Развіццё камунікацый у апошнія часы мае, на жаль, не толькі станоўчыя вынікі. Адной з негатыўных праяў прагрэса стаў феномен хейтынгу. Безумоўна, з’ява не новая, але такія ўсеагульныя маштабы яна набыла адносна нядаўна. Сёння мы апынуліся ў варунках міжнароднай нянавісці і пагарды. Як захаваць сваё псіхічнае здароўе пад такім ціскам, якія стратэгіі паводзінаў у дачыненні да хейтэраў лепш выкарыстоўваць, што рабіць, калі «хейцяць» блізкія, расказвае псіхолаг Наталля Данілава.
— Як можа паўплываць хейтынг на чалавека ў фізічным плане? Наколькі ён небяспечны? Якія сімптомы «разбурэння» асобы з-за яго можна адзначыць?
— Хейтынг — гэта эмацыйны гвалт. Яго фізічныя наступствы такія ж, як і пры іншых відах гвалту:
• падвышаная трывожнасць, дэпрэсія
• парушэнне сну, жахі
• парушэнні харчовых паводзінаў («заяданне» альбо, наадварот, адсутнасць апетыту)
• узнікненне цукровага дыябету
• павышаны ціск
• функцыянальныя збоі страўнікава-кішачнага тракта
Калі казаць пра сімптомы «разбурэння», гэта ў першую чрагу трывожнасць, дэпрэсія, празмерна вострыя рэакцыі на тэмы, якія датычацца прадмета хейтынгу.
— Ці ёсць латэнтны хейтынг? Як яго выявіць (калі ёсць)?
— Хейтынг, які не праяўляецца знешне, па сутнасці, не з’яўляецца хейтынгам. Гэта проста негатыўныя меркаванні, выказванні. Яны шкоды не чыняць, бо не даходзяць да аб’екта хейтынгу. Як кажуць: «завочна вы можаце мяне нават пабіць».
Крыху іншая сітуацыя, калі ствараюцца плёткі і чуткі, але яны таксама не з’яўляюцца хейтынгам у поўнай меры. Гэтыя феномены ў псіхалогіі вывучаюцца асобна.
— Ці ёсць розніца, хто цябе «хейціць»: родныя і блізкія, сябры альбо незнаёмыя людзі?
— Насамрэч, феномен хейтынгу вывучаецца не так даўно, грунтоўных даследванняў па ім, на якія можна было б спасылацца, не існуе. Таму тут проста выкажу сваё меркаванне: хейтынг ад родных і блізкіх, ад тых, каму давяраеш і ад каго чакаеш падтрымкі, б’е мацней за выказванні старонніх людзей.
Іншая справа, калі такіх старонніх вельмі шмат і нянавісць транслюецца бесперапынна. Такое масавае ўздзеянне моцна траўмуе псіхіку (як, напрыклад, зараз беларусаў абвінавачваюць ледзь не ў развязванні вайны).
— Як сябе паводзіць у дачыненні да хейтэраў (асабліва, калі няма магчымасці проста спыніць такія камунікацыі)? Ці трэба апраўдвацца, нешта намагацца даказаць, патлумачыць? Ці агрэсаваць у адказ, не дазваляючы парушаць свае межы?
Тут шмат залежыць ад адэкватнасці і наяўнасці свядомасці ў хейтэра. Калі чалавек знаходзіцца ў моцным стрэсе, калі ў яго гора, вялікія страты, то часцей за ўсё ён проста шукае вінаватага. Тут нельга чакаць нейкай логікі, фактаў. Чалавеку проста патрэбна выплюхнуць свой боль. І людзі шукаюць, на каго можна скіраваць сваю нянавісць. Прычым так, каб гэта было бяспечна, каб не атрымаць у адказ яшчэ большую хвалю нянавісці ці агрэсіі (зноў прывяду прыклад таго, што адбываецца зараз у дачыненні да беларусаў — мы не адкажам абразамі, не скажам: «так вам і трэба», «самі вінаватыя»). Так, гэта несправядліва і балюча. Але такому чалавеку больш балюча, яго гора мацнейшае. Таму ў такіх выпадках я б параіла проста змаўчаць.
Іншая справа, калі хейтэр не разбіраецца ў сітуацыі, а проста транслюе нянавісць «як усе». Калі чалавек не звык крытычна ацэньваць інфармацыю (а яе зараз так шмат і з розных бакоў, і з рознымі адценнямі, ды і фэйкаў хапае), то ён схільны «ісці за натоўпам». Прычым часта сам можа і не адчуваць таго, пра што выказваецца.
У такіх выпадках можна паспрабаваць расказаць, што адбываецца насамрэч, прывесці дакладныя факты. Але зноў жа — напачатку ацаніце стан і матыў хейтэра: ён сапраўды хоча канструктыўнага вырашэння праблемы ці проста «зліць» сваю нянавісць. Калі другі варыянт, то пабудаваць дыялог наўрад ці атрымаецца. Лепш прыпыніць такую камунікацыю.
Наконт апраўданняў. Гэтага рабіць нельга ні ў якіх выпадках! Не толькі ў сітуацыі хейтынгу, але і па жыцці ўвогуле. Як толькі вы пачынаеце апраўдвацца, вы стаеце на пазіцыю вінаватага. Па сутнасці апраўданне — гэта прызнанне віны.
Варыянт агрэсіі ў адказ — вельмі няўдалае рашэнне. Калі мы агрэсіруем, мы паказваем, што хейтэр закрануў нас «за жывое». А, значыць, ён дасягнуў сваёй мэты — зрабіў нам балюча.
Яшчэ адзін варыянт — спыніць камунікацыі. Але тут усё залежыць ад таго, на колькі вам патрэбныя стасункі з хейтэрам (у выпадку, калі гэта хтось з блізкага кола). Зараз у сацыяльных сетках шмат гісторый пра тое, як ламаюцца стасункі паміж сваякамі, добрымі сябрамі, нават у межах адной сям’і.
Так, разарваць стасункі з блізкім чалавекам — гэта вельмі балюча і страшна. Але, калі такое адбываецца, трэба задумацца: а ці настолькі гэты чалавек вам блізкі? Ці можа чалавек, які сапраўды вас любіць і цэніць, так сябе паводзіць у дачыненні да вас?
У анлайн-камунікацыях прыпыніць стасункі значна прасцей. Тут можна вылучыць некалькі этапаў рэагавання на хейтынг.
1. Ацэньваем каментарый. Калі ў ім ёсць рацыянальнае зерне, карысная парада, можна прыняць яе даведама і падзячыць хейтэру. Калі ж рэалізаваць параду немагчыма, проста прапускаем міма, ніяк не рэагуем.
2. Выдыхаем і спакойна назіраем ужо за сабой, сваёй рэакцыяй. Не варта кідацца адказваць на каментарый адразу. Анлайн-камунікацыі маюць перавагу ў тым, што не вымушаюць рэагаваць адразу. У вас ёсць час спакойна прадумаць свой адказ. Этыкет дзелавога электроннага ліставання прадугледжвае адказ цягам 24-х гадзін. Тобок у вас ёсць цэлыя содні, каб сфармуляваць ветлівы адказ.
3. Адказваем, не ўступаючы ў спрэчку. Адказ пішам максімальна нейтральны і «спакойны», пры неабходнасці просім удакладніць, патлумачыць падрабязна прычыну «наезду». Напрыклад, пачаць свій адказ можна так: «Дзякуй за каментарый. Хачу ўдакладніць, наколькі я правільна вас зразумеў (-ла)...». Калі ў адказ суразмоўца скатваецца да абразаў, не паддаемся на іх. Пішам штосьці кшталту: " Ваша меркаванне абумоўлена асабістымі матывамі. На іх я паўплываць ніяк не магу. Таму далейшыя камунікацыі лічу бессэнсоўнымі«.
Галоўная задача чалавека, які падвяргаецца хейтынгу — захаванне сваіх межаў. Калі канструктыўны дыялог магчымы — будуем яго. Калі не — прыпыняем камунікацыі. Нельга дазволіць уцягнуць сябе ў сітуацыю ўзаемных папрокаў і абразаў, чаго часцей за ўсё і дамагаюцца хейтэры. Хейтэр «гуляе на сваім полі», ён мае вопыт і часта — падтрымку іншых хейтэраў альбо старонніх людзей, якія не разабраўшыся ў сітуацыі прымаюць яго бок.
Тое, што вы аб’ектыўна маеце рацыю, — для хейтэра не аргумент. Бо гэта не пошук праўды, а проста спосаб псіха-эмацыйнай разрадкі, апраўдання сябе, пошук вінаватага і д.п. Таму важна адпачатку не ўцягвацца ў спрэчкі, не дазваляць парушаць свае межы.
— Чым можна сабе дапамагчы, калі хейцяць блізкія людзі: напрыклад, зараз шмат рвецца стасункаў з украінскімі сябрамі?
— Калі чалавек сапраўды блізкі, з часам ён зменіць свой погляд на сітуацыю. Проста ўявіце, што чалавек захварэў і не можа ўспрымаць аб’ектыўна інфармацыю. Сітуацыя мяняецца, сувязі аднаўляюцца — проста патрэбны час. Можна сказаць блізкаму чалавеку прыкладна так: «Я ведаю, што зараз табе вельмі балюча. Мне шкада, што ты вінаваціш мяне ў сваім болю. Я вельмі цаню нашы стасункі і не хачу псаваць ім такімі зносінамі. Калі ласка патэлефануй/напішы, калі захочаш паразмаўляць са мной і зможаш зрабіць гэта без злосці. Я буду чакаць».
— Якія практычныя парады можна даць для «выжывання» ў сітуацыі міжнароднага хейтынгу? Калі ты «ні прычым», але незнаёмыя з табой людзі дэманструюць сваю пагарду, нянавісць да падзей, абвінавачваючы цябе праз ігнор, напрыклад. Альбо, калі за мяжой табе адмаўляюцца паказаць дарогу ці нешта падказаць з-за таго, што ты беларус?
— Не ўцягвацца. Не выбачацца. Не крыўдаваць. Чалавек, які намагаецца прынізіць вас, у першую чаргу прыніжае сябе. Хейтэры прыпісваюць чалавеку заганы, якіх у яго няма. Памятайце, што вы не такі, якім хоча бачыць вас хейтэр.
Увогуле нельга падабацца абсалютна ўсім. Заўжды знойдзецца нехта, хто будзе незадаволены вамі. Гэта неабходна проста прыняць. Спрэчкі тут не маюць сэнсу.
І яшчэ трэба памятаць пра такі псіхічны эфект, як «эмацыйнае заражэнне». Нянавісць — заразная, як грып ці кавід. Мы схільныя адчуваць эмоцыі, якія адчуваюць людзі навокал. Трэба пра гэта памятаць і не даваць «заразіць» сябе нянавісцю. Ваша злосць азначае перамогу хейтэра.
Таксама памятайце, што часам хейтынг (асабліва ад незнаёмых людзей) мае свае вытокі ў чалавечай несвядомасці і некрытычнасці розуму.
Галоўная «зброя» супраць хейтынгу — розум. Эмоцыі тут будуць перашкаджаць. Не варта намагацца тлумачыць сваю пазіцыю, высвятляць прычыны негатывау ў дачыненні да вас. Размова альбо прымае канструктыўны характар альбо мусць спыніцца.
Ёсць правіла 30%: «Не важны ваши деятельность и положение. Ваша аудитория всегда делится на три части. 30% любят вас, 30% ненавидят, 30% просто уйдут. Держитесь любящих вас людей, игнорируйте остальных».
Гэты чалавек не хоча вам паказаць дарогу — знойдзецца іншы. У свеце шмат людзей — сярод іх ёсць і адэкватныя
— Што можна зрабіць, калі хейтынг уплывае на дзелавыя стасункі?
— Не ўцягвацца ў спрэчкі і «высвятленні стасункаў». Пераводзіць размову на вырашэнне дзелавых задач. Ёсць такі прыём — «заезджаная пласцінка» — што б вам ні казалі, вы вяртаецеся да свайго пытання, не адказваючы на астатняе.
Гутарыла Вікторыя Лебедзева, budzma.org