З даўніх давён беларусы хораша рабілі вытанчаныя гліняныя рэчы і палюботна карысталіся імі. З даўніх давён тут з’явілася друкаваная кніга. А вось каб два гэтых умельствы сышліся разам і падзівілі людства сваім адвечным звязам, здараецца толькі зрэдзьчасу.
Аднак жа ўслаўляная намі 500-годнасьць кнігадруку да стараладнага ганчарнага цэнтру Краіны – мястэчка Івянец – вельмі нават дапасавалася.
29-га красавіка ў Івянец завіталі з песняй і мастацкім словам знаны бард Алесь Камоцкі і паэтка Антаніна Хатэнка. І сустрэча склалася гэтак паяднана, быццам і першая кніга, выдадзеная колісь Францішкам Скарынам далёка ў Празе, і ганчарны круг, што няспынна круціцца й дагэтуль у Івянцы, сустрэліся вось тут і цяпер ды зноўку сцвердзілі магуту этнічнай культуры.
Гаворка і спяванне, роздум пра гісторыю і сучаснасць, літаратуру і народную творчасць у Івянецкім музеі традыцыйнай культуры з’ядналі прысутных тут настаўніц, бібліятэкараў, музэйных супрацоўнікаў, сябраў мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы ў супольнасць, памкнёную пазнаваць свой Край, свае звычаі, досвед сваіх папярэднікаў.
І дарункі гасцей івянчанам ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – паштоўкі са слоўцамі па-беларуску, некалькі нумароў часопіса “Дзеяслоў”, адмысловая торбачка былі надта ж дарэчы: паперадзе Міжнароднага дня музеяў далучнасць да аднаўлення нацыянальнай атрыбутыкі падалася вельмі своечасовай.
Адбылося таксама й цёплае спатканне з выхаванцамі Івянецкага дому-інтэрнату для дзяцей з абмежаваннямі фізічнага развіцця. Школьнікі шчыра і адкрыта радаваліся гэткай рэдкай падзеі – наведанню іхнага Дому паэткай і музыкам, спрабавалі спяваць разам з Алесем Камоцкім і цешыліся ўласным поспехам, атрыманню сувеніраў, у праводжанай Антанінай Хатэнкай літаратурна-гістарычнай віктарыне.
Гэтак, разам з настаўнікамі і выхавальніцамі, старэйшыя навучэнцы ў якасці ўдзякі за гасцяванне паказалі свае вырабы з розных матэрыялаў, якія яны выштукоўваюць у рамесным класе, увасабляючы вобразы і персанажы беларускай культурнай традыцыі.