Іконаграфічны квэст з русалкай, быком і папугаем

Беларускі іканапіс і шляхецкія партрэты дэманструюцца ў залах Нацыянальнага мастацкага музея далёка не ўпершыню.Аднак гэтым разам акцэнт зроблены не на эстэтычным боку твораў (хаця няма сумневу, што гледачоў ён таксама ўразіць), а на семантычным — на тых сэнсах, якія былі зашыфраваны аўтарамі, піша Ілля Свірын у «Культура і мастацтва».


Наведванне экспазіцыі «Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII–XIX стст.» — партнёрскага праекта Нацыянальнага мастацкага музея і Музея старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — стала цікавым квэстам, што прыносіць спажыву не толькі воку, але і розуму.

Новы фокус увагі дазваляе глыбей зазірнуць у душу і ментальнасць нашых продкаў — на жаль, амаль заўсёды невядомых пайменна — і здзівіцца таму, з якой непасрэднасцю ды вынаходлівасцю агульныя для еўрапейскага мастацтва вобразы «прышчапляліся» недзе ў глыбі Палесся.

Дзядуля Космас

Сімвалы ў сакральным мастацтве не раз давалі спажыву розным інсінуацыям. Скажам, німб у некаторых выпадках асацыіраваўся са скафандрам касманаўта, а языкі агню, што ўзвышаюцца па-над галовамі апосталаў у дзень Пяцідзясятніцы, сімвалізуючы сашэсце Святога Духа, — з нейкімі антэнамі.

Apostal Jakub u kapieliušy Апостал Якуб у капелюшы

У экспазіцыі дэманструецца старадаўняя ікона той самай Пяцідзясятніцы (XVI ст.). На абразе, апрача апосталаў, выяўлены немалады сівабароды мужчына ў кароне ды з подпісам «Козмосъ». Тут бы і ўсклікнуць: вось доказы іншапланетнага паходжання нашай цывілізацыі! Аднак куратар выставы, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва НММ Алена Карпенка спакойна тлумачыць: гэта Космас і ёсць. Персанаж — цалкам кананічны — адпавядае сюжэту іконы.

Найперш варта нагадаць: галоўны наратыў свята Пяцідзясятніцы ў тым, што Святы Дух праз пасрэдніцтва апосталаў сходзіць на ўвесь свет, напаўняючы яго святлом Богапазнання.

Ды як той «увесь свет» адлюстраваць у фарбах? Іканапісцы вымалёўвалі натоўпы, што складаліся з прадстаўнікоў розных народаў — часам чарнаскурых, а бывала, нават з сабачымі галовамі. Згодна з актуальнымі на той момант навуковымі звесткамі, людзі недзе «за Гомелем» (то-бок вельмі далёка) менавіта так і выглядалі.

Аднак урэшце на нейкай умоўнай мастацкай радзе прыйшлі да высновы, што кампазіцыйна падобны варыянт не самы добры, ды і процьма дзіўных другарадных персанажаў бярэ на сябе зашмат увагі, адцягваючы яе ад істотнага. Таму мастакі звярнуліся да алегорый. Усё чалавецтва стала ўвасабляць адна постаць — цар па імені Космас. І так было не адно стагоддзе...

У пазнейшай іканаграфіі гэты вобраз знік. Замест яго «прадстаўніком чалавецтва» была абрана Багародзіца, якая заняла пачэснае месца ў цэнтры кампазіцыі. І з багаслоўскага, і з мастацкага пункту гледжання гэта стала аптымальным рашэннем.

Такія розныя львы

Здавалася б, сімвалы і алегорыі ўласцівыя «высокаму» прафесійнаму мастацтву. Аднак большасць прадстаўленых абразоў паходзіць не з шыкоўных храмаў, якія мелі заможных фундатараў і маглі запрашаць «прасунутых» заходніх майстроў, а з невялікіх вясковых цэркавак. Адпаведна, маляваліся іконы талентамі з народа — што відаць нават няўзброеным вокам.

Ikanapis

І таму мы можам назіраць, як перададзены ў сімвалах глыбокі інтэлектуальны змест даходзіў да людзей простых і ў абсалютнай большасці нават непісьменных. Своеасаблівым каналам трансляцыі станавіўся канон, царкоўная традыцыя. Аднак «тутэйшыя» мастакі інтэрпрэтавалі яго на свой лад. Хаця хрысціянскія сімвалы (скажам, Ягня Божае) мелі паўсюдны характар і аднолькавую семантыку, іх адлюстраванне ў фарбах зазвычай аддавалася на водкуп аўтарам.

— Іканапісцы мелі значную творчую свабоду, — распавядае Алена Карпенка. — Вядома, лілія павінна была ўгадвацца, аднак мы сустрэнем самыя розныя яе выявы. Галоўнае, каб чалавек абазнаны, які прыходзіў у храм і ведаў усе сімвалы, счытваў іх беспамылкова — што ў мінулыя часы і здаралася.

У выпадку з кветкай вясковаму мастаку было ўсё больш-менш зразумела. Але як маляваць, напрыклад, льва, які стаў атрыбутам евангеліста Марка? Публічных заапаркаў тады не існавала, інтэрнэту таксама. Сярод узораў — хіба іншыя абразы ці друкаваныя выданні. Менавіта яны часцей за ўсё былі крыніцай натхнення для народных іканапісцаў.

Ды, як сведчыць выстава, караля звярэй на Палессі ўяўлялі... па-рознаму: ёсць аж тры варыянты. Зразумела, ніводзін з іх на сапраўднага льва не падобны і блізка. Два з трох — чамусьці з «ачалавечанай» пысай. Як быццам зараз жывёла скажа нешта мудрае...

Канон і русалка

Як тлумачыць Алена Карпенка, сэнс сімвалаў сярод іканапісцаў перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Чаляднікі не толькі вучыліся ў майстроў расціраць фарбы і габляваць дошкі, але і засвойвалі дзівосны свет абраза. Ды і пэўны канон усё ж існаваў. Калі мастак яго парушаў, ікону маглі проста «не прыняць», і такія казусы бывалі.

Аднак здараліся і выпадкі, калі адмыслоўцы інтэрпрэтавалі тыповы сюжэт цалкам на сваю рызыку. Прыкладам, знаходжанне Святога Крыжа на абразе з касцёла ў Белагрудзе абрастае нечаканымі падрабязнасцямі. Дзея адбываецца на караблі, які адначасова дастаўляе крыж з Іерусаліма ў Канстанцінопаль — і сімвалізуе Царкву як супольнасць вернікаў у зямным вандраванні да неба.

І ўсё б нічога, калі б судна не віталі розныя насельнікі мора, сярод якіх чамусьці лебедзі, яшчар, русалка і нейкая невядомая навуцы істота з рыбіным хвастом. Яны («усякае дыханне», як гаворыцца ў Псалтыры) дружна спяваюць хвалу Госпаду.

Непрадказальныя алегорыі

І ўжо цалкам вытлумачальна, што вельмі рознымі былі трактоўкі вобразаў істот бесцялесных — анёлаў ды іх антыподаў. На іконе XVIII стагоддзя з вёскі Парахонск на Піншчыне архангел Міхаіл увасоблены як далікатны юнак (чамусьці з дзявочым абліччам), які працінае дзідай цемя мускулістага мужчыны з каварным выразам твару ды чорнымі крыльцамі.

Маляваў гэтую ікону мастак, які пэўную школу мае. Абодва вобразы — бадай партрэтныя. І паколькі яны займелі вельмі канкрэтныя рысы, цалкам можна дапусціць, што існавалі рэальныя прататыпы. Тут ужо глядач вольны прапаноўваць самыя розныя гіпотэзы — вядома, ненавуковыя. Як тлумачыць Алена Карпенка, у той час абразы нярэдка прыпадабняліся па выяўленчай стылістыцы да партрэтаў — і, зрэшты, наадварот. Згаданы твор — добры таму доказ.

Ikanapis

А вось на Кобрыншчыне, у вёсцы Навасёлкі, д’ябла з уласцівай інсітнаму мастацтву дзіцячай наіўнасцю намалявалі як гібрыд чалавека і змяі. Архангел у звыклым вобразе рыцара б’е дэмана ўжо не дзідай, а мячом.

На папраўдзе шэдэўральным абразе з Альшанаў на Століншчыне літаральна візуалізаваны радок «смертию смерть поправ» з велікоднага спеву. Уваскрэслы Хрыстос топча пачвару з касою, якая хіба вельмі аддалена нагадвае традыцыйны ў такіх выпадках шкілет.

Выстава нібы падкрэслівае, што трывалай метадалогіі выяўлення сімвалаў і алегорый не было. Тут можна сустрэць скульптуры апакаліптычнага Ягняці Божага, якое, аднак, рыхтык у рыхтык падобнае да звычайнага ягняці, ці Святога Духа ў выглядзе такога самага звычайнага голуба. Адпаведна, складаныя і ёмістыя сімвалы перадаваліся вельмі літаральна. Ды бывала і зусім наадварот. Просты певень, які спявае пасля адрачэння Пятра, мне нагадаў невялічкага цмока.

Невядомы папярэднік Шагала

А ці ёсць выпадкі, калі сімвалы непадуладныя адназначнай інтэрпрэтацыі, і што ж хацелі сказаць мастакі?

— Напрыклад, у сюжэце Страшнага суда ў цэнтры кампазіцыі — выява рагатай істоты, якая ўспрымаецца як бык, — распавядае Алена Карпенка. — Мы з калегамі доўга разважалі: што б тая жывёла магла азначаць? Мяркую, гэта адна з чатырох біблейскіх грэшных краін, самая магутная. Мабыць, Рымская імперыя — прарок убачыў яе як пачвару з рагамі. А беларускі мастак увасобіў гэтага апакаліптычнага звера так, як уяўляў і як умеў.

Атрымаўся самы звычайны бык. Аднак пры гэтым «Страшны суд» — сапраўдны шэдэўр інсітнага іканапісу. Шматфігурны і шматузроўневы твор аднекуль з Віцебшчыны літаральна кішыць арыгінальнымі вобразамі, у якія майстар уклаў калі не ўсё ўмельства, дык душу — дакладна.

На выставе ёсць вельмі рэдкія версіі традыцыйных іконаграфічных сюжэтаў. Скажам, на адным з абразоў ля Распяцця бачым не Марыю і апостала Яна, а цара Давіда з яго атрыбутам — арфай.

— Мяркуючы па ўсім, ён грае вельмі ціхую і зусім не радасную мелодыю, — каментуе Алена Карпенка. Такая незвычайная ікона паходзіць з праваслаўнага храма ў вёсцы Бараўцы на Вілейшчыне.

На іншым Укрыжаванні — пелікан, што ажыўляе мёртвых дзяцей сваёй крывёю. Куратар тлумачыць: гэта старадаўні сімвал Хрыста, які ахвяруе сабой, каб ажывіць памерлае праз грэх чалавецтва. Выяву той птушкі можна пабачыць у рымскіх катакомбах, дзе падпольна збіраліся хрысціяне, а вось для беларускага мастацтва такі абраз унікальны.

Апостал у капелюшы

Зрэшты, разгадваючы старадаўнія іконы, можна няўзнак пераступіць небяспечную мяжу ды пачаць надаваць глыбокія сэнсы дэталям, што з’явіліся бадай выпадкова, як фон або стафаж. Так, на абразах часта трапляюцца і простыя прадметы, якія характарызуюць час. Скажам, у касцёлах, якія звычайна фундавала шляхта, у анёлаў XVIII стагоддзя можна пабачыць не толькі арфу, але і фагот. А вось на іконы больш «народных» тады канфесій — уніяцкай і праваслаўнай — нярэдка трапляюць звыклыя для мяшчанскіх і сялянскіх дамоў прадметы побыту.

— Безумоўна, у сцэне Нараджэння Багародзіцы начынне ў інтэр’еры або купель, дзе мыюць дзіця, ніякімі сімваламі не з’яўляюцца, — кажа Алена Карпенка. — Яны распавядаюць пра тагачасную штодзённасць.

Ды здараюцца і цікавыя выпадкі, калі сучасная для мастака рэчаіснасць і мова сімвалаў нечакана спалучаюцца. У апостальскім радзе з вядомага брыгіцкага касцёла ў Гродне асаблівую ўвагу прыцягвае імпазантны мужчына ў капелюшы. Як тлумачыць куратар, гэта апостал Якуб Старэйшы, выяўлены ў звыклым вобразе вандроўніка:

— У сярэдзіне XVII стагоддзя, калі маляваліся іконы, падарожнікі акурат такія капелюшы і насілі. Да галаўнога ўбору, як бачым, прымацавана ракавіна. Яна не толькі сімвалізавала паломніцтва, але і мела практычную функцыю — замяняла лыжку ў паходных умовах. Тут, дарэчы, і іншыя апосталы паказаны звычайнымі людзьмі — заможнымі гараджанамі, якія вядуць няспешную гутарку.

Сам апостальскі рад выглядае выдатна — так, быццам заўсёды захоўваўся ў аптымальных умовах з належным кантролем тэмпературы ды вільготнасці. Аднак Алена Карпенка распавядае, што доўгі час твор знаходзіўся ва ўжо закрытым храме і патрапіў у музей моцна знявечаным. Ды нашы рэстаўратары ўмеюць рабіць цуды.

Іконы, якія аб’ядноўвалі

Канфесійны падзел у рамках выставы не надта прасочваецца. Скажам, пабачыўшы цудоўную ў сваёй наіўнасці выяву Антонія Падуанскага (ці не самага вядомага святога заходняга свету), цяжка паверыць, што паходзіць яна з царквы ў вёсцы Мірацічы ля возера Свіцязь. Пагатоў і надпіс на палях абраза зроблены лацінскімі літарамі. Аднак, учытаўшыся ў тэкст (у ім фундатары, яўна не магнацкага паходжання, імкнуліся сябе ўвекавечыць), разумееш, што створаны ён на «тутэйшай мове».

Як тлумачыць Алена Карпенка, многія абразы спалучалі розныя канфесіі. Вельмі кур’ёзны прыклад такой з’явы — ікона, што патрапіла ў Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі з царквы ў Высокім як выява Іаана Багаслова. Ды супрацоўнікі скарбніцы, прыгледзеўшыся, засумняваліся. Яны заўважылі над галавой «евангеліста» ледзь прыкметныя сляды сякеры, кімсьці замаляванай, ды атрыбуты епіскапскай улады, евангелісту зусім не ўласцівыя.

Сякера — яўны атрыбут уніяцкага святога Язафата Кунцэвіча. Яму пасля скасавання уніі ў 1839-м у царкве месца не было. Але з іконай нехта вырашыў абысціся пагаспадарску. Некалькі ўзмахаў пэндзля — і Кунцэвіч ператварыўся ў Іаана Багаслова.

Неадназначны папугай

Калі першыя тры часткі выставы прысвечаны іканаграфіі Хрыста, Багародзіцы і святых, чацвёртая дэманструе партрэтны жывапіс. І такое спалучэнне свецкага і культавага мастацтва здаецца рызыкоўным. Аднак куратар мяркуе, што падобны сінтэз робіць экспазіцыю больш аб’ёмнай.

— Зразумела, на іконе мы не пабачым веер — сімвал дастатку, знатнасці, блізкасці да каралеўскага двара, — тлумачыць Алена Карпенка. — Але часта на свецкім партрэце можна заўважыць вінаградную гронку. Праўда, на абразе яна ўвасабляе ахвярнасць Хрыста, а на партрэце — пажаданне плоднасці і дабрабыту сям’і. Адпаведна, на значэнне сімвалаў істотна ўплывае кантэкст. Скажам, змей можа быць і ўвасабленнем пераможаных цёмных сіл на іконе, і сімвалам мудрасці на гербе. Усё трэба разглядаць у межах канкрэтнага твора.

У свецкім жывапісе сімвалы і атрыбуты адыгрываюць зусім іншую ролю. Княжацкая мітра, што нібы няўзнак ляжыць на століку, падкрэслівае высакароднасць героя, рыцарскія даспехі, зусім ужо састарэлыя ў XVIII стагоддзі, — доблесць ды гонар. Ружа адлюстроўвае жаночую вернасць.

— А вось папугайчык на партрэце Тэклі Радзівіл — сімвал досыць неадназначны, — тлумачыць Алена Карпенка. — Ён увасабляе жаноцкасць, камунікабельнасць, актыўнасць. Але паколькі партрэт рабіўся перад шлюбам, у дадзеным выпадку птушка таксама адсылае да вернасці і паразумення.

Апісаць усе творы старадаўняга беларускага мастацтва, прадстаўленыя на выставе, у адным артыкуле немагчыма. Уражвае бадай кожны — і кожны здаецца адметным. Таму раім зарэзерваваць для знаёмства з экспазіцыяй паболей часу. А лепш патрапіць на куратарскую экскурсію. Яна адкрые для цікаўнага наведвальніка сэнсавыя пласты, якія ён сам можа не разгледзець.

Балазе час яшчэ ёсць: праект даступны да 13 кастрычніка.