Міхася Чарота арыштавалі 24 студзеня 1937 г. Пасля шматлікіх допытаў і катаванняў ён прызнаў віну. У адным з дакументаў у варшаўскім Архіве новых актаў знайшлося сведчанне, хто менавіта «вёў справы на беларускага паэта Чарота і атрымаў паказанні як на «ворагаў» народа і былых беларускіх нацыяналістаў і ўдзельнікаў антысавецкай змовы», паведамляецца ў тэлеграм-канале Беларускага інстытута публічнай гісторыі.
Гэта ўраджэнец Бабруйска Віктар Эмануілавіч Быхоўскі. Падчас Вялікага тэрора ў 1937-38 гг. ён узначальваў сакрэтна-палтычны аддзел НКВД БССР, які займаўся беларускімі нацыяналістамі. У адным з дакументаў у Архіве актаў новых запісана, што менавіта Быхоўскі «вёў справы на беларускага паэта Чарота і атрымаў паказанні як на «ворагаў» народа і былых беларускіх нацыяналістаў і ўдзельнікаў антысавецкай змовы».
Адзін з калегаў ахарактарызаваў Быхоўскага «як садыста і ліпача, здольнага сфабрыкаваць любую справу». За катаванні арыштаваных і фальсіфікацыі спраў у 1939 г. асуджаны на 10 гадоў лагераў.
Міхась Чарот
Расстралялі Міхася Чарота ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі. У яго камеры пазней знайшлі на муры апошні верш паэта: «Мяне заціснулі за краты. Я прысягаю вам, сябры, Мае палі, Мае бары, — Кажу вам — я не вінаваты!»