Пра тое, што вясна ўжо вось-вось прыйдзе — толькі пагукай, нагадвалі, бадай, адно каляровыя птушачкі на голых галінках. Суворыя сумёты па пояс сведчылі пра адваротнае. Але нягледзячы на маразы, спеўны карагод зноў захапіў прастору музея Янкі Купалы ў Вязынцы.
Гукаць пачалі яшчэ ў электрычцы. Удзельнікі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, канкуруючы з цягніковымі артыстамі, забаўлялі пасажыраў народнымі песнямі і заваблівалі з сабой выпадковых спадарожнікаў. Адзін з іх нават прапусціў свой прыпынак, вырашыўшы таксама адправіцца ў Вязынку. Раптоўнае свята яму ледзь не сапсавалі кантралёры, але моладзь тут жа скінулася хлопцу на штраф. Хто ж штрафуе за жаданне наблізіць вясну?
Усе, хто завітваў да Купалавай хаты, тут жа ўпляталіся ў жвавы карагод, які з песнямі лавіраваў між сумётамі. Летась, кажуць, ён быў ледзь не кіламетровы, гэтым разам атрымаўся ўсё ж карацейшым, але не менш вясёлым. Побач размясціўся невялікі кірмашык, дзе прадавалі сувеніры і птушачак з цеста, на якія з жалем пазіраў прыгожы ганчак, седзячы ля ног гаспадара. Выступалі шматлікія фальклорныя гурты: Guda, «Паўночная Сухадроўка», «Княжыч», «Варган», «Гарынь», «Кудмень», Dainava, а таксама асобныя музыкі — Дзяніс Сухій, Стась Чавус, Раман Яраш, Яўген Барышнікаў.
«Мяса хачу!» — «З’еш жабу на карчу!» — перамаўляюцца гульцы ў «Шуляка». Апроч чальцоў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, на гуканне вясны прыехалі і маладыя людзі, якія яўна не маюць дачынення да беларускага фальклору. Далёка не ўсе ведалі песняў, а многія паўтаралі словы народных гульняў па-руску, але гэта не замінала ўдзельнічаць ва ўсіх забавах ды весела бавіць час.
«Думаю, што на такія святы прыязджаюць людзі, якія прагнуць навізны ў жыцці, бо дух даследчыка вабіць чалавека, — кажа ўдзельніца гурта Guda, кіраўнік Школы традыцыйнага мастацтва Вікторыя Міхно. — Нават калі хтосьці аднойчы пачуў нейкую народную песню, гэта ўжо будзе яго прыцягваць. Бо традыцыйная культура — як зерне: калі трапляе ў цябе, то пасля прарастае і стварае асобу, якая ўжо не можа ставіцца да свайго нацыянальнага багацця абыякава».
Тым часам усе разбіліся на гурткі па зацікаўленнях: з гаспадарчай пабудовы даносіўся мужчынскі хор, падлеткі коўзаліся ў снезе, дзяўчыны з яркімі стужкамі ў косах гушкаліся на арэлях, ладная частка людзей скакала ў танцы-гульні «Удавец». Мы пабачылі сярод танцораў спадарыню Алену, выкладчыцу харэаграфіі і вядомага персанажа ўсіх культурных імпрэзаў. Выцягнуўшы яе з натоўпу, мы пацікавіліся, якія народныя танцы найбольш папулярныя на сучасных святах. «Грачанікі», «Базар», «Кракавяк», полька «Матылёк». А ўвогуле я думаю, што ўсе гэтыя танцы настолькі эмацыйныя і энергічныя, што цудоўна падыходзяць да сучаснасці. Яны як рэп», — сказала спадарыня Алена і тут жа, схапіўшы нейкага юнака, знікла з ім у танцавальным кругавароце.
«Кожны год гуканне вясны праходзіць па-рознаму, — расказвае ўдзельніца гурта Guda Наста Шпілеўская, — мяняюцца людзі, іх сацыяльныя статусы, вопратка. Хтосьці летась з косамі бегаў, а цяпер у намітцы ходзіць, — дадае дзяўчына, маючы на ўвазе свой галаўны ўбор і новы замужні статус. — Сёлета тут, напрыклад, больш дзяцей. Але больш і снегу».
Удзельніца Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Вольга расказала, што ў Вязынку прыехалі людзі не толькі з Мінска, але і з Маладзечна ды Вілейкі. Нашую ж увагу забрала жанчына ў яркай куртцы з надпісам «Russia» на ўсю спіну, якая таксама з цікавасцю назірала за беларускімі забавамі.
Гуканне вясны ў Вязынцы найперш прываблівае сваім настроем маладосці, цяпла і нейкай несучаснай чысціні, шчырай весялосці і рамантыкі, што абуджае адчуванне вясны на злосць снегу ды вятрам.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева