Гонар бульбаша

Давялося пабачыць наваградскія пяльмені з назваю “Вкус бульбаша”. На мой погляд, ніводны беларус, які мае хоць кроплю гонару не назаве сам сябе “бульбашом”. Мянушка прыніжае ня толькі гонар нацыі, але і асобы. Аднак шмат каму тая мянушка нават падабаецца. Думаю за “Смак хахла” на Ўкраіне засудзілі б фірму, а за “Вкус москаля” – у Расеі набілі б пысу.

Неабыякавыя людзі і ў нас спрабуюць нешта рабіць. Фірма якая прадае гарэлку “БульбашЪ” пасьля атрыманьня судовых пазоваў патлумачыла ў судзе, што яе назва не абражае беларусаў, а складаецца з двух словаў – “Буль” (ад слова капаць) і “баш”.

Колькі год таму даводзілася ўжо пісаць пра тое, калі народныя і заслужаныя дзеячы культуры, чынавенства ў дзяржаўнай газэце шчыра і па-простаму прызнаецца, што яны бульбашы, то робіцца жахліва. Такое падобна да прызнаньня цёмнага селяніна на пачатку ХХ стагодзьдзя ў «тутэйшасьці». Нічога не зьмянілася ў лепшы бок. І адукацыя не прыносіць чалавеку нацыянальнай годнасьці.

Нават вядомыя асобы лічаць сябе бульбашамі.  Вось яны ГАНАРОВЫЯ БУЛЬБАШЫ:А.Ярмоленка (“Сябры”): “Всем известно, что мы – бульбаши, и не надо воспринимать это как унижение”. У. Радзівілаў (засл. артыст РБ, парадыст): “…Например приезжаем мы в Россию, в Украину, все говорят: идем на концерт, бульбаши приехали. И это приятно. Беларусь – бульбяная страна”. Л. Дранько-Майсюк: “Немцы – цывілізацыя піва, украінцы – сала, расіяне – гарэлкі. А мы, беларусы – цывілізацыя бульбы, і невыпадкова нас называюць бульбашамі. На гэтую мянушку ня трэба крыўдзіцца, бо толькі самастойная, моцная нацыя мае другую, неафіцыйную назву…” (газэта “Рэспубліка” № 43/2005). Можна згадаць сьпевака Калдуна зь песьняй “Ты бульбаш і я бульбаш…” і г.д.

Руслан Равяка