Адкуль з’явілася назва Грушаўка, ці быў гэты раён калісьці вёскай? Дзе знаходзіцца адзін з найстарэйшых драўляных будынкаў Беларусі? Як колішнія жыхары Грушаўкі дабіраліся да цэнтра горада? Распавядаем гісторыю Грушаўскага пасёлка, які фактычна стаў першым у Мінску прататыпам сучаснага мікрараёна.
Сустрэча старой і новай Грушаўкі. Фота аўтара. 2018 г.
Грушаўкай сёння мы называем вялікую гарадскую прастору, якая цягнецца паміж праспектам Дзяржынскага і вуліцай Чыгуначнай. Пачыналася гісторыя гэтага гістарычнага прадмесця ў апошняй трэці ХІХ стагоддзя, калі ў Мінск прыйшла чыгунка. У 1871 г. былі пракладзены рэйкі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, побач з якімі былі пабудаваны вагонарамонтныя майстэрні — сучасны Вагонарамонтны завод.
Зусім не вёска
Гістарычныя будынкі найстарэйшага прадпрыемства. Фота аўтара. 2019 г.
Рабочым-чыгуначнікам патрабавалася жыллё, якое ў горадзе было занадта дарагім. Тут жа, у полі насупраць вагонарамонтных майстэрань, ля дарогі на вёску Пятроўшчына, з 1880-х гадоў рабочыя пачалі будаваць для сябе драўляныя гарадскія сядзібы. Грушаўка ніколі не была вёскай, як зараз многія часцяком пішуць.
Вуліца Грушаўская (жоўтая дарога) і кварталы Грушаўкі на фрагменце карты Мінска і ваколіц. 1884 г.
Грушаўка — ад вуліцы Грушаўскай
Напрыканцы ХІХ стагоддзя новыя кварталы, што выраслі за перадатачнай лініяй Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, называлі Добрымі Мыслямі — па найменні прадмесця, якое сфармавалася ўздоўж сучасных вуліц Маскоўскай і Чкалава. Але ўжо ў пачатку наступнага ХХ стагоддзя яны атрымалі найменне Грушаўкі.
Фрагмент карты Мінска 1898 г. Праваруч — прадмесце Добрыя Мыслі, злева ад лініі чыгункі — Грушаўка.
Адкуль узялася такая назва, невядома. Ніякага хутара, а тым болей вёскі з падобнай назвай раней тут не было. Можна меркаваць, што найменне прадмесця пайшло ад вуліцы Грушаўскай, якая ўзгадвалася яшчэ на праектных планах канца ХІХ стагоддзя. А вось чаму яна так называецца, можна толькі здагадвацца. Мажліва, яе найменне пачалося ад раскідзістай грушы, пад лісцем якой пасяліліся першыя жыхары будучай Грушаўкі.
Дом на вуліцы Разінскай, 20. Тыповая гарадская сядзіба канца ХІХ ст. Знесены ў 2018 г.
Галоўнай вуліцай прадмесця з самага пачатку стала Грушаўская, якая з’явілася на аснове трасы загараднай дарогі з Мінска да вёсак Пятроўшчына і Гарадзішча. Пачыналася вуліца ад чыгуначнага пераезду, а яе працягам за лініяй чыгункі быў Дабрамысленскі завулак. Па ім можна было патрапіць на вуліцу Маскоўскую, затым налева, пад Заходні мост і на галоўную вуліцу горада Захараўскую. Менавіта так траплялі ў цэнтр Мінска жыхары Грушаўкі ажно да 1930-х гадоў.
Заходні мост, за якім пачынаецца вуліца Маскоўская. Павярнуўшы направа, на Дабрамысленскі завулак, можна было патрапіць у Грушаўку. 1953 г. Фота з кнігі В. Кірічэнкі «Гістарычны партрэт горада».
Акрамя Грушаўскай, на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў тут з’явіліся яшчэ некалькі вуліц. Паралельна ёй праляглі Восіпаўская і Кандуктарская вуліцы і некалькі перпендыкулярных завулкаў. Восіпаўская з 1920-х і па сёння называецца Разінскай, а Кандуктарская — Чыгуначнай. Першую з іх, ад якой «патыхала» рэлігійнай тэматыкай, бальшавікі перайменавалі ў гонар народнага расійскага бунтара Сцяпана Разіна. А вось чым была не даспадобы прафесія кандуктара, сказаць цяжка.
Дамы старэюць, як людзі. Дом па Разінскім завулку ў 2007 г. Фота аўтара.
Няміга, бальніца ды турэмны дом
Не толькі жылыя дамы паўсталі на Грушаўцы. У пачатку ХХ стагоддзя на вуліцы Дзяменцьеўскай непадалёк ад скрыжавання з Грушаўскай знаходзіўся медначыгуналіцейны завод Ліфшыца. Побач быў размешчаны гандлёвы склад таварыства «Мазут». Сёння на тым месцы — комплекс будынкаў па Грушаўскай, 5 і 5а. Трошкі далей — артылерыйскія склады расійскай арміі. А па вуліцы Дзяменцьеўскай, падзеленай чыгункай, можна было прайсці з Грушаўкі да Добрых Мысляў — вуліцы Маскоўскай, вакзала Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (зараз прыстанак Інстытут культуры) ды Суражскага рынку.
Артылерыйскія склады і завод Ліфшыца на карце Грушаўкі ў 1911 г.
Праз Грушаўку працякала легендарная для нашага горада рака Няміга. Яе рэчышча пралягала ўздоўж Разінскага завулка, а выток знаходзіўся за лініяй чыгункі Мінск — Брэст на тэрыторыі суседніх Добрых Мысляў. У 1920 г. ручай Няміга і Разінскі завулак патрапілі ў аб’ектыў вядомага фотамастака Льва Дашкевіча. Мужчына ў белай кашулі на фота — славуты мастак Язэп Драздовіч.
Язэп Драздовіч ля ручая Няміга. Фота Льва Дашкевіча. 1920 г.
За вагонарамонтнымі майстэрнямі, на прылеглай да чыгункі тэрыторыі ў 1914 годзе быў пабудаваны комплекс чыгуначнай бальніцы, які складаўся з асноўнага корпуса, некалькіх дапаможных і вадацяжнай вежы. Галоўны корпус, арыентаваны на чыгунку Мінск — Берасце, быў узведзены ў папулярным у пачатку ХХ стагоддзя стылі мадэрн.
Галоўны корпус былой чыгуначнай бальніцы павернуты фасадам да чыгункі, таму яго цяжка сфатаграфаваць. Фота аўтара. 2020 г.
У сярэдзіне 1980-х праз чыгунку быў пабудаваны мост-пуцеправод па праспекце Жукава. Мост-пуцеправод прайшоў праз тэрыторыю бальніцы. У выніку былі знесены 2 дапаможныя карпусы, а вадацяжная вежа і 2 карпусы аказаліся адрэзанымі ад асноўнай часткі бальніцы. Вежа з’яўляецца адзінай вадацяжнай з трох падобных, што захавалася ў нашым Мінску з дарэвалюцыйнай эпохі. Патрапіць унутр яе не атрымаецца, бо стаіць яна замкнёная — новы ўласнік не здолеў за 20 гадоў уключыць яе эканамічны зварот. Хоць знешні выгляд вежы здавальняючы.
Вадацяжная вежа-прыгажуня. Фота аўтара. 2007 г.
Да чыгуначнай бальніцы можна было падысці па Дабравешчанскім завулку, які зараз называецца Аўтадораўскім. Тут у пачатку ХХ стагоддзя чыгунка пабудавала некалькі драўляных жылых дамоў па тыпавых праектах, дзе рабочыя-чыгуначнікі атрымоўвалі службовыя кватэры. Асобныя з іх захаваліся. У тым ліку і дом № 6, які з’яўляецца адным са старэйшых драўляных дамоў Мінска. І дакладна самым старым двухпавярховым домам у горадзе, а магчыма, і ўсёй Беларусі. На жаль, ён не мае ахоўнага статусу помніка архітэктуры.
Гэты дом быў пабудаваны ў 1900 г. і з’яўляецца адным з найстарэйшых драўляных будынкаў Беларусі. Фота 2012 г.
Праваруч па Грушаўскай вуліцы, як ісці ад цэнтру горада, знаходзіўся будынак, які належаў земскай управе. У пачатку ХХ стагоддзя, ва ўмовах пашырэння рэвалюцыйнага руху, царскія ўлады размясцілі тут арыштанцкі дом — прататып сучаснай «хіміі». Тут адбывалі пакаранне тыя зняволеныя, якія лічыліся не асабліва «небяспечнымі». Бываў тут у апошнюю частку свайго зняволення ў Мінску і Якуб Колас. На жаль, на дадзены момант невядома, ці захаваўся будынак: доступ на гэтую тэрыторыю закрыты, бо там размешчана вайсковая частка.
Якуб Колас у 1908 г.
У Грушаўскім пасёлку
У канцы 1920-х гадоў у полі за сядзібамі прадмесця Грушаўкі пачалося будаўніцтва двухпавярховых жылых дамоў Грушаўскага пасёлка. Старарэжымнае слова «прадмесце» саступала месца новаму пралетарскаму «пасёлку». Новыя «двухпавярховікі» ўзвышаліся над дахамі старых аднапавярховых сядзібаў. У большасці дамоў пражывалі рабочыя-чыгуначнікі і працоўныя вагонарамонтнага завода.
На парозе пераменаў. 2017 г. Фота аўтара.
Забудова Грушаўскага пасёлка актыўна праходзіла ў 1928–1934 гг. Усяго было ўзведзена больш за 50 драўляных двухпавярховых дамоў. І хоць у іх не было водаправоду і каналізацыі, новыя кватэры былі жаданымі для многіх рабочых розных прадпрыемстваў. Дамы былі размешчаны ўздоўж паралельных і перпендыкулярных вуліц пасёлка, тым самым утвараючы ўражанне параднасці і строгасці.
Дамы 1930-х у 2007 г. Фота аўтара.
Новыя дамы ўзводзіліся на новых вуліцах, найменні якіх адпавядалі эпосе і былі насычаны рэвалюцыйнай героікай і савецкімі дасягненнямі. Адна з іх называлася Дзекабрыстаў і ўшаноўвала рэвалюцыянераў-дзекабрыстаў. Другая была названа ў гонар Мікалая Шчорса — героя грамадзянскай вайны. Трэцяя была прыжыццёва названа ў гонар даследчыка Арктыкі Івана Папаніна. Яшчэ адна нагадвала ўсім пра папулярнае ў 1930-я гады слова — Парашутная. А тая, што аддзяляла апошнія кварталы Грушаўскага пасёлка ад граніцы горада, — Савецкіх пагранічнікаў.
Грушаўка і яе кварталы леваруч чыгункі на карце Мінска 1934 г.
Першы прататып мікрараёна
У новых кварталах Грушаўскага пасёлка будаваліся не толькі жылыя дамы. Тут для мясцовых жыхароў была прадугледжана неверагодная па тым часе інфраструктура: прадуктовыя крамы, дзіцячыя сады, школа, сквер. Фактычна Грушаўскі пасёлак стаў першым у Мінску прататыпам сучаснага мікрараёна.
Некалькі падобных крамаў стаялі ў розных кутках Грушаўкі. Фота аўтара. 2007 г.
Сярэдняя школа № 3 была пабудавана ў 1936 годзе на 3-м Чыгуначным завулку. Аўтар праекта пакуль невядомы, а сам будынак быў узведзены ў папулярным у міжваенным часе стылі канструктывізму. У гэтай школе вучыўся Герой Савецкага Саюза лётчык старэйшы лейтэнант Казімір Шабан, які здзейсніў 123 баявыя вылеты.
Сярэдняя школа № 3 — адна з найстарэйшых у Мінску. Фота аўтара. 2014 г.
Дзіцячыя сады ў Грушаўскім пасёлку будавалі ўнутры кварталаў на месцы прыватных агародаў. Першы з’явіўся яшчэ напрыканцы 1920-х на 3-м Чыгуначным завулку і знешне падкрэсліваў канструктывісцкую стылістыку. На жаль, яго знеслі некалькі гадоў таму. А вось другі, узведзены ў 1930-х у больш сціплай архітэктуры, захаваўся (Грушаўская, 65). Разам з вентыляцыйнымі калпакамі бамбасховішча, прыбудаванага да дзіцячага сада ў пачатку 1950-х.
Дзіцячы сад па Грушаўскай вуліцы 1930-х. Фота аўтара. 2014 г.
Цікава, але жылыя дамы будаваліся на Грушаўцы не толькі драўляныя. Так, ля сярэдняй школы № 3 і дзіцячага сада на 3-м Чыгуначным завулку ў 1938 годзе быў узведзены трохпавярховы дом для рабочых фабрыкі імя Вароўскага (сучасная абутковая фабрыка «Прамень»). Будынак са сціплымі рысамі канструктывісцкай архітэктуры быў адрамантаваны ў 2020 годзе. Ягоны брат-блізнятка захаваўся на Чыгуначнай, 26.
Мураваны дом 1930-х з рысамі стылю канструктывізм. Фота аўтара. 2019 г.
Вакол Белпалка
У 1930-х на месцы былога завода Ліфшыца і гандлёвага складу быў пабудаваны комплекс казармаў для вайсковай часткі № 7404, якую называлі «Белпалком». У велізарным будынку (зараз Грушаўская, 5 і 5а) знаходзіліся не толькі казармы, але і сталовая, бібліятэка і клуб, у якім, па ўспамінах мясцовых жыхароў, выступала Любоў Арлова.
Адзін з найцікавейшых прыкладаў архітэктуры канструктывізму ў пачатку 2000-х быў перабудаваны да непазнавальнасці. Фота аўтара. 2007 г.
Падчас нацысцкай акупацыі Мінска ў гэтым комплексе знаходзіліся нямецкія казармы. Зараз комплекс належыць міністэрству ўнутраных спраў. На жаль, у пачатку 2000-х будынак з рысамі архітэктуры канструктывізму быў непазнавальна перабудаваны. Побач знаходзіцца Маскоўскі РУУС (Грушаўская, 9), будынак якога з’явіўся таксама ў 1930-я. Тады яго называлі «сяржацкім домам», бо там кватаравалі сяржанты Белпалка.
Былы «сяржанцкі» дом Белпалка ў 2014 г. Фота аўтара.
А для афіцэраў Белпалка ў тыя ж гады па Грушаўскай, 11 быў узведзены вялікі жылы дом. Падобныя дамы называлі ДАСамі — «дамамі афіцэрскага складу». Але гэты дом адрозніваецца ад звычайных ДАСаў, пабудаваных па тыпавых праектах. Ён такі адзін, бо будаваўся па індывідуальным праекце невядомага архітэктара. Тут пражывалі сем’і афіцэраў Белпалка.
Дом афіцэрскага складу па Грушаўскай, 11. Фота аўтара. 2014 г.
Вуліца Дзяменцьеўская, на якой знаходзіўся Белполк, напрыканцы 1920-х была перайменавана ў вуліцу Фелікса Дзяржынскага (сучасны завулак Фабрыцыуса). Важныя ўстановы, размешчаныя на ёй, патрабавалі добрай камунікацыі, таму яе забрукавалі. А жыхары Грушаўскага пасёлка атрымалі зручны праезд па гэтай вуліцы праз чыгунку на вуліцу Маскоўскую, да якой было метраў 400.
Грушаўка на нямецкім плане 1942 г.
У ценю Грушаўскага скверу
Цэнтрам Грушаўскага пасёлка становіцца сквер, заснаваны вучнямі сярэдняй школы № 3 у 1938 годзе паміж вуліцамі Дзекабрыстаў і Папаніна.
Першапачаткова сквер быў невялікі, квадратны па форме. Але ў час Вялікай Айчыннай вайны некалькі бомбаў патрапілі ў прылеглыя да скверу кварталы, дашчэнту спаліўшы многія дамы. І пасля вайны тэрыторыя скверу павялічылася ў 2 разы, пашырыўшыся на ўсход.
Пасля бамбардзіровак Вялікай Айчыннай вайны. Фрагмент аэрафота 1944 г.
Тратуары ў скверы ўздоўж вуліц Папаніна і Дзекабрыстаў былі выкладзены самым шыкоўным у перадваенныя 1930-я гады матэрыялам — клінкерам. Пасля вайны ў першапачатковай заходняй частцы скверу было пабудавана бамбасховішча з 2 уваходамі. Таксама тут праводзілі раённыя святы і грамадскія мерапрыемствы.
Уваход у былое бамбасховішча на тэрыторыі Грушаўскага скверу. Фота аўтара. 2007 г.
А вось у новай, заходняй частцы скверу былі высаджаны дрэвы і пракладзены алеі. Ліпы і таполі за 60 гадоў выраслі ў магутныя дрэвы, ператварыўшы Грушаўскі сквер у зялёны куток нашага горада. У 2009 годзе сквер атрымаў афіцыйную назву — Грушаўскі. А некалькі гадоў таму дзве траціны тэрыторыі скверу былі добраўпарадкаваны, на старыя напрамкі алеяў пакладзена новая брукаванка.
Ужо ў нашыя дні нядобрасумленныя забудоўшчыкі задумалі значна скараціць тэрыторыю скверу і забудаваць яе шматпавярховым домам. Барацьба за зялёную зону ішла ўвесь 2019 год, а ў пачатку 2020-га жыхары Грушаўкі здолелі абараніць свой сквер. У 2021 годзе апошняя траціна Грушаўскага скверу атрымала новыя ходнікі.
Грушаўскі сквер пасля добраўпарадкавання. Фота аўтара. 2018 г.
Кіно «Авангард» і метро «Грушаўка»
Напрыканцы 1940-х на вуліцы Папаніна, якраз насупраць скверу, на месцы спаленых у час вайны дамоў па тыпавым праекце была пабудавана сярэдняя школа № 14. Спачатку яна была выключна «жаночай», пазней сюды пусцілі вучыцца і хлопчыкаў. У 1990-я школу зачынілі, і сімпатычны будынак з рысамі неакласічнай архітэктуры быў занядбаны. Аднак пасля таго, як будынак перадалі пад агенцтва па зямельным кадастры, яго адрамантавалі.
Будынак былой школы № 14 у 2007 г. Фота аўтара.
Побач са школай № 14, таксама насупраць скверу праз вуліцу Папаніна, у 1956 годзе быў узведзены кінатэатр «Авангард». Будынак у стылістыцы ампіру быў пабудаваны па праекце архітэктаркі Зоі Брод і быў разлічаны на 300 гледачоў. Сквер і прыгожы кінатэатр сталі цэнтрам Грушаўкі. Але ў пачатку 2000-х кінатэатр закрылі. А ў 2018 годзе ўвогуле знеслі, нягледзячы на здавальняючы стан будынка.
Былы кінатэатр «Авангард» у 2007 г. Фота аўтара.
У 1960-1980-х Грушаўка ператварылася ва ўтульную ўскраіну горада. Не толькі невялікія сядзібы, але і двухпавярховыя дамы тут патаналі ў зеляніне садоў. Зачараванне вузкімі зялёнымі вуліцамі не праходзіла нават пры ўзгадках пра крымінальнае напаўненне асобных грушаўскіх двароў.
Яшчэ некалькі гадоў таму Грушаўка патанала ў зеляніне. Фота аўтара. 2017 г.
«Мадэрнізацыя» і знос старой забудовы
У 1950-1960-я Грушаўка значна пашырыла свае межы ўздоўж вуліц Грушаўскай і Чыгуначнай, дасягнуўшы Уманскай. У 1965 годзе быў пабудаваны мост-пуцеправод праз чыгунку па вуліцы Чыгуначнай, стаўшы галоўнай сувяззю грушаўцаў з горадам. Былыя пераезды ў цэнтр Мінска праз Добрамысленскі завулак ды вуліцу Дзяржынскага былі перакрыты. Тады ж у Грушаўку прыйшоў тралейбус: маршрут № 8 мог давезці па Ленінскім праспекце да плошчы Якуба Коласа.
Мост-пуцеправод 1965 г. Фота аўтара. 2019 г.
Менавіта ў 1960-я пачынаецца працэс паступовага зносу старой Грушаўкі з адначасовай «мадэрнізацыяй» яе забудовы, калі пасярод сядзібаў ды баракаў пачалі з’яўляцца то тут, то там шматпавярховыя будынкі. Спачатку была пашырана вуліца Шчорса, а на яе рагу з Грушаўскай выраслі 5 інтэрнатаў. Затым у 1977 г. праз Грушаўку была «прарублена» новая магістраль для вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, а саму вуліцу перайменавалі ў праспект Дзяржынскага.
Грушаўка на схематычнай карце 1957 г.
Праўда, траса новага праспекта Дзяржынскага не атрымалася прамой: там, дзе да яго прымыкала вуліца Хмялеўскага, з-за нязнесенага прадпрыемства ўтварыўся аб’езд. Былыя артылерыйскія склады ў 1920-я былі ператвораны ў патронны завод. А ў 1950-1980-я тут знаходзілася вельмі важнае для савецкага ваенна-прамысловага комплексу прадпрыемства па выпуску ваенна-палявых кухань. Яго знеслі і выпрамілі праспект Дзяржынскага толькі ў пачатку 2000-х.
Старая і новая Грушаўка. Фота аўтара. 2020 г.
Прайшоў праз Грушаўку — і яшчэ адзін праспект — Жукава. Ягонае будаўніцтва вялося ў сярэдзіне 1980-х, у выніку чаго былі знесены некалькі дзясяткаў сядзібаў першай паловы ХХ стагоддзя і пасляваенная сярэдняя школа № 39. Але самы вялікі знос Грушаўка зазнала ў перыяд будаўніцтва метро — у 2006-2012 гадах. Не менш маштабныя перамены адбыліся тут і пазней, бо многія забудоўшчыкі ацанілі кошт зямлі пасля будаўніцтва метрапалітэна.
Груша на станцыі метро.
На 5-м Чыгуначным завулку ў сярэдзіне 1980-х адзін са старых мураваных двухпавярховых будынкаў быў адселены і перабудаваны. У 1989 годзе ў ім адбылося адкрыццё музычнай школы № 11. Галоўны фасад гэтай школы ўпрыгожаны сграфіта на музычную тэму, аўтарам якога з’яўляецца вядомы мастак Сяргей Каткоў.
Музычная школа № 11.
Музычнае сграфіта. Фота аўтара. 2014 г.
Сёння Грушаўка — гэта ўтульны і прыгожы мікрараён, дзе можна сустрэць фрагменты старога Менска. Тут захаваліся першапачатковая вулічная планіроўка, самае старое прадпрыемства горада, асобныя помнікі драўлянай і мураванай архітэктуры, цудоўны Грушаўскі сквер. Са старой Грушаўкай звязаны лёсы паэта Анатоля Аўруціна, акадэміка Яўгена Бабосава, гімнасткі Святланы Багінскай, фізіка Ігара Малевіча. У новай Грушаўцы пасяліліся журналісты Адар’я Гуштын, Ягор Марціновіч, спявак Макс Корж, палітолаг Арцём Шрайбман.
Сцяпан Ліпкоўскі, budzma.org