Ганна Янкута: Асцярожна, лета!

“Небяспечнае лета” Тувэ Янсан, якое толькі што выйшла па-беларуску ў выдавецтве Змітра Коласа ў перакладзе Алесі Башарымавай, — гэта вам зусім не “Небяспечнае лета” Эрнеста Хемінгуэя, дзе той небяспекі — з жабіны прыгаршчы: карыда, быкі, матадоры. Тут усё па-сапраўднаму: агнядышная гара і жудасная паводка, якая прымушае мумісямейства зняцца з якара і выправіцца ў падарожжа, і яшчэ невядома, куды яно іх прывядзе. Прычым падарожнічаюць мумітролі і іх сябры не проста так, а на плывучым тэатры. Аднак нават у такіх умовах знаёмыя з папярэдніх кніг героі застаюцца самі сабой: фрэкен Снорк прыхарошваецца, Снусмумрык праяўляе свой нон-канфармізм, знішчаючы ў парку шыльды з забаронамі, а Мумітата бярэцца напісаць тэатральную п’есу “Нявеста льва”, якая абавязкова мусіць зрабіць уражанне на ўсіх гледачоў.

 Свет, захоплены мумітролямі

Першая кніга фінскай шведскамоўнай пісьменніцы і мастачкі Тувэ Янсан (1914—2001) пра мумітроляў, якая называецца “Маленькія тролі і вялікая паводка”, выйшла ў 1945 годзе з ілюстрацыямі аўтаркі. Крытыка і чытачы кнігу адразу ж высока ацанілі, праўда, ацэнка гэтая тычылася найперш самой дзіцячай гісторыі. Да намаляваных Тувэ Янсан абаяльных жыхароў Мумідола чытацкая публіка спачатку паставілася даволі абыякава. “Мілыя”, “забаўныя” — так пісалі ў водгуках пра ілюстрацыі. Праўда, Times Literary Supplement аддаў ім трошкі больш увагі, напісаўшы, што мумітролі — гэта “маленькія сімпатычныя персанажы, якія вельмі нагадваюць разумных геральдычных бегемотаў”.

У наступным годзе з’явілася другая кніга — “Камета над далінай мумітроляў”, якая існуе ў двух варыянтах, а таму, прачытаўшы гэтую кнігу ў дзяцінстве па-руску ў перакладзе Уладзіміра Смірнова, а потым — па-беларуску ў перакладзе Алесі Башарымавай і Насты Лабады, можна заўважыць, што асобныя дэталі ў дзвюх гэтых версіях адрозніваюцца. Тлумачыцца гэта зусім не тым, што нехта з перакладчыкаў пераблытаў, напрыклад, малпачку і кацяня, а толькі тым, што ў 1968 годзе аўтарка перапрацавала тэкст і зрабіла шэраг правак. Сучасныя пераклады (у тым ліку беларускі) робяцца паводле гэтых перапрацовак, аднак існуюць і пераклады, зробленыя да 1968 года ці паводле старой версіі кнігі.

Усяго Тувэ Янсан напісала 8 аповесцяў і адзін зборнік апавяданняў пра Мумідол, а таксама зрабіла 4 кнігі ў малюнках і шэраг коміксаў пра мумітроляў, якія яна малявала разам з братам Ларсам Янсанам. У 1960-х гадах мумітролі не толькі зрабіліся вядомымі ва ўсім свеце, прычым не столькі праз кнігі, колькі дзякуючы коміксам, а пазней — мультфільмам і сувенірнай прадукцыі, але і зрабілі Тувэ Янсан адной з самых багатых жанчын у Фінляндыі і далі ёй магчымасць набыць востраў Клоўхарун, дзе цяпер адкрыты для наведвання яе дом. І ўсё ж для ўсіх аматараў мумітроляў Тувэ Янсан — перш за ўсё пісьменніца, а не мастак, хоць сама яна да сваёй літаратурнай дзейнасці ставілася не так сур’ёзна, як да ілюстратарскай, і асноўнай сваёй працай лічыла маляванне.

 

Небяспечнае лета, небяспечны тэатр

Асноўная тэма аповесці “Небяспечнае лета” — гэта тэатр, свет сцэны і закуліснае жыццё, якія староннім назіральнікам могуць падацца зусім не тым, чым яны ёсць напраўду. Такая цікавасць Тувэ Янсан да тэатру выкліканая некалькімі прычынамі. Па-першае, у 1946 годзе яна пазнаёмілася з тэатральным рэжысёрам і дырэктарам прыватнага “Малога тэатра” ў Хельсінкі Вівікай Бандлер (менавіта ёй аповесць “Небяспечнае лета” і прысвечаная) і дзякуючы ёй атрымала магчымасць зазірнуць за кулісы і дазнацца больш пра тэатральнае жыццё. “Малы тэатр” Вівікі Бандлер вядомы, апроч усяго іншага, яшчэ і тым, што ставіў пастаноўкі не толькі на фінскай мове, але і на фінскім дыялекце шведскай, што па тых часах было вельмі прагрэсіўным. Па-другое, у 1949 годзе выйшла тэатральная пастаноўка паводле кнігі “Камета над далінай мумітроляў”, у падрыхтоўцы якой брала ўдзел і сама Тувэ Янсан. У выніку гэтага захаплення тэатрам у 1952 годзе ў свет выйшла кніга з малюнкамі “Што было далей?”, пабудаваная паводле тэатральных прынцыпаў, а ў 1954 годзе, то бок роўна 60 гадоў таму, — мумітрольская аповесць “Небяспечнае лета”.

“Тэатр — самая важная рэч у свеце, бо там паказваюць гледачам, якімі яны могуць і хочуць быць, але ніяк не адважваюцца, і якімі яны ёсць насамрэч,” — зазначае ў аповесці старая тэатральная шчурыха Эма, і сама Тувэ Янсан паказвае тэатр амаль з шэкспіраўскім размахам. Чаго вартая ўжо хаця б аднаактовая драма Мумітаты “Нявесты льва, альбо Крэўныя повязі” (“Пісаць трэба гекзаметам! Гекзаметрам! І без рыфмы”) з удзелам крыважэрнага драпежніка ў найлепшых традыцыях “Сну ў летнюю ноч” — вясёлая інтэрмедыя, якая завяршае паводкавыя, бунтарскія і нават турэмныя прыгоды мумітроляў і іх сяброў.

Даследчыкі і чытачы знаходзяць ў аповесці шэраг алюзіяў. Так, напрыклад, у культуры дастаткова распаўсюджаны сюжэт пра нявесту льва: магчыма, Тувэ Янсан натхнялася аднайменным вершам Адэльберта фон Шаміса ці аднайменнай карцінай Габрыэля Макса. А шведская даследчыца Буэль Вестын, аўтарка біяграфіі Тувэ Янсан “Слова, жыццё, малюнак”, бачыць у аповесці “Небяспечнае лета” адсылкі да біблейскіх сюжэтаў. Напрыклад, яна параўноўвае выратаванне маленькай Мю ў швейным кошыку з гісторыяй пра выратаванне Майсея. Аднак мастацтвазнаўца і сябар пісьменніцы Эрык Крускопф казаў, што Тувэ Янсан турбавалася з нагоды больш чым паловы расчытаных у яе кнігах адсылак, а наконт біблейскіх гісторыяў смяялася, што як унучка вікарыя яна іх у дзяцінстве, безумоўна, чула, але большасць з іх, відавочна, няправільна разумела.

 

Мумітрольская калекцыя

“Небяспечнае лета” — пятая кніга ў серыі пра мумітроляў, напісанай і ілюстраванай Тувэ Янсан, і чацвертая мумікніга, што выйшла па-беларуску, апярэдзіўшы “Мемуары Мумітаты”. Ходзяць чуткі, што мемуары ўжо таксама перакладзеныя і чакаюць толькі спадарожнага ветру і спрыяльнага надвор’я для выдання, але пакуль ветру і надвор’я няма, застаецца толькі пераскочыць праз адну кнігу і разам з мумітролямі рыхтавацца да небяспечнага лета. Папярэднія выданні серыі выходзілі пачынаючы з 2010 года ў перакладзе Насты Лабады (“Маленькія тролі і вялікая паводка”), Алесі Башарымавай (“Капялюш чарадзея”) і ў іх сумесным перакладзе (“Камета над далінай мумітроляў”). Уся серыя аформленая гэтак жа, як фінскія выданні: з каляровай ілюстрацыяй Тувэ Янсан на вокладцы і чорна-белымі — у сярэдзіне, і яе гармонію парушае толькі першая кніга, якую на паліцы даводзіцца ставіць уніз галавой (зразумела, за пункт адліку тут бярэцца галава намаляванага на вокладцы мумітроля), а іначай назвы на карэньчыках глядзяць у розныя бакі.

У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы з кнігі Boel Westin “Ord, bild, liv”, артыкула Peddy Enbom “Signed Tove” і форума www.tove-jansson.ru. Аўтарка дзякуе перакладчыцы Алесі Башарымавай за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.