На продаж «Гроднааблдзяржмаёмасць» выставіла некаторыя аб’екты па вул. Яснапольская і Фолюш — гэта будынкі двух штабоў і каманднага пункта, будынкі штаба з падвалам і склада з падвалам, будынак спартовай залы, у якой часова размясціўся імправізаваны праваслаўны храм, і гістарычны нежылы будынак. Агульны кошт усіх аб’ектаў складае больш за 3,5 млн беларускіх рублёў.
На першы погляд ніякай унікальнасці пабудовы не ўяўляюць, аднак яшчэ пару дзясяткаў год таму тут быў ваенны гарадок, а сам Фолюш мае амаль 250-гадовую гісторыю.
На Фолюшы мог паляваць сам Станіслаў Панятоўскі
Гісторыя Фолюша бярэ свой пачатак у другой палове XVIII стагоддзя. Тады гэтае месца было прамысловым прадмесцем горада ўздоўж рэчкі Ласасянка. Жыхары тагачаснага Фолюша займаліся земляробствам і актыўна лавілі рыбу.
Кавалак старой мапы, дзе пазначана Ласосна
Недарэмна рэчка мае назву Ласасянка, а мясцовасць — Ласосна — на нераст з Балтыйскага мора па Нёмане вялікай колькасцю заходзіў ласось. Там жа былі і невялічкія мануфактуры па валянню (выпростванню) сукна, працэс называлі «валяннем» ці «фаляваннем», таму і мясцовасць называлі «Валюшам» ці «Фолюшам». Прадпрыемствы былі закладзеныя гродзенскім старастам Антоніем Тызенгаўзам.
Антоній Тызенгаўз
Чыноўнік тады пабудаваў яшчэ і тры рэзідэнцыі ў ваколіцах Гродна для апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі
Адна з іх — Аўгустовак — знаходзілася акурат на гэтай тэрыторыі. Ёсць звесткі, што Панятоўскі тут прагульваўся ці паляваў.
Падарунак ад расійскай царыцы і шкілет маманта на беразе ракі
Пасля падзелу Рэчы Паспалітай будынак рэзідэнцыі і зямля вакол яго сталі належыць расійскаму генералу ірландскага паходжання — Маўрыкію дэ Ласі — руская царыца Кацярына ІІ у 1818 годзе асабістым загадам перадала яму гэтыя землі ва ўладанне.
Руская імператрыца Кацярына ІІ
Не маючы дзяцей, стары генерал дэ Ласі вырашыў перадаць сваю спадчыну пляменніку — англійскаму капітану Патрыку О’Браену. Генерал хадатайнічаў тады аб аб’яднанні двух радавых ліній О’Браен і дэ Ласі ў адну. Праз некаторы час Патрык О’Браен дэ Ласі стаў расійскім дваранінам.
Патрык цікавіўся гісторыяй і калекцыянаваннем, у яго маёнтку быў сапраўдны музей, які ў 1837 годзе папоўніўся рэдкай знаходкай. Увесну таго ж года, побач з паселішчам Фолюш, абрынуўся адзін з берагоў Ласасянкі, мясцовы млынар заўваўжыў, што з-пад зямлі тырчаць вялікія косткі, аказалася, што гэта шкілет маманта. Пра гэта даведаўся Патрык і выкупіў частку шкілета для ўласнай калекцыі.
У 1848 — 1849 гадах Патрык праяўляў сваю адданасць «новай Радзіме», забяспечваючы пастой расійскім салдатам, якія рухаліся на захад змагацца з рэвалюцыйнымі хваляваннямі ў Венгрыі, а сваіх старэйшых трох сыноў Патрык адправіў служыць у рускае войска.
Новая ўладальніца — знакамітая мадэльерка
На пачатку ХХ стагоддзя ў рода О’Браен дэ Ласі выкупілі маёнтак Фолюш Іван і Антаніна Самсонавы. Антаніна, у дзявоцтве Грачова, было вядомай дызайнеркай, мадэльерам і першай гродзенскай фотамадэллю, яе ведалі нават у імператарскім доме, а сярод мясцовых заможных паннаў Антаніна была заканадаўцам тагачаснай моды, кожная гродзенская модніца марыла аб пышнай сукенцы ад Антаніны.
Антаніна Самсонава з дачкой
У 1904 годзе пасля вучобы дызайнерка выйшла замуж за капітана тылу Івана. Набыўшы Фолюш, Самсонавы пасяліліся ў маёнтку на беразе Ласасянкі. Вайсковец Іван, з дапамогаю сродкаў сваёй вядомай жонкі вельмі хутка заснаваў уласны бізнес — здаваў у арэнду будынкі, што размяшчаліся на тэрыторыі Фолюша для размяшчэння расійскіх войскаў.
Іван Самсонаў
Па ініцыятыве Івана пабудавалі новыя цагляныя казармы, стайні, складскія памяшканні, пляц і дарогі, якія адпавядаюць устаноўленым ваенным ведамствам строгім патрабаванням.
Тагачасныя вайсковыя пабудовы
У 1913 годзе гродзенскае ваеннае ведамства выкупае маёнтак у Самсонавых для размяшчэння войска. Вакол Гродна ў тыя часы актыўна будавалася Гродзенская крэпасць, тады і быў заснаваны ваенны гарадок, некаторыя будынкі якога існуюць па сённяшні дзень. У 1915 годзе Самсонавы пакінулі Гродна і перабраліся ў Пскоў.
Ваенны гарадок у часы Першай Сусветнай вайны
З вайсковай часткі ў лагер для палонных
За «польскім часам» на тэрыторыі ваеннага гарадка знаходзіўся адзін з дывізіёнаў літоўска-беларускага палка палявой артылерыі. З пачаткам Другой сусветнай вайны на Фолюшы двойчы вяліся баявыя дзеянні: бамбардзіроўка ў верасні 1939 года і баі ў чэрвені 1941 года, падчас пераправы нямецкіх войскаў праз Ласасянку. З ліпеня 1941 па восень 1942 на тэрыторыі Фолюша быў лагер для ваеннапалонных — Шталаг 324. Ён займаў плошчу каля 50 гектараў. Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны на тэрыторыі былога лагера Шталаг 324 быў створаны часовы лагер для тых, хто вяртаўся з нямецкага палону.
Тут сялілі вайскоўцаў з ГДР
Пасля вайны і ажно да часоў распаду СССР на тэрыторыі фолюшскага ваеннага гарадка знаходзіліся танкавая і механізаваная дывізіі. На пачатку 1990-х гадоў раён вакол вайсковага гарадка стаў моцна забудоўвацца дзевяціпавярховікамі — там мусілі жыць вайскоўцы, якіх скарацілі або звольнілі ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы пасля падзення Берлінскай сцяны.
На месцы былога ваеннага гарадка напрыканцы года мусіць распачацца маштабнае будаўніцтва сучаснага мікрараёна, частка пабудоваў, якія не ўяўляюць вялікай каштоўнасці, будзе знесена. На іх месцы павінны паўстаць сучасныя шматпавярховікі, школа, дзіцячы садок, паліклініка і два паркі.
11 кастрычніка гэтага года ў Гродне адбыўся аўкцыён, на якім спрабавалі прадаць некаторыя з аб’ектаў былога ваеннага гарадка, аднак, жадаючых не знайшлося. Пра дату наступнага аўкцыёну пакуль невядома.
Алесь Масевіч, Budzma.org