Напярэдадні свайго пятнаццацігоддзя нарвежская школьніца Сафія Амундсэн пачынае атрымліваць загадкавыя лісты з лекцыямі і заданнямі па філасофіі і яшчэ больш загадкавыя пасланні, якія невядомы маёр батальёну ААН дасылае праз Сафію сваёй дачцэ Хільдзе. І калі з першай загадкай чытач неўзабаве больш-менш разбярэцца, то другая будзе пераследаваць яго амаль да канца кнігі. Раман нарвежскага пісьменніка Юстэйна Гордэра (нар. у 1952) “Сафіін свет”, што выйшаў у выдавецтве Змітра Коласа ў перакладзе Лідыі Ёхансан, спалучае, здавалася б, неспалучальнае: кароткі змест курса па гісторыі філасофіі, містычны сюжэт і постмадэрнісцкую тэхніку пісьма.
Каму патрэбны кароткі змест
Пачну з таго, што чытаць замест твораў іх кароткі змест — мода зусім не апошніх часоў, калі прахадны бал для паступлення ў ВНУ няўхільна набліжаецца да нуля. “Ганна Карэніна” на 30 старонках — рэч з літаратурнага гледзішча даволі сумнеўная, аднак сама ідэя расказаць пра тоўстую таміну ў некалькіх словах старая як свет і мае някепскі літаратурны патэнцыял. Вось, напрыклад, як у сярэднявечныя часы “Энеіду” Вергілія сціснулі да аднаго чатырохрадкоўя:
Жарсцю палае Парыс. Выкрадае Гэлену. Ўзнімае
Грэцыя зброю. Вайна. Троя ў руінах ляжыць.
Прэч уцякае Энэй. Па моры блукае. Нарэшце
Ён у Італіі. Турн здужаны. Альба стаіць.
(пераклад Антона Францішка Брыля)
Можна яшчэ пачаць з таго, што з раманам за апошнія сто гадоў здарылася ўсё, што толькі магло здарыцца: Бэл Каўфман (якая памерла некалькі дзён таму ва ўзросце 103 гадоў) напісала раман “Уверх па лесвіцы, што вядзе ўніз”, які складаецца са школьных фармуляраў, цыдулак і лістоў, Міларад Павіч напісаў раман “Хазарскі слоўнік”, які не толькі складаецца са слоўнікавых артыкулаў, але і мае жаночую і мужчынскую версіі, Альгерд Бахарэвіч напісаў раман “Халоднае сэрца” ў выглядзе пасляслоўя да свайго ж перакладу казкі “Халоднае сэрца” Вільгельма Гаўфа — працягваць можна да бясконцасці. А таму сама думка пакласці ў аснову рамана кароткі змест курса гісторыі філасофіі не мусіла б здацца сёння чымсьці асабліва нязвыклым. І ўсё ж інтрыгу ў філасофіі Берклі знайсці не так проста. Аднак, як даводзіць Юстэйн Гордэр, магчыма.
Чытачы выбіраюць філасофію
У Юстэйна Гордэра, безумоўна, знайшлося нямала крытыкаў — і на філасофскіх кафедрах, і ў тоўстых часопісах, і ў інтэрнэце. Напрыклад, на адным з сайтаў сустракаюцца два тыпы водгукаў на рускі пераклад кнігі “Сафіін свет” — захопленыя альбо абураныя, прычым колькасць іх прыкладна аднолькавая. Але якой бы нуднай ні здавалася ідэя напісаць раман пра гісторыю філасофіі, ад фактаў нікуды не ўцячэш: раман “Сафіін свет” (выйшаў у 1991) тры гады трымаўся ў першым радку спіса нарвежскіх бэстсэлераў, быў перакладзены на больш як 50 моваў і разышоўся па свеце ў колькасці больш чым 40 мільёнаў асобнікаў. Калі б справа датычыла Беларусі, гэта б значыла, што кожны жыхар нашай краіны набыў сабе 4 экземпляры рамана! Больш за тое, пазней паводле гэтага твора быў зняты фільм і выйшла камп’ютарная гульня, а аўтар быў прызнаны адным з самых камерцыйна паспяховых нарвежскіх аўтараў за мяжой. А таму, перш чым зморшчыць нос і падумаць: “Філасофія, фууу”, успомніце: чатыры кнігі на кожнага беларуса!
У адным з інтэрв’ю аўтар зазначаў, што такая папулярнасць зрабілася для яго сюрпрызам. Сваю кнігу ён пісаў перш за ўсё для школьнікаў, а таму асноўныя ідэі філосафаў там тлумачацца простай мовай і з дапамогай вялікай колькасці прыкладаў, узятых са штодзённага жыцця. Так, напрыклад, праз усю кнігу праходзіць параўнанне сусвету з вялікім белым трусам, якога чарадзей выцягвае з капелюша, і людзі — гэта кузуркі, што зачапіліся за трусіную поўсць. Большасць з іх не цікавіцца нічым, апроч дробязных справаў свайго прыватнага жыцця, і толькі філосафы “спрабуюць узлезці па танюткіх шарсцінках вышэй, каб зазірнуць у вочы вялікаму магу”.
Хто такая Сафія Амундсэн?
У першым лісце, які Сафія атрымлівае ад Альберта Кнокса, філосафа, які правядзе яе праз гісторыю філасофіі, пачаўшы з міфаў і дайшоўшы да экзістэнцыялістаў, усяго два словы: “Хто ты?” Гэтае пытанне, як і сама гульня ў філасофію, што здаецца спачатку такім бяскрыўдным, з кожнай новай часткай набывае ўсё трывожнейшае гучанне. Лісты ад невядомага маёра Альберта Кнага, які выкарыстоўвае ўсё больш неверагодныя спосабы павіншаваць дачку Хільду (яна нарадзілася ў адзін дзень з Сафіяй), з’яўляюцца ўсё часцей, і Сафія губляецца сярод загадак, якія ператвараюць звыклую рэчаіснасць у абсурд (а што гэта такое, дзяўчынка на той момант ужо дазнаецца).
Першую разгадку ўсіх гэтых загадак даюць філасофскія погляды Берклі, і тут немагчыма не захапіцца майстэрствам аўтара, які арганічна ўпісвае курс філасофіі ў сюжэт містычнага постмадэрнісцкага рамана: далей дзеянне твора будзе развівацца ў адпаведнасці з развіццём філасофскай думкі. Калі ў пачатку твора чытач проста назірае за Сафіяй, якая з дзіцячай наіўнасцю і сур’ёзнасцю прымярае на сябе новыя і новыя тэорыі, і за Альберта, які пераапранаецца ў сярэднявечнага манаха і вядзе дзяўчынку ў гатычны сабор, каб яна адчула атмасферу адпаведнай эпохі, то бліжэй да канца твора філасофія робіцца яго паўнавартасным героем. Што цікава, да постмадэрнізму героі кнігі так і не дабіраюцца, спыніўшыся на экзістэнцыялізме і закрануўшы Тэорыю вялікага выбуху. Імаверна, аўтар робіць гэта наўмысна і спрабуе захаваць інтрыгу, каб даць чытачу магчымасць адчуць сябе яшчэ адным героем кнігі.
Беларускаму чытачу кніга можа быць цікавай яшчэ з аднаго гледзішча
— праз розніцу культурнай сітуацыі. Па-першае, падчас чытання адразу заўважаеш, што людзі ў кнізе стасуюцца ў нязвыклай для нас манеры: дзяўчынка нашмат вальней размаўляе з дарослымі і не стрымлівае свае пачуцці, зусім не стараючыся быць ветлівай. Па-другое, асаблівае месца ў кнізе адводзіцца праблеме гендарнага раўнапраўя: Сафія асобна пытае пра стаўленне да жанчын ці не кожнага філосафа і абураецца, што доўгі час жанчыны да навукі і філасофіі не дапускаліся, а іх магчымасці атрымаць адукацыю абмяжоўваліся. Па-трэцяе, аўтар увесь час звяртаецца да нарвежскай гісторыі і культуры, тлумачачы тую ці іншую філасофскую тэорыю, і такім чынам беларускаму чытачу кніга шмат чаго раскажа і пра саміх нарвежцаў. Хаця, канечне, цікава было б пачытаць і нешта падобнае з беларусацэнтрычным ухілам.
Перакласці неперакладзенае
Самая вялікая праблема, якая відавочна стаяла перад перакладчыцай рамана “Сафіін свет”, — гэта неабходнасць самастойна ўводзіць тыя ці іншыя філасофскія тэрміны і паняцці, бо большасць прац, пра якія вядзецца гаворка ў кнізе, на беларускую мову не перакладзеная. Безумоўна, тыя ці іншыя тэрміны замацаваныя ў наяўных перакладах ці ў беларускамоўных універсітэцкіх курсах, аднак пошук правільных адпаведнікаў у дадзеным выпадку — справа нялёгкая. Трошкі спрашчае (хаця і ўскладняе таксама) задачу тое, што філасофскія тэорыі ў кнізе выкладзеныя проста і займальна: варта памятаць, што першапачаткова кніга прызначалася для школьнікаў. Беларускі пераклад рамана чытаецца і ўспрымаецца лёгка. Тут няма месца заблытаным сентэнцыям і складаным развагам: калі ў вас ёсць жаданне асвяжыць веды пра філасофію ці скласці ўяўленне пра развіццё філасофскай думкі, то гэтая кніга ніяк не мусіць вас адпужаць.