Гурты «ili-ili» і «AMAROKA» сталі лотамі на аўкцыёне

У межах падрыхтоўкі да Сапраўднага Беларускага Канцэрту, які ладзяць сумесна кампанія «Будзьма Беларусамі!» і «Арт Сядзіба», гурты-ўдзельнікі імпрэзы «ili-ili» і «AMAROKA» вырашылі стаць лотамі на дабрачынным аўкцыёне сустрэч «МаеСэнс».

Такім чынам ва ўсіх жадаючых ёсць унікальная магчымасць выйграць на аўкцыёне вясёлыя і цікавыя сустрэчы з гуртом «ili-ili» ў Купалаўскім тэатры, акторамі якога з’яўляюцца ўдзельнікі гурта, ды гуртом «AMAROKA» і дадаткова атрымаць запрашальнікі на канцэрт 26 траўня ў клубе “Re:Public”, а таксама, такім чынам, дапамагчы дзеткам, якія зараз маюць патрэбу ў лячэнні і рэабілітацыі.

Аўкцыён з гуртом «AMAROKA» адкрыты да 20 траўня тут.

Аўкцыён з гуртом «ili-ili» адкрыты да 22 траўня тут.

Нагадаем, што 26 траўня ў клубе «RE:PUBLIC» выступяць тры беларускіх гурта, кожны з якіх прадставіць сваю новую беларускамоўную праграму.

Канцэрт будзе цалкам складацца з прэм’ер:

– гурт «AMAROKA» ўпершыню на гэтым канцэрце прадставіць свой новы паўнафарматны альбом «Pastka»,

– гурт «Green Pills» запісаў свой дэбютны міні-альбом «Шызафрэнія», які і прэзентуе на канцэрце, на песню з такой жа назваю будзе прэзентаваны кліп, які зараз здымае студыя «КАПКАНFilm»,

– пераможца конкурсу «КЛІПзаМОВА» гурт «ili-ili» прэзентуе кліп на песню «Танчыць», які зараз здымае студыя «Ideas», а таксама выступіць з цалкам беларускамоўнай праграмай.

Таксама ўсіх удзельнікаў канцэрта чакаюць цікавыя неспадзяванкі, а таксама прыемныя падарункі ад «Будзьма Беларусамі!» і «Арт Сядзібы».

Адзначым, што ў межах канцэрта пройдзе дабрачынная акцыя ад МаеСэнс – праекта дабрачынных аўкцыёнаў сустрэч. Кожны хто набудзе фірмовы значак «МаеСэнс» – зробіць свой унёсак у стварэнне Новага хоспіса.

Падрабязней пра канцэрт тут.