Другая сусветная вайна раскідала гарадзенцаў па розных кутках планеты. З развіццём інтэрнэту цікавасць да гісторыі даваеннай габрэйскай грамады абудзілася наноў. Людзі штомесяц пішуць лісты, просяць знайсці сваякоў, некаторыя прыязджаюць і расказваюць гісторыі выратавання.
Барыс Максавiч Квяткоўскі, старшыня габрэйскай супольнасці, расказаў “Твайму стылю” дзве ўнікальныя гісторыі, пра якія сам даведаўся гэтым летам.
“З дзіцячага летніка нас вывезлі ў Сярэднюю Азію…”
У чэрвені 2015 года ў Гродна прыехаў пенсіянер з Сербiі, які доўгія гады шукаў гарадзенскую габрэйскую суполку. Чалавек, які не меў сувязі з габрэйствам, толькі ў вельмі сталым веку прыехаў туды, дзе пачалося яго жыццё. Па памяці з дзяцінства ён дайшоў да сінагогi. Увайшоўшы, чалавек прадставіўся жыхаром Белграда, які ў 1929 годзе нарадзіўся ў Гродне. На яго пабялелым твары сцякалі слёзы, а сям’я, якая была з ім, прытрымлівала яго, каб ён не ўпаў.
Перад самай вайной дванаццацi гадовы хлапчук з Гродна трапіў у міжнародны піянерскі летнік у Друскеніках. Пасля таго, як немцы напалі на СССР, габрэйскіх дзяцей цудам выратавалі савецкія салдаты, якiя ўцякалi на ўсход. Па ўспамінах старога, яны доўга ехалі на цягніку і праз нейкі час апынуліся ў Сярэдняй Азіі. Пасля вайны гарадзенец выхоўваўся ў дзіцячым доме. У родны горад ён не вяртаўся, бо ведаў, што ўсе габрэі Гродна загінулі. Прыехаць у тое месца, дзе кожная вуліца здавалася яму магілай сваякоў, ён не адважваўся. Праз гады ён апынуўся ў Харватыі, дзе сустрэў рускую жанчыну, на якой ажаніўся. Толькі на схіле гадоў гарадзенец адважыўся наведаць родны горад.
У падзяку за тое, што прадстаўнікі гарадзенскай абшчыны прысвяцілі яму час і распавялі гісторыю гета, былы жыхар Гродна даслаў энцыклапедыю гісторыі іюдэяў, выдадзеную ў 1910 годзе.
“Мяне выратавала польская сям’я…”
Праз месяц пасля візіту грамадзяніна Сербiі, Гродна наведвае старая жанчына з Польшчы. Па знешнасці яна нагадвае габрэйку, але так не прадстаўляецца. Пасля экскурсіі па сінагозе і музеі жанчына не вытрымлівае і са слязьмі на вачах распавядае, што яна нарадзілася ў Гродне ў габрэйскай сям’і і ёй цудам удалося пазбегнуць смерці.
“Каб выжыць у жахах вайны, вязні ішлі на многія неверагодныя ўчынкі”, – кажа Барыс Максавіч. Так, цаною расстрэлу, сям’я гэтай жанчыны, тады яшчэ маленькай дзяўчынкі, праз калючы дрот перадала яе польскай сям’і, хутчэй за ўсё за нейкую суму грошай. Многія жыхары горада ў той час паступалі па-чалавечы, забываючы пра свае ранейшыя антысеміцкія погляды.
Пазней маленькай дзяўчынцы казалі забыцца пра габрэйства, i яна стала полькай. Пасля вайны з новай сям’ёй гарадзенка з’ехала ў Лодзь. І толькі ў старасці яна прыехала на Радзіму сваіх продкаў, дзе адчула, кім з’яўляецца на самой справе.
Пасля вяртання ў Лодзь, пад уражаннем ад убачанага на роднай зямлі, жанчына стала пісаць лісты ў Гродна. У іх яна расказвае ўсё, што памятае. Магчыма, у хуткім часе і яе ўспаміны з’явяцца на стэндзе ў музеі, які знаходзіцца ў сінагозе.
Пасля смерці вядомага гарадзенскага габрэя Рыгора Хасiда, які пасля вайны застаўся жыць у Гродне, горад не ведаў больш пра жывых вязняў гета. Але знаходзяцца ўсё новыя і новыя імёны яшчэ жывых габрэяў, якія перажылі жахі вайны ў сценах гарадзенскага гета.
Руслан Кулевіч, Твой стыль