыннікам Жыгімонтам Аўгустам, Ілля Астрожскі зваліўся з каня і, верагодней за ўсё, атрымаў пашкоджанні ўнутраных органаў. Неўзабаве маладая надзея роду Астрожскіх захварэў і злёг. 16 жніўня 1539 года Ілля напісаў тэстамент, у якім завяшчаў сваё багацце ненароджанаму дзіцяці, якога чакала Беата, і выказаў жаданне быць пахаваным у Пячэрскай лаўры ў Кіеве. Праз тры месяцы пасля смерці бацькі нарадзілася дачка Эльжбэта (Гальшка) Астрожская. Лёс яе, як і шэрагу іншых апошніх дачок магнацкіх родаў, не быў шчаслівы.
Чаму кароль прыняў рашэнне ў інтарэсах кахання маладых
Як ведаем, стагоддзем пазней Хадкевічам не дазволілі саскочыць са шлюбна-апякунскага пагаднення з Радзівіламі, чаму ж Іллі Астрожскаму ўдалося?
Падсвецім персанальную гісторыю караля, які прыняў рашэнне ў інтарэсах кахання маладых, а не палітычнага разліка будучых дзядоў. Пакуль старэйшыя браты кіравалі ВКЛ, Польшчай і Венгрыяй, малодшы з Ягелонаў чакаў і ездзіў да іх у госці. Малады Жыгімонт Кейстутавіч, будучы Стары, пры двары свайго брата, польскага караля Яна Ольбрыхта ў 1498 г. спаткаўся з мараўкай Катарынай Тэльчынскай. Ад іх дзесяцігадовай пазашлюбнай сувязі нарадзілася трое дзяцей. Лепшую кар’еру з іх зрабіў Ян — біскуп віленскі і познаньскі (1499–1538).
Жыгімонт I (1511–1518). Партрэт Ганса фон Кульмбаха. Ілюстрацыя з Вікіпедыі
У 1505 г. Жыгімонт, наведваючы двор свайго старэйшага брата, венгерскага караля Уладыслава, пазнаёміўся з трансільванскай магнацкай сям’ёй Заполя. Сваякі і двор налягалі на 40-гадовага малодшага Ягелона, каб той афіцыйна ажаніўся. Адзіная дачка ў бацькоў — Барбара Заполя — павінна была стаць спадчанніцай 72 замкаў і шахтаў. Выгодная партыя для састарэлага прынца без каралеўства.
Але у 1506 г. памёр Аляксандр, і Жыгімонт становіцца спачатку вялікім князем літоўскім, а потым польскім каралём. Цяпер ужо венгерскія магнаты сталі кепскай партыяй для караля. Пачаліся выбары высакароднай нявесты. Сувязь з палюбоўніцай трохі яшчэ пратрымалася, але ў 1509 г. Жыгімонт вырашыў афіцыйна ажаніцца і расстаўся з Катарынай, падарыўшы ёй і дзецям гадавы аклад у 100 дукатаў, камяніцу на вуліцы Брацкай пад каралеўскай рэзідэнцыяй Вавелем і выдаўшы яе замуж за кароннага паскарбія Анджэя Касцелецкага. Відаць, прыдворны меў моцныя пачуцці да былой каралеўскай каханкі, бо рашэнне ажаніцца з дамай з такім бэкграўндам патрабавала асабістай мужнасці. Сваякі падскарбія ганьбілі яго і нават дэманстратыўна выходзілі з паседжанняў сената, калі той уваходзіў. Так ці іначай, шлюб Касцелецкіх адбыўся.
Чытайце яшчэ: Дык а чаму «Стары»? Гісторыя Жыгімонта І
Шлюб Жыгімонта Старога з Барбарай Заполя
Каралеўскі шлюб — справа больш доўгая, чым выпіхванне замуж іх каханак. Асабліва калі малады ўпіраецца. Жыгімонт Казіміравіч у 1511 г. усё ж такі ажаніўся з Барбарай Заполя.
Мармуровы бюст Барбары Заполя. Фота з Вікіпедыі
Потым кароль выехаў з маладой жонкай ваяваць супраць Масквы на Літву. Пакуль ішла вайна, маладыя не гублялі часу, і Барбара Заполя нарадзіла дзвюх дачок. Выношванне, роды і пасляродавае зажыўленне былі ў той час смяротна небяспечным і цяжкім выпрабаваннем нават для маладых каралёў.
Барбара Заполя памерла праз некалькі тыдняў пасля родаў у 1515 г.
Шлюб з Бонай Сфорцай
У тым жа 1515 годзе памёр і Анджэй Касцелецкі, а праз некалькі тыдняў пасля яго смерці нарадзілася Беата. Кароль Жыгімонт пагараваў тры гады, і ў 1518 г. ажаніўся з міланскай княжной Бонай Сфорца. Малую Касцелецкую забралі ад маткі і выхоўвалі пры двары каралевы Боны.
Бона Сфорца. Невядомы аўтар. Ілюстрацыя з Вікіпедыі
Маладая Бона Сфорца нараджала дзяцей амаль штогод, аж пакуль у 1527 г. не звалілася цяжарная з каня і не страціла плоднасць. Сваю бурлівую энергію яна скіравала на эканамічнае развіццё дзяржавы і кантроль асабістага жыцця свайго адзінага сына — Жыгімонта Аўгуста. Спробы гэтыя цягнуліся аж пакуль той пасля канфлікту з бацькамі з-за Барбары Радзівіл не саслаў матку з сёстрамі на Мазовію. Бона збірала грошы для сябе і не дбала аб зборы пасагу для дачок. Жыгімонту Аўгусту самому прыйшлося і ўладкаваць сёстраў. Удалося заключыць шлюбы толькі з князямі маладых дынастый Прусіі, Бруншвейка, Венгрыі і Швецыі. Выдаў усіх, акрамя Ганны, якая падтрымала матку ў канфлікце вакол Барбары Радзівіл, і ў пасаг за якой, яе жаніх дацкі прынц, захацеў крэпасці вакол Рыгі. Жыгімонт Аўгуст не стаў уладкоўваць яе асабістае жыцце за кошт дзяржавы.
Што да Боны Сфорцы, толькі ў 1556 г., праз восем гадоў ссылкі і афіцыйнага вырачэння ўсіх зямельных уладанняў на карысць дзяржавы, каралеву-матку адпусцілі дажываць у Італію.
Наступныя заручыны і шлюб Ганны Радзівіл
Вернемся да лёсу Ганны Эльжбэты Радзівілаўны. Яе наступныя заручыны адбыліся толькі пасля вяселля ў 1547 г. яе сястры Барбары з ужо вялікім князем і польскім каралём Жыгімонтам ІІ Аўгустам. У 1548 г. брат Ганны Мікалай Руды запланаваў яе шлюб з маршалкам валынскай зямлі Пятром Кішкам. Вяселле па розных прычынах некалькі разоў адкладалася, але нарэшце яно адбылося ў лютым 1549 г. Рост прэстыжу і скандал пры двары, звязаны з каранацыяй Барбары Радзівілаўны, спрыяў паслабленню яе адносін з Ганнай. Каралева паслала свайго прыдворнага Габрыэля Тарлу на вяселле да сястры, але сама на ім не прысутнічала. Неўзабаве пухліна — «цвёрдая шышка пад пупком» у 1551 г. пераравала жыцце Барбары. Шлюб Ганны з Пятром Кішкам быў бяздзетным, бо праз год той памёр. Добра, што былі іншыя Кішкі. Іх род яшчэ стагоддзе пратрываў.
Другі шлюб Ганны Радзівіл
Менш пашчасціла князям Гальшанскім. Аўдавеўшы, Ганна выйшла замуж другі раз, за апошняга з іх па мужчынскай лініі, літоўскага стольніка князя Сямёна Гальшанскага. Больш ніякіх звестак пра другі шлюб Ганны няма. Як і першы, гэты шлюб застаўся бяздзетным. Другі муж Ганны памёр у 1556 годзе.
Маёмасць роду Гальшанскіх падзялілі паміж васьмю сёстрамі Сямёна, якіх пабралі замуж Сапегі, Палубінскія, Вішнявецкія, Курбскія і іншыя. Ганна Эльжбэта Радзівілаўна памерла праз два гады пасля смерці мужа.
Ī., Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Беларускія князёўны: гісторыі кахання і шлюбных скандалаў