Мерапрыемства, прысвечанае аднаму з пачынальнікаў беларускай прозы, падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі сумесна з народным літаратурна-мастацкім аб’яднаннем “Рунь” раённага цэнтра культуры. Пра гэта Край.бай паведаміла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Сугака.
Кіраўнік літаратурнага аб’яднання Валянціна Гіруць-Русакевіч і бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Марына Тур расказалі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, які ў 1870-х гг. жыў у Пяршаях (пра што сведчыць мемарыяльная шыльда на будынку былога лясніцтва).
Сапраўднае імя пісьменніка – Антон Іванавіч Лявіцкі. Яго бацька працаваў у Пяршаях ляснічым графа Тышкевіча. Нейкі час Антоська Лявіцкі наведваў прыватную школку Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Люцінцы. Таму мерапрыемства і насіла назву “Вучань беларускага Дудара”.
На сустрэчу былі запрошаны вучні сярэдніх школ №1 і №2 райцэнтра і навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя.
Некаторыя са школьнікаў прынялі непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве – яны прачыталі ўрыўкі з успамінаў пісьменніка і яго дачкі, казку Ядвігіна Ш. У выкананні школьнікаў прагучалі таксама вершы метадыста літаратурнага аб’яднання “Рунь”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Курылы і вядомага краязнаўца, стваральніка і першага рэжысёра Пяршайскага народнага тэатра Мікалая Ганчарыка, прысвечаныя Ядвігіну Ш.