Фатограф, што мае адукацыю па сваёй спецыяльнасці і займаецца фота каля 30 гадоў, не паленаваўся засвоіць фоташоп і зрабіць яго важным інструментам творчасці. Вялізныя каменныя постаці ў садзе в. Гервяты побач з касцёлам сталі асновай для яго фотапластычнай кампазіцыі на тэму вобразаў Евангелля. Яшчэ глядач знаёміцца з касцёлам і наваколлем праз звычайныя фота. Два гады фатаграфавання касцёлу і яго наваколля адлюстраваныя ў фотавыставе “Апосталы Гервят” Валерыя Вядрэнкі. Выстава адкрылася 15 кастрычніка 2009 году ў галерэі касцёла св. Сымона і Алены.
На фота Валеры Вядрэнка
Г.: Адкуль бралася ў Вашых працах “фотапластыка”? Што гэта?
В.: Я даўно займаўся фота. Але плёначнае фота мяне заўсёды раздражняла сваёй непаваротлівасцю, жорсткімі ўмовамі. Я ніяк не мог дамагчыся таго выніку, якога жадаў. Усё выпадковасці, выпадковасці… Бываюць вельмі прыгожыя, але хацелася б іх кантраляваць. На фота я заўсёды глядзеў як на нейкі падручны сродак. Доўгі час займаўся жывапісам, але, на жаль, гэта не маё. Я ведаў, што жадаю чагосьці іншага. Чаго – аніякага панятку. І толькі калі пяць гадоў таму з’явілася добрая лічбавая тэхніка, я засвоіў фоташоп. Ад жывапісу засталося ўяўленне пра кампазіцыю, і ўсе свае мастацкія навыкі я перанёс у фоташоп.
Г.: Чаму Вы здымалі гэты касцёл?
В.: Вельмі просты адказ: я прыгажэйшага на Беларусі не бачыў. Сем гадоў ездзіў па камандзіроўках як адзін з працоўнай групы па стварэнні музея народнай архітэктуры і побыту (таго, што цяпер стаіць у Строчыцах). Я лічыў, што ведаю Беларусь. А ў Гервятах ніколі не быў. Зусім выпадкова сказалі людзі, што там ёсць цікавы касцёл. Я не паверыў, палез на сайт паглядзець – і ніводнае фота мяне не ўразіла.
Што паланіла, дык гэта сад са скульптурамі, нехарактэрны для Беларусі. І ехаў я туды наўгад, а калі ўбачыў, то абамлеў. Касцёл у Гервятах нячаста згадваецца ў турыстычных даведніках. Я лічу, што праз крыху скажонае ўяўленне пра каштоўнасці. Гэты касцёл новы, 1898 году. Яму далі кляймо: “Неаготыка. Эклектычны стыль”…
На Беларусі няшмат зроблена рэчаў у гэтым стылі. Касцёл проста ўзрушвае. Стаіш, і раптам усё становіцца на свае месцы: дабро і зло, прыгожае і непрыгожае. Медытацыйны храм, які трэба наведаць, каб зразумець, што ўсё ў свеце нармальна.