Алесь Кіркевіч піша на budzma.by пра феномен расійскага палітыка Аляксея Навальнага
Навальны зрабіў смелы ўчынак. Не паспрачаешся. Менавіта таму найбліжэйшым часам ён будзе піць зусім не нямецкае піва, а турэмны «чыф» у СІЗА «Матроская цішыня».
Размова не пра гэта. А пра ягоны феномен. Як палітыка і чалавека, які існуе адразу ў дзвюх матрыцах. У адной — як галоўны вораг, у другой — як герой.
Навальны зрабіў прарыў: паказаў, што ў Расіі, з яе ачковымі сарцірамі, казакамі, карупцыянерамі, залачонымі цыбулінамі цэркваў, «вагнераўцамі» і камбатантамі ДНР, усё ж існуюць адэкватныя сучасныя сімпатычныя людзі.
Ён, нібы Неа ў вядомым фільме, вырваўся з усяго гэтага, паказаўшы свету і самім расійцам, што так можна. Месяцы расследаванняў, тыдні здымак, мантажу і... вуаля! Звычайны грамадзянін вялікай дзяржавы ўжо торгае за вусы самога Пяскова ці даводзіць да шаленства Салаўёва.
Устойлівасць расійскай матрыцы апошнімі дзесяцігоддзямі стабілізавалася двума шляхамі экзістэнцыі яе грамадзянаў. Або ты малады, прыкольны і прыгожы — ідзеш у бізнес, айці, едзеш у Маскву ці «Лонданград».
Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
Або ты немалады, абыякавы і цярплівы — тады далей жывеш у пасёлку Вялікія Гаўнішчы, глядзіш ТБ, купляеш «пузыр» і адпачываеш. З голаду не памрэш, бо Расія — не Бангладэш.
Абодва згаданыя шляхі не прадугледжваюць аднаго — канфрантацыі з матрыцай. Бо ты — бедны ці багаты, прыгожы ці гідкі, малады ці ўжо пенсіянер — жывеш па яе правілах. Навальны вырашыў жыць па-іншаму. Сказана — зроблена. Навальны паскакаў у бой з адкрытым забралам. Шасцярэнькі матрыцы пачалі працаваць. Спачатку акуратна — зялёнка, затрыманні, суткі. Пасля — бах! — атручванне баявым ядам. Пасля — ягонае расследаванне пра тое атручванне і выканаўцаў. Пасля — вяртанне ў фармаце паходу на Галгофу...
На кожным кроку Навальны нібыта раскрываў усім і кожнаму, як працуе матрыца. Спачатку заўважае цябе, пасля вывучае, сочыць, шукае варыянты прыбраць, цісне, зрываецца з катушак і — б’е.
Такая сабе анлайн-экскурсія ў свет таталітарызму ХХІ стагоддзя. І шмат для каго гэта было рэальным адкрыццём.
Разам з тым нельга сказаць, што Навальны цалкам адмаўляе матрыцу. Ён расіец, а што яшчэ горш — расійскі палітык. Пуцін можа быць ягоным ворагам, а Расія — не. Бо Расія — гэта і радзіма, і электарат. Адсюль усе гэтыя недаказанасці пра Крым, пра малыя народы імперыі з іхнымі правамі ды мовамі, нават фраза жонкі Юліі ў самалёце: «Хлопчык, гарэлачкі нам прынясі...» — з культавага фільма, поўнага шавіністычных архетыпаў.
Зрэшты, мабыць, расійскім лідарам апрыёры не можа стаць чалавек, адарваны ад усяго гэтага. Расійскі эмігрант Аркадзь Бабчанка, які марыць пра «абрамсы» на вуліцах Масквы, дакладна не можа. А Навальны — можа.
А што наконт другой матрыцы? А гэта той сусвет, дзе Навальны штодня перамагае, а Пуцін, «Расгвардыя» і чыноўнікі-карупцыянеры цярпяць паразу. Гэта анлайн-сусвет, царства твітараў, фэйсбукаў і мемаў. Шматмільённыя прагляды відэа з расследаваннямі, анлайн-трансляцыі, лайкі і рэпосты, вось гэта ўсё. У гэтай матрыцы Навальны як рыба ў вадзе. Сапраўдны Джэймс Бонд у добра адпрасаванай кашульцы, з пераканаўчай харызмай, эмацыйнай жэстыкуляцыяй, разумным позіркам, забойчымі аргументамі. Праблема адно ў тым, што ніхто не можа падлічыць, у якой ступені лайкі ды прагляды ў інтэрнэце канвертуюцца ў вулічныя акцыі, забастоўкі і г.д. А галоўнае — ці канвертуюцца яны ў вынік.
Бо пакуль не заўважна, каб Расія была «цяжарная рэвалюцыяй». Першая матрыца надалей пакідае два магістральныя шляхі экзістэнцыі грамадзяніна РФ — цалкам прымальныя для большасці. Катастрофы ды апакаліпсісы з паяданнем пацукоў і паленнем мэблі ў піцерскіх дварах пакуль не прадбачацца.
Дык з якога перапуду ў Расіі мае адбыцца бунт, мяцеж, перамены?.. Праз атручванне «Навічком» нейкага прыкольнага перца? Праз яго пасадку ў турму? Вы пра што?..
Дзве матрыцы насамрэч цудоўна суіснуюць і нават выгадныя адна адной. Проста для першай Навальны — вораг (ёй патрэбныя ворагі), для другой — герой (ёй неабходныя героі). Але герояў у анлайн-сусвеце багата: Дудзь, Маргенштэрн, Вольга Бузава. Вы ж не пойдзеце на барыкады паміраць, бо нехта атруціў Бузаву, праўда?..
Анлайн-матрыца жыве па законах кінажанру або тэатра. Герой выступае на сцэне ў прамянях пражэктараў, уся зала глядзіць на яго стаіўшы дыханне, пакуль спектакль ідзе — ён галоўны. Усё вакол — праз яго і для яго.
А вось тэатр як будынак, установа і штат супрацоўнікаў жывуць у афлайн-матрыцы. Герой на сцэне можа казаць і рабіць што заўгодна: крычаць, заломваць рукі, паміраць... Але праз гэта сцены тэатра не абрынуцца. І дырэктар пасля авацыяў не зменіцца. Дзейны дырэктар, зрэшты, таксама можа сядзець у зале і з усмешкай пляскаць у далоні.
Чаму Навальны вярнуўся? Вынік жа быў прадказальны — турма. А таму, што так працуюць законы сцэны і анлайн-сусвету. Сваю ролю трэба граць да канца, нават калі ў фінале Галгофа. Інакш не будзе апладысментаў. Інакш цябе няма. Палітык у эміграцыі — як актор на пенсіі.
Замест P.S.
У якасці контраргумента ўсяму вышэйсказанаму можна прывесці паспяховую гісторыю Леніна ў 1917-м, які вярнуўся з эміграцыі ў запламбаваным вагончыку і — змяніў гісторыю. Чым Навальны горшы?..
Не горшы, але іншы. І час іншы. Пра Леніна да 1917-га ўсе нармальныя людзі даўно забыліся. А яму і не трэба была вядомасць: ён не поп-зорка, не Дудзь і не Маргенштэрн.
Ленін вярнуўся ўжо пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Гэта як бы Навальны вярнуўся ў Расію без Пуціна.
Ленін быў зусім не медыйным чалавекам, зрэшты, як і Сталін. Непрыгожы, слабы аратар, але добры стратэг, прагматык. Яму патрэбная была не карцінка, а вынік. Ленін быў лідарам маргінальнай баявой партыі, у якой хапала паўкрымінальнага элементу, а таксама патэнцыйных уседлівых апаратчыкаў. Паводле іроніі лёсу, увесь цвет падобнай публікі у сучаснай Расіі — гэта акурат апаненты Навальнага... І сваю рэвалюцыю яны ўжо зрабілі. А вось з «контрай» будуць змагацца бязлітасна.
Алесь Кіркевіч, budzma.by