Выйшаў новы выпуск праекта «Хрусь і папалам». Культурна-асветніцкі партал «Будзьма беларусамі» ў супрацы з «Купалаўцамі» ламае беларусафобныя стэрэатыпы ў новым відэапраекце «Хрусь і папалам». Дапамогуць у гэтай справе блогер «daroha» Валера Руселік і ганаровы чалец «ЧынЧынЧэнэл» Сяргей Мікалаевіч (Міхась Зуй).
Беларусь падарыла свету безліч выбітных імёнаў. Сёння нарадзінцамі нашае зямлі, а таксама іх нашчадкамі ганарацца многія народы ў самых розных кутках Зямлі. Яно і не дзіва: праз усю беларускую гісторыю адсюль у белы свет у пошуках лепшае долі ехалі тысячы і тысячы. Хтосьці — у пошуку прыгодаў, іншыя — па лепшую працу або адукацыю, многія — каб застацца на волі і ўратаваць жыццё сваё і сваіх блізкіх. Масавую эміграцыю з тыхсама прычынаў перажывае і сучасная Беларусь. Як тут ужо нават Сяргею Мікалаевічу не задацца журботным пытаннем: дык а калі ўсе з’едуць, то хто ж тады застанецца? Дзе тады будзе тая Беларусь? Па які бок мяжы?
Охохоххх... Няўжо і на гэтую журбу знойдзе што адказаць Валера Руселік (блогер daroha)? Які дарэчы таксама намаганнямі розных сяргееў мікалаевічаў, сёння знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.
Апошні і, бадай, самы шчымлівы выпуск «Хрусь і папалам-2» — вашай увазе!
Спадзяемся, мы яшчэ абавязкова пабачымся! Да сустрэчы, сябры! Хрусь і папалам!