Таямніцы мінулага, цікавыя факты, легендарныя асобы, шмат чаго невядомага вам раней з беларускай гісторыі вы зможаце даведацца ад доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча ў відэапраекце Budzma.org «Гісторыя за 5 хвілін». На гэты раз гаворка пойдзе пра гісторыю зямлі крывічоў і ўтворанае імі Смаленскае княства.
Чаму Смаленскае княства з’яўляецца адным з першых беларускіх дзяржаўных фарміраванняў? Што стала штуршком для арганізацыі крывічанамі ўласнага княства? Чаму Кіеў прыкладаў вялікія намаганні, каб аказваць уплыў на Смаленск? Дзе насамрэч знаходзіўся старажытны цэнтр Смаленска? Што азначае надпіс на самым старажытным помніку пісьменства ўсходняга славянства, знойдзеным на Смаленшчыне? Як княству ўдалося вырвацца з-пад апекі Кіеўскага стальца і калі Смаленшчына ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага? Алесь Краўцэвіч прыадчыняе дзверцы ў гісторыю Смаленшчыны і адказвае на вышэйзгаданыя пытанні.
Ведаць гісторыю сваёй Радзімы — абавязак сапраўднага грамадзяніна. Гэтая навука распавядае пра жыццё мінулых пакаленняў, іх ўнутраныя стасункі паміж сабой, знешнія дачыненні з суседзямі. Гісторыя ўказвае на памылкі мінулых часоў і вучыць не рабіць іх наноў.
У гэты няпросты час «Будзьма беларусамі!» прапануе пачаць вывучаць або пашырыць свае веды па гісторыі Беларусі разам з вядомым гісторыкам і археолагам Алесем Краўцэвічам, які зробіць экскурс ад самых старадаўніх часоў нашай мінуўшчыны да атрымання Беларуссю незалежнасці. Вас чакае гісторыя развіцця продкаў сучасных беларусаў, іх культура, гісторыя войнаў, загадкі з жыцця вядомых асобаў і аналітычныя высновы ад Алеся Краўцэвіча пра тое, чаму стужка мінулых часоў у пэўныя моманты паварочвала так, як вядома нам цяпер, а не іначай.
Пры наступнай відэасустрэчы гісторык распавядзе пра гісторыю Берасцейшчыны. Чаму за гэтыя землі змагаліся між сабой кiеўскiя, тураўскiя, пiнскiя, менскiя, галiцка-валынскiя і мазавецкія князі. Патлумачыць, чаму горад паўстаў на балоце і як увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага.
Папярэднія выпускі глядзіце па спасылцы.