У 1967 г. бацька сучаснага прэм’ер-міністра Канады Джасціна Трудо — тады міністр юстыцыі П’ер Трудо, сцвердзіў: «Дзяржаве няма месца ў спальні нацыі». Практыка паказвае, што дзяржавам, асабліва такім грубым і нягеглым як постсавецкія, сапраўды не варта лезці сваімі калянымі лапамі ў адносіны паміж дарослымі людзьмі. Іх задача — акрэсліць заканадаўчыя межы і выконваць свае ж законы, каб людзі маглі планаваць будучыню для сябе і дзяцей. Каб яны былі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, а не ў чарговым прабітым іх галовамі «дне». Сацыялістычны эсперымент з 1918 г. даў нашым жанчынам, адным з першых у свеце, замацаванае законам права палітычнага голасу і замацаваў нормы самастойнага выбару імі сужэнца і кантролю над уласным целам. Але так было не заўсёды.
Распавядаем цікавыя факты пра шлюбныя стасункі беларускіх князёўнаў.
Уладзімір і Рагнеда, мастак A. Łasienka, 1770 г.
Пра каханне, мацярынства, права выбару і яго варыянты
У традыцыйным грамадстве на нашых землях жанчыны мелі асабістыя маёмасныя правы, абарону і гарантыі статусу ад мужчын іх дзявоцкага роду. Рагнеду з Ізяславам Уладзімір саслаў менавіта ў дзедзічны горад яе роду — Полацк. Асобнае пытанне пра ўплыў матак на сыноў, прынамсі чаму малодшы сын Рагнеды і Уладзіміра — Яраслаў Мудры выбраў для свайго старэйшага сына імя старэйшага брата Ізяслава, якога іх бацька пазбавіў права на кіеўскі пасад за абарону іх агульнай маткі.
Нявеста ўносіла пасаг у род жаніха, кіраванне ім заставалася ў першую чаргу за ёй і іх дзецьмі. У выпадку сямейнага канфлікту бацька ці браты маглі забраць пакрыўджаную жонку і не аддаваць мужу, пакуль той не выправіцца. Такі казус, напрыклад, адбыўся з Львом Іванавічам Сапегам. Калі ў часе рокаша летам 1607 г. у Нясвіжскі замак пад ахову Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі з’ехаліся жонкі Яна Караля Хадкевіча — Сафія з Мілецкіх і Льва Сапегі — Гальшка з біржанскіх Радзівілаў.
Кабеты пагаманілі, і высветлілася, што канцлер ВКЛ за спінай Радзівілаў, якія дагэтуль былі яму дабрадзеямі і забяспечылі кар’еру, інтрыгаваў, падстаўляў іх перад каралём. Старэйшыя браты Гальшкі — Януш і Крыштоф, якія тады кіравалі рокашам у ВКЛ і ваявалі з пракаралеўскай партыяй, спачатку загадалі нападаць на сапегаўскіх слугаў, а потым забралі Гальшку з пляменнікамі да сябе і паўгода, да лета 1608 г., не аддавалі мужу. Аж пакуль Леў Сапега не вытлумачыўся і з ёй, і з усімі Радзівіламі і рэальна не дапамог ім у вырульванні з небяспекі пасля прайгранага рокашу...
Помнік архетыповай беларускай Жонцы і Маці
У 2016 г. у Віцебску паставілі помнік Аляксандры Брачыславаўне Полацкай — жонцы Аляксандра Яраславіча, якога толькі з ХІХ ст. пачалі іменаваць Неўскім. Аляксандру Брачыславаўну бралі замуж з Полацка ў 1238 г. Дзякуючы гэтаму палітычнаму шлюбу наўгародцы займелі падтрымку палачан і віцяблян у змаганні супраць шведаў і крыжакоў. На віцебскім помніку сужэнец трымае на руках свайго старэйшага сына Васіля.
Помнік Аляксандру Неўскаму, яго жонцы Аляксандры і сыну Васілю ў Віцебску. Фота: Радыё Свабода
Сюжэт апісвае сітуацыю, калі ў 1245 г. Аляксандр Яраславіч адбіваў набегі Літвы на Навагародчыну і Смаленшчыну і асабіста забраў жонку з сынам з вакацый у іх дзеда ў Віцебску. Малодшы сын ад гэтага шлюбу — Данілка, стаў першым удзельным князем невялічкага Маскоўскага княства. Калі не глядзець на гэты помнік як на відавочную метку «рускага міру», можна назваць яго помнікам архетыповай беларускай Жонцы і Маці. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца.
Кроў «унукаў Рагвалода» ў жылах еўрапейскіх каралёў
Ганарлівая Рагнеда нарадзіла Ізяслава, ад якога пайшлі полацкія князі, і Яраслава Мудрага, ад якога пайшла галоўная галіна Рурыкавічаў, а Аляксандра Брачыславаўна дала палову сваёй высакароднай крыві і ДНК маскоўскай удзельнай дынастыі. Трохі пазней жонкамі і маці маскоўскіх вялікіх князеў сталі Соф’я Вітаўтаўна, Марыя Бароўская, Алена Глінская і Марта Скаўронская. Дзякуючы Сафіі Валадараўне кроў «унукаў Рагвалода» пацякла ў жылах дацкіх каралёў, а за імі французскіх і іншых еўрапейскіх дынастый. Ад Гедыміна і Еўны Полацкай паходзяць Альгерд і Кейстут. Ну і Ягелоны таксама маюць палову крыві князёў Друцкіх і Гальшанскіх, бо жонка, якая прынесла спадчыннікаў роду Уладыслава ІІ Ягайлы, была з земляў сучаснай Беларусі. Кожная з гэтых маці пражыла доўга і нарадзіла шмат дзетак.
Гісторыя Соф’і Гальшанскай і Ягайлы
Пасля Крэўскай уніі 1385 г. Ягайла пераехаў у прымакі на польскі двор, дзе было шмат «проталітаратараў». Нават вядома, што каб супакоіць страхі 14-гадовай нявесты, якую манахі страшылі «пушчанскім дзікуном з усходу» і адказаць, чаму жаніх не ажаніўся да 33 (ці, па іншых падліках, да 43) гадоў, перад сватаўством Ягайла памыўся ў лазні з польскімі пасламі. Агледзіны прайшлі выдатна. Паслы пераканаліся ў чалавечым аблічы, ладнасці і спраўнасці жаніха. Ягайла стаў каралём польскім Уладыславам ІІ і ажаніўся з польскай каралеўнай Ядвігай Анжуйскай. У шлюбе нарадзілася дачка, якую назвалі ў гонар маці.
Пасля смерці Ядвігі яе кароль-кансорт не паехаў дамоў, а застаўся польскім каралём. Спрабуючы захаваць пасад, Ягайла навыдаваў польскай шляхце правоў і двойчы няўдала браўся шлюбам. Жонкамі сталі славенская немка і полька, але нашчадка-хлопца бог не даваў. Кракаўскія магнаты ўжо разлічвалі на паўтарэнне Крэўскай уніі і гандаль сваёй каралеўнай на шлюбным рынку Еўропы. Іх планы абрынуліся, калі ў 1422 г. Ягайла ажаніўся з 17-гадовай праваслаўнай князёўнай Соняй Гальшанскай. Чарговы раз «маладому» на момант шлюбу было ці то 61, ці то 71 год. Соня стала каталічкай Соф’яй і каранавалася. Калі маладая каралева-літвінка пачала нараджаць сыноў, кракаўскія прыдворныя палітыкі ўбачылі пагрозу ўладзе палякаў над Польшчай.
Ягайла і Соф'я Гальшанская, малюнак з Вікіпедыі
Палітыка і вайна ў той час вымагалі пастаянных пераездаў. Ягайла быў часта на выездзе. За першы год шлюбу пара пражыла разам пару месяцаў. Гады каханню не памеха, прынамсі ў гэтай пары першы сын Уладзіслаў нарадзіўся ў 1424 г. Вясной 1427 г. чарговы раз цяжарную Соф’ю абвінавацілі ў шлюбнай здрадзе. Ягайла гэтым разам афіцыйна паверыў чуткам.
Пакаёвак-фрэйлін Соф’і арыштавалі і, як тады было заведзена, цалкам законна катавалі. Тыя паказалі на сем «палюбоўнікаў каралевы». Абвінавачаных пасадзілі пад арышт. Усе вязні пад катаваннем абвяргалі здраду Соф’і. Што да самой абвінавачанай, дык, паводле гуманных сярэднявечных законаў, нават вінаватую ў забойстве цяжарную кабету караць была нельга, толькі пасля родаў. Калі Соф’я нарадзіла сына, Ягайла ўсё ж правёў суд над жонкай і яе жаночым дваром. Кіраваць судовымі паседжаннямі польскі кароль прызначыў Вітаўта.
Соф’я Гальшанская. Аўтар: Марцэлі Краеўскі. Крыніца: platforma.bk.pan.pl
У выніку разгляду справы Соф’я і сем паважаных дам саскочылі з абвінавачанняў прынясеннем ачышчальнай клятвы на Бібліі. Справу закрылі, усім арыштанткам падзякавалі і выпусцілі іх, але адносіны каралеўскай пары назаўжды сапсаваліся. Па сведчаннях храністаў, Уладыслаў і Казімір Уладыслававічы Ягелоны былі вельмі падобныя да бацькі, ды і сучасныя генетыкі пацвярджаюць вернасць каралевы.
Праз 3 гады пасля суда Ягайла замацаваў за сынамі польскую карону, хоць і быў вымушаны абвесціць яе выбарнасць. Соф’я не забыла абразы. Неяк так супала, што ў гэты ж час раптам памерла старэйшая зводная сястра прынцаў Ягелонаў — Ядвіга Ягайлаўна. У фабрыкаванні правакацыі абвінавацілі крыжацкую выведку, а той сёй «крыжацкі агент» з польскіх магнатаў быў абвінавачаны ў паклёпе на каралеву і прысеў на гады ў турэмную вежу.
Працяг будзе...
Ī., Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Неверагодныя беларускія жанчыны. Ад Рагнеды да Багінскай