16 лютага КДБ прызнала выдавецтва экстрэмісцкім фарміраваннем, сёння дадалі гэтую інфармацыю у адпаведны спіс МУС. У спіс трапілі сацсеткі выдавецтва і сайт.

«Гэта значыць, што за супрацу з выдавецтвам, нават за падабайкі і падпіску, вас могуць пасадзіць у турму. Калі ласка, адпішыцеся, калі вы ездзіце ў Беларусь або жывеце там. Наша сумленне чыстае: мы імкнуліся выдаваць прыгожыя кнігі па-беларуску. Мабыць, занадта добра ў нас гэта атрымлівалася. Тыя, хто жыве ў вольным свеце і можа не хвалявацца за сваю бяспеку: нам вельмі патрэбная ваша падтрымка. Набывайце нашы кніжкі і настолкі, чытайце па-беларуску і не губляйце веры: разам мы дамо рады з гэтым насланнём», — напісана ў сацсетках выдавецтва.
Выдавецтва «Гутэнберг» — прыватнае беларускае выдавецтва ў Польшчы, заснаванае ў 2023 годзе ў Кракаве беларусамі, якія вымушана пакінулі Беларусь. Спецыялізуецца на выданні навуковых, навукова-папулярных, даведкавых і мастацкіх кніг, а таксама настольных гульняў, факсіміле мапаў і гравюр, сувенірнай прадукцыі. Сярод першых праектаў — адрыўны каляндар-слоўнічак «Мова вольных: 365 родных слоў», пазл «Бітва пад Воршай 1514» і г.д.

Галоўная рэдактарка выдавецтва Валянціна Андрэева. Фота з асабістага архіву
budzma.org