Быў арыштаваны па абвінавачанні ў рэвалюцыйнай дзейнасці, скіраванай на ліквідацыю дзеючага дзяржаўнага ладу. Тры гады адсядзеў на Валадарцы. Не, гэта не хронікі палітвязняў Беларусі, гэта жыццё Якуба Коласа. Пра гісторыю помніка песняру, што быў урачыста адкрыты 3 лістапада 1972-га ў Мінску, піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе».
Якуб Колас
Знаходзячыся на плошчы ягонага імя, каля помніка, што выпраменьвае супакой, ня так проста ўявіць чалавека, які ў запале мог быць арганізатарам нелегальных сходаў інтэлігенцыі, дзе яны абмяркоўвалі тое, як бы зрынуць рэжым.
Не будзем забываць, хто быў родным дзядзькам Якуба Коласа: братам маці паэта зьяўляўся Язэп Лёсік, кіраўнік ураду Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, фактычны кіраўнік дзяржавы.
Якуб Колас памёр за сваім працоўным сталом 13 жніўня 1956 года. У гэтым жа годзе Камароўскую плошчу ў Менску перайменавалі ў гонар песьняра. На плошчы з 1965 па 1972 гады знаходзілася зусім іншая мэталічная кампазыцыя з назовам «Мірны атам», прысьвечаная дасягненьням савецкае навукі. Якім чынам гэта спалучалася з Якубам Коласам у галовах тых, хто быў адказны за пасьляваеннае ўпрыгожаньне сталіцы — застаецца толькі здагадвацца.
«Мірны атам»
На наступным здымку на пярэднім пляне ідзе будаўніцтва жылога дома завода «Ударнік», зьлева — паліграфкамбінат (яшчэ бяз вежы), наперадзе — Інстытут фізкультуры. Усходні бок Камароўскай плошчы яшчэ не забудаваны, праспэкт тут мае выразны выгіб, пасьля ліквідаваны.
Ідзе будаўніцтва жылога дома завода «Ударнік»,1953
Плошча Якуба Коласа набыла свой канчатковы выгляд. Фотаздымак першай паловы 1960-х гадоў. На жылым доме завода «Ударнік» стаіць рэклямная канструкцыя «Міжгароднія размовы з кватэрных тэлефонаў у крэдыт».
Фотаздымак першай паловы 1960-х гадоў
Выгляд у бок Інстытуту фізкультуры. Адразу кідаецца ў вочы адсутнасьць на плошчы помніка Якубу Коласу.
Фотаздымак першай паловы 1950-х гадоў. Бачны Інстытут фізкультуры, які ўзвышаецца манумэнтальным палацам па-над драўлянымі халупамі.
У 1972 годзе, акурат на 90-ю гадавіну з дня народзінаў Якуба Коласа, на плошчы было скінутае покрыва, што хавала помнік, безь якога, натуральна, ужо ня зможаш успрымаць Менск.
Аўтар — знакаміты скульптар Заір Азгур. Паэта і скульптара доўгія гады зьвязвалі цёплыя сяброўскія адносіны. Азгур ня раз ляпіў Коласа з натуры: плястычныя партрэты, створаныя Азгурам, датуюцца 1924, 1939, 1949 і 1959 гадамі. Даваенныя бюсты, на жаль, не захаваліся. Дасьледчыкам вядома, што пры стварэньні мемарыялу на плошчы Азгур узяў за аснову паўфігуру паэта, якую ляпіў з натуры ў 1949 годзе.
У 1960-я пасьля некалькіх тураў конкурсу вызначыліся дзьве найбольш цікавыя прапановы — Заіра Азгура і Сяргея Селіханава. Сяргей Селіханаў прапанаваў паставіць на плошчы статую Коласа ў сымбалічным вобразе сейбіта. Ды і ў самога Азгура, апрача таго, што ўвасоблены ў жыцьцё, былі распрацаваныя некалькі розных варыянтаў помніка. Напрыклад, такі: Колас стаіць, прыхіліўшыся да дрэва, з капелюшом у руцэ. Альбо яшчэ адзін — Колас абапіраецца на кіёк. Спыніліся на шматфігурнай трохчастковай кампазыцыі — Якуб Колас сярод герояў сваіх літаратурных твораў. Аўтарамі яго выступалі скульптар Заір Азгур і мастак-архітэктар Георгі Заборскі. Праўда, Заборскі браў удзел толькі ў пачатковай стадыі распрацоўкі праекту, а стваралі помнік сумесна з Азгурам архітэктары Юры Градаў і Леанід Левін.
«На доўгай плошчы імя Якуба Коласа — прадаўгаватае, мэтраў на 45 азярцо, абрамленае дзікім каменьнем, тымі валунамі, што трапілі на нашу беларускую зямлю яшчэ ў ледавіковы пэрыяд. А ў цэнтры, на тым баку, якім гэтая плошча мяжуе з вуліцай Якуба Коласа, павінен узвышацца вялізны валун, глыба, на якой павінна сядзець жывая, ня меншая глыба — гэта сам Колас», — так абгрунтоўваў Азгур сваю задуму.
Па абодва бакі ад помніка — плястычныя кампазыцыі «Дзед Талаш» і «Сымон-музыка».
Якуб Колас і дзед Талаш
Сымон-музыка і Ганка ўвасабляюць лірычны бок Коласа, а выведнік Панас з партызанам дзедам Талашом — гераічны.
3 лістапада 1972 году на ўрачыстую цырымонію адкрыцьця помніка Якубу Коласу на плошчы, што носіць ягонае імя, сабраліся шматлікія зоркі літаратуры: Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Іван Шамякін, Максім Лужанін.
Цікавы факт: у год адкрыцьця непадалёк ад помніка былі высаджаныя маладыя бярозы і вербы. Праз гады некаторыя з дрэваў прыйшлося ссекчы і выкарчаваць, бо іх карані дабраліся да мэтрапалітэна.
Існуе легенда, што на пачатку перабудовы, калі простаму савецкаму чалавеку слова «бомж» было яшчэ ў навіну, у нішы пад статуяй паэта міліцыя знайшла замаскіраваную начлежку менскіх валацугаў.
У 2000-я ля помніка былі ўсталяваныя фантаны.
Мясцовыя дагэтуль кажуць «сустрэнемся на ЯКу», «на ЯКах будзеш?». А закаханыя прызначаюць спатканьні ля левага бота паэта.
У дзень сьмерці Якуб Колас напісаў ліст у вышэйшыя органы партыі, у якім выказаў занепакоенасьць станам беларускай мовы, прадказаў яе заняпад. Ліст доўгія гады быў засакрэчаны. Вось невялікі фрагмэнт зь яго:
«Установы сталіцы вывелі з абыходу беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльдаў і надпісаў, мала беларускіх афішаў і плакатаў. Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны зьдзек зь яе. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўленьня, пастаноўкі націскаў, мова засьмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газэтчыкі не карыстаюцца мовай у побыце. Пераклады газэтных артыкулаў і матэрыялаў радыё даручаюцца машыністкам і малаграматным людзям. Адкуль жа тут узяцца добрай мове? Вось і пішуць нашы газэты і часопісы: «прадстаячы», «маючыйся», «кіруемы» і іншыя страхападобныя словы».
Здаецца, якраз нагода перачытаць «Новую зямлю» і «Сымона-музыку».