Гісторыя расізму ў Амерыцы, пабег з Паўночнай Карэі і вандроўка па Нарвегіі: 5 дакументальных фільмаў 2023 года, якія варта паглядзець

16.01.2024 Забавы Кіно

2000-я гады можна назваць сапраўдным росквітам дакументальнага кіно, у тым ліку тэлевізійных фільмаў. Тэхнічны прагрэс, пераход да лічбавых камер даў штуршок для развіцця жанру. Напэўна, многія памятаюць карціны пра прыроду ды навакольны свет на National Geographic.

У нашыя дні тэлевізар глядзяць усё меней. Але стрымінгавыя платформы далі новае жыццё гэтаму жанру. Budzma.org зрабіла падборку вартых прагляду дакументальных фільмаў, якія выйшлі ў мінулым годзе.


«Дэвід Холмс: хлопчык, які выжыў» (David Holmes: The Boy Who Lived)

Рэжысёр: Дэн Хартл

Жанр: драма

Malchy wuzul

Галоўны герой фільма — каскадзёр, які быў дублёрам Дэніэла Рэдкліфа ў першых фільмах пра Гары Потэра. Дэвід выконваў усе складаныя трукі замест самога Дэніэла і шмат у чым паўплываў на акцёра, які тады яшчэ быў дзіцем. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце (Дэвід быў старэйшы на 7 гадоў), у іх склаліся сяброўскія адносіны. Але на здымках фільма «Гары Потэр і Дары Смерці: Частка II» здарыўся няшчасны выпадак: каскадзёр пашкодзіў пазваночнік і страціў магчымасць хадзіць.


Нягледзячы на сумную гісторыю Дэвіда Холмса, карціна атрымалася светлая: пра ўзлёты, падзенні і сапраўднае сяброўства. Фільм будзе цікавы ўсім аматарам Гары Потэра, бо ў ім шмат архіўных кадраў са здымак.

«За ўтопіяй» (Beyond Utopia)

Рэжысёр: Мадлен Гэвін

Жанр: драма

Za utopiey

Фільмы пра Паўночную Карэю здымаць вельмі нялёгка. Унутр краіны трапіць незалежным дакументалістам практычна нерэальна. А тыя, хто збег, часта асцерагаюцца выказвацца адкрыта, бо могуць наклікаць непрыемнасці на сваіх блізкіх, якія засталіся ў Карэі.

Героі гэтага фільма збеглі ўсёй сям’ёй: з дзецьмі ды васьмідзесяцігадовай бабуляй і ўсё ж вырашылі распавесці свету сваю гісторыю. Унікальнасць карціны заключаецца ў тым, што здымкі адбываюцца ў рэжыме рэальнага часу. Аказваецца, проста ўцячы з Паўночнай Карэі мала: трэба яшчэ прабрацца праз Кітай і Вʼетнам, улады якіх часта адпраўляюць бежанцаў назад на радзіму, дзе ім пагражаюць канцлагер ці нават расстрэл. А пераадолець джунглі і перайсці нелегальна мяжу ім дапамагае паўднёвакарэйскі пастар і праваабаронца Сын-Ын.


«Кібербункер: крымінальны свет» (Cyberbunker: The Criminal Underworld)

«Кибербункер: даркнет в Германии» (назва фільма ў расійскім дубляжы)

Рэжысёр: Макс Райнер

Жанр: драма, крымінал

Bunker

Дакументальны фільм вытворчасці Netflix распавядае гісторыю нямецкіх хакераў, якія ў 1990-х гадах пабудавалі цэлую лічбавую імперыю, а затым выкупілі велізарную тэрыторыю з бункерам. Каб арыштаваць іх, паліцыі спатрэбіўся не адзін год.


У аснову фільма леглі інтэрвʼю з удзельнікамі тых падзей, у тым ліку хакерамі, якія ўжо выйшлі на волю. І хоць гісторыя крымінальная, карціна не пазбаўлена гумару і драйву 1990-х.

«Штамп з самага пачатку» (Stamped from the Beginning)

«С самого начала: история расизма в Америке» (назва фільма ў расійскім дубляжы)

Рэжысёр: Роджэр Рос Уільямс

Жанр: гістарычны

Gistorya Rasizma

Калі юная афраамерыканская паэтка Філіс Уітлі вырашыла выдаць зборнік вершаў, сабралася цэлая камісія з белых мужчын. На двары стаяла XVIII стагоддзе, і яны не маглі паверыць, што рабыня з Афрыкі можа валодаць літаратурным талентам. Тым не менш Філіс змагла даказаць, што вершы напісаны ёй, і стала натхненнем для многіх афраамерыканцаў.


У фільме распавядаецца пра вытокі ўзнікнення расізму ў ЗША і пра тое, як гэта зʼява паўплывала на сучасную Амерыку.

«Песні Зямлі» (Fedrelandet / Songs of Earth)

Рэжысёр: Магрет Олін

Жанр: драма

Pesnia Zemly

«Песні Зямлі» — амаль медытатыўны фільм, дзе рэжысёрка разам са сваім састарэлым бацькам адпраўляецца ў падарожжа па горнай мясцовасці. Менавіта ў гэтым кутку Нарвегіі вырас галоўны герой.

Гэта неверагодна атмасферная карціна пра чалавека і магутную прыгажосць прыроды.


Марта Радушкевіч, budzma.org


Чытайце яшчэ:  5 серыялаў, якія выйдуць у гэтым годзе