Гісторыкі абмеркавалі пытанне спадчыны Горак

horki_3

Сустрэча са старшынём Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам і гісторыкам, загадчыкам аддзелу Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Змітром Яцкевічам адбылася 30 красавіка ў горадзе Горкі.

Імпрэза ладзілася ў раённым Цэнтры культуры пры спрыянні Горацкага раённага выканаўчага камітэту. У ёй узялі ўдзел супрацоўнікі мясцовых музеяў, дзяржаўных органаў культуры і адукацыі, старшыні сельсаветаў, а таксама настаўнікі гісторыі.

horki_1

Падчас сустрэчы выступоўцы абмеркавалі пытанні аховы гістарычна-культурнай спадчыны Горацкага раёну. Антон Астаповіч звярнуў увагу на той станоўчы факт, што сёння значная частка важных у культурным плане мясцінаў і будынкаў раёну знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Выключэнне складаюць толькі археалагічныя здабыткі.

horki_2

Зміцер Яцкевіч выступіў перад прысутнымі з дакладам, прысвечаным архіўным крыніцам па гісторыі рэгіёну, асаблівую ўвагу аддаўшы гістарычнаму дакументу 1772 году – рэвізскай сказцы гораду Горкі. Сказка ўтрымлівае найбольш поўныя дадзеныя пайменнага і падворнага перапісу насельніцтва Горак 1772 году, які ажыццявілі ўлады Расійскай імперыі.

Пры канцы госці з Мінску наведалі раённы краязнаўчы музей, дзе ў больш нефармальнай абстаноўцы абмеркавалі з супрацоўнікамі музейных установаў раёну магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва.

Імпрэза была арганізаваная Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Фотаздымкі Дзяніса Гайшуна.

На фота:

1. Выступае Антон Астаповіч.
2. У глядацкай залі.
3. Зміцер Яцкевіч падчас выступу.

Тэгі: ,