Эпохі сыходзяць нячутна. І не папярэджваюць пра наступствы. Хтосьці нябачны раптам мяняе настройкі твайго кампа і фарбуе неба ў іншы колер. Сцягі кладуцца ручнікамі, медыя сыплюць лухтой, памежнікі глядзяць у шэры асфальт, сябрукі скончыліся. У спісе прысутных — снег, прэзідэнт і макачына. Калі сігналіць хатні нумар — хтосьці яшчэ памятае свой хатні нумар? — не падыходжу. Гэта напэўна мянтоўка ці рэкламшчыкі. У найлепшым выпадку — Міхайлаўна памылілася і марна хоча Ёсіфаўну. Вы заўважылі, што менскія алканаўты больш не спяваюць? Вы заўважылі, што самі больш не спяваеце? Народ жыве скамечаным рукапісам, скача кардоннай батлейкай, выйграе кватэры ў сталіцы ды шануе гарадавых. Новы час — тэкіла-фэст напалам з мытным кантролем. Доўгія ночы. Кароткія паэты. Хутка год без Міхала Анемпадыстава.
Размовы з адсутным — дурная справа. Таму пішу ліст. Уздагон рэху ягонага святла.
I
Ведаеш, Міхале, насамрэч лічацца адзінкі. Карцінку мяняе меншасць.
Сэнс існавання — селекцыя свайго ў смеццевай плыні запазычанага жыцця і заблакаванай свядомасці. Прабіцца праз хлуд. Адбыцца асобна. Адбыцца асобным. Як ты.
Калі няма асобных, фронтменамі робяцца ўзаемная абыякавасць і лёгкі спажывецкі кайф. Нібыта (пры)сутныя. Нібыта жывыя. У нібыта краіне. Пад шэрым крывіцкім небам.
Не, дружа, гэта не балюча. Часам нават файна. Перыядычна цікава. Фрагментарна смачна. Краіна талераў паціху з’язжае ў краіну фанцікаў. Плынь фэйк-ньюсаў разбурае схемы сэнсаў і стварае фэйк-стайл: слоўнік з Масквы, прыкід з прыватнага сэканду, кніжкі з oz.by, музыка ніадкуль. Квіток у Берлін, цягнік да Варшавы. Глядзіш сабе ў акно — а там Гаўдзі з Ворхалам дабудоўваюць Палац Рэспублікі.
Гэта Беларусь, дзетка. Радзіма ружовых Ленінаў, музейных дыскатэк і супольнага праекта “союзное государство”.
Наўздагон твайму заўчаснаму (а калі, блін, было б своечасова?) сыходу хтосьці з прафесійных балбатуноў ляпнуў: ён быў “іконай стылю”. Уяўляю, як ты ціха смяяўся са сваіх ракенрольных нябёсаў. Ікона. Ёў. Як дзяўчо з вокладкі. Як дзецюкі з рэкламы. Як кодла з сеткавай сторы на трыста фотак.
Ікона — адбітак сакральнага ў свядомасці мастака. Матэрыяльны носьбіт. Прадукт. Складанка абставінаў, магчымасцяў ды рэсурсаў.
Аўтар, сам ведаеш, — крыху іншае. Неакрэслены стан, незавершаны лад. Белы аркуш, праз які ляцяць скразнякі вобразаў.
II
Пасля цябе застаўся не прабел у каталогу. Не пустая тэчка ў краме. Штосьці прынцыпова іншае: адсутнасць (анты)сістэмнага майстар-плану. Канец рамантычна-паэтычнага нацыянал-дызайну.
Бо ты рабіў сабе і нам з “Белоруссии” — Беларусь. Будаваў адначасова новую эстэтыку і новую паэтыку. Будаваў з таго, што было. З калючых швэдраў, горкай кавы і халодных блюзаў. З Радыё Сталін і польскага панку. З гарадскога шансону і местачковых сантыментаў. З нязломнай энергіі супраціву і нязгоды.
Сапраўдны анемпадыстаўскі крэатыў — не плакаты з вокладкамі, не паштоўкі ды вершы, не лекцыі і каларыстычныя штудыі. Нават не “Народны альбом”. Твой найлепшы тэкст — гэта мы. Саўдзельнікі палётаў без тармазоў. Калегі па агучванні беспаветранай прасторы. Фанаты дэнсу насуперак саўндтрэку. Авантурысты штодзённасці. Кантрабандысты культуры.
Не, тут усё акей. Пакуль не попел. Яшчэ жывыя. Толькі, Міхале, дзіўная рэч: ёсць адчуванне разрыву сэнсаў і раптоўнай адмены будучыні. Наяўны трэнд — ціхая згода з наяўным. Дакладней — на сваю другасную пазіцыю ў гэтым наяўным.
Можна, у прынцыпе, усё. Толькі трэба пераканаць вышэйшыя інстанцыі, што ім анічога не пагражае. Юбілей БНР, га? Добра. На нашых умовах.
Соры, гайз. Іншай тутэйшасці ў нас для вас няма.
III
Хочаш ведаць, што далей? А далей усё будзе як трэба. Перамоўны працэс, дзелавая перапіска, моўныя курсы, дазволеныя (час ад часу) музыкі і наш далікатны свядомы маркетынг. Лайтовая беларускасць у зручнай абгортцы. Татальны NaviBand. Ваў, яны перапелі Коэна! І верагодна заспяваюць яго на чарговым канцэрціку для Кэй-Джы-Бі. Алілуя, таварыш маёр!
І што з таго? Вершы не пахнуць. Коэну ж пофіг. Мёртвым не баліць.
Магчыма, галоўны трабл на сёння — не цэны на нафту і не колер прэзідэнцкага гальштука, а чарговы джэнерэйшн гэп. Паўторны разрыў пераемнасці пакаленняў: наўздагон постсавецкім/антысавецкім прыйшлі не супер-менскія, а хутка-смачныя ды еўра-мабільныя. Тыя, аб кім не мроілі.
Джэдаі фастфуду. Носьбіты гнуткай ідэнтычнасці.
Новыя героі ў прынцыпе — не стваральныя, а стратныя. Дзеці паўзы. Паэты адсутнасці. Меланхалічны Горват. Задуменная рэжысёрка Юлія Шакун. Саркастычна-адчайны Карпаў. Драйвовыя неа-хіпі з MorkvoЦвет. Сакрэтны крытык Чарнякевіч. Настальгічна-залётная Дар’я Жук з недаоскарным “Крышталём”. Нават начны лятун Марціновіч.
Што ў іх агульнага? Траўматычнасць самавызначэння. Разуменне, што зіма будзе доўгай. Ды расчараванне ў мясцовым культурным парадку.
Бо дзяржфэйк руліць. Альтэр-трэш скача. І абодва не маюць патрэбы ў стылістычнай завершанасці.
Почырк не ў пашане, Міхале. Такія справы.
Кропка. Прабел. Да пабачэння.
Максім Жбанкоў
У тэксце выкарыстаныя фрагменты вершаў Міхала Анемпадыстава
Фота: t-styl.info