Zvezde Granda — папулярнае музычнае шоў талентаў. Яго запісваюць у сэрбскім Бялградзе. Глядзяць шоў усе балканскія краіны. У апошнім эфіры папулярнасьць у ім і высокія ацэнкі журы здабыла Ксенія Тану — першая беларуска ў конкурсе. Блог «Галасы» пагутарыў са сьпявачкай.
Ксенія Тану
Эфір шоў Zvezda Granda за 4 лютага толькі на YouTube мае больш за 660 тысяч праглядаў. На канал падпісана больш за 1,3 мільёна чалавек.
Zvezda Granda — самае буйное музычнае спаборніцтва ў балканскім рэгіёне. Конкурс арганізаваны Grand Production для пошуку таленавітых сьпевакоў. У мінулыя гады ў ім удзельнічалі і выйгравалі сьпевакі з балканскіх краін.
Ксенія Тану — першая ўдзельніца конкурсу зь Беларусі. Пасьля ўдзелу ў шоў яе ролікі ў сацыяльных сетках Instagram і Tik-Tok набралі ад 500 тысяч да 1 мільёна праглядаў.
Яна нарадзілася і вучылася ў Гомлі. Сьпяваць пачала са школы. «Сьпявала дзе толькі магла. Удзельнічала ва ўсіх магчымых конкурсах. Мая мара — стаць пасьпяховай сьпявачкай», — кажа Ксенія.
Ксенія навучалася ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры на дзённым аддзяленьні, затым перавялася ў Інстытут сучасных ведаў на завочнае. У 2011 годзе ўдзельнічала ў праекце «Фабрика зірок 4» у Кіеве. Жыла там чатыры месяцы, сьпявала на ўкраінскай, расейскай і беларускай мовах, выйшла ў фінал.
«Быў пэрыяд жыцьця, каля васьмі гадоў, якія я правяла ў Кітаі. Сьпявала там на ангельскай і кітайскай. Нам, сьпявачкам, мовы лёгка даюцца, я так думаю», — кажа беларуска.
Цяпер Ксенія жыве ў чарнагорскай Падгорыцы. Разам з мужам-чарнагорцам гадуе двух сыноў. Старэйшаму пяць гадоў, малодшаму — восем месяцаў.
«Мне падабаецца Чарнагорыя! Тут выдатнае надвор’е. Самае галоўнае — няма маразоў, якія я ня надта люблю. Калі меншаму сыну было толькі тры месяцы, падала заяўку на гэты конкурс Zvezda Granda. Падумала так: «От, няхай будзе, што будзе!». На той момант я зусім ня ведала чарнагорскай ці сэрбскай моваў. Яны падобныя, але гэта розныя мовы. Але мяне гэта не спыніла. Падумала — от, вывучу», — са сьмехам расказвае Ксенія.
Яна кажа, што была шакаваная, калі атрымала станоўчы адказ і запрашэньне на шоў.
«Тут яно надта папулярнае. Яго глядзяць і ў Сэрбіі, і ў Босьніі, Харватыі, у Чарнагорыі з Македоніяй. У суботу людзі садзяцца каля тэлевізара і глядзяць яго. Прычым ня толькі дарослае пакаленьне, але і моладзь», — кажа сьпявачка.
На шоў трэба выканаць дзьве песьні — адну «павольную» і адну «хуткую». Адной зь песень, якую выбрала для выкананьня Ксенія, была «Малітва». Зь ёй у 2007 годзе перамагла на «Эўравізіі» сэрбская сьпявачка Марыя Шэрыфавіч. Цяпер яна ў журы конкурсу.
Калі канкурсант атрымае большасьць балаў і пераходзіць у наступнае кола, то ён выбірае сабе настаўніка зь ліку журы. «Але мэнтар пры жаданьні можа адмовіцца ад вас. Я выбрала Марыю Шэрыфавіч. Некалі, 15 гадоў таму, я аддала ёй 10 балаў на «Эўравізіі» і захаплялася ёй. І вось цяпер яна мой мэнтар — проста паверыць цяжка!» — кажа Ксенія.
Дарэчы, у эфіры за 4 лютага Марыя Шэрыфавіч «строга наказала» беларусцы вучыць сэрбскую мову.
«Я яе разумею добра, сьпяваць магу. Але гавару ня вельмі. Таму цяпер узмоцнена вучу, шмат размаўляю з мужам, узяла курсы. Калі ведаеш беларускую ці ўкраінскую мову, то сэрбская ня будзе такой цяжкай», — кажа сьпявачка.
Ксенія прызнаецца, што ня вельмі добра ведае сытуацыю, у якой цяпер знаходзяцца беларускія сьпевакі, бо дзесяць гадоў практычна не жыве ў Беларусі.
«Ведаю, што ў нас шмат талентаў. Але, можа, для іх не хапае шоў, конкурсаў, дзе яны могуць праявіць сябе? Я, каб трэба было выканаць песьню на беларускай мове, то задумалася б пра аранжыроўку «Песьняроў», напрыклад. Гэта магло бы быць крута. Бо старыя песьні ў сучасным гучаньні і апрацоўцы могуць па-новаму зайграць», — лічыць беларуска.
У Чарнагорыі яна заўважыла, што людзі аддаюць перавагу нацыянальнай музыцы, якая гучыць тут паўсюль. «Была на вясельлі тут — і шэсьць гадзін іграла толькі нацыянальная музыка. Для мяне гэта трохі дзіўна. Бо ў нас розную слухаюць. Відаць, што яны надта любяць сваю музыку», — кажа Ксенія.
Ксенія гаворыць, што не адчувала на шоў нейкай дыскрымінацыі. Наадварот, мела падтрымку.
«Ім было цікава са мной паразмаўляць. Усё-такі зь іншай краіны чалавек. Яны ня так шмат ведаюць пра Беларусь, але з дапамогай мяне больш даведаюцца. У камэнтарах пісалі, што шукалі, дзе тая Беларусь, той Гомель. Прагучала вэрсія, што я молада выглядаю, бо ў нас непадалёк Чарнобыльская АЭС. Нехта выказаўся, што беларусы выглядаюць молада ўсе, бо ў іх радыяцыя. Але гэта жарты», — са сьмехам расказала Ксенія.
Яна кажа, што будзе рабіць «усё магчымае», каб дайсьці да фіналу шоў
.