Паўлюк Шукайла. Самы эпатажны паэт 1920-х

Днямі амаль не заўважна прайшоў юбілей Паўлюка Шукайлы — беларускага літаратара, які стаў вядомым дзякуючы гучным літаратурным скандалам. Прыгадваем найбольш цікавыя моманты з біяграфіі гэтага амаль забытага цяпер паэта, празаіка і крытыка.


Paŭliuk Šukajla ŭ 1920-ch
 Паўлюк Шукайла ў 1920-х

Дакладнай даты нараджэння Паўлюка Шукайлы няма, але прынята лічыць, што нарадзіўся ён 31 снежня 1904 года на Гарадзеншчыне ў простай сялянскай сям’і. Дэталі ягонай біяграфіі амаль не вядомыя, толькі фрагменты з яе. Так, вядома, што Шукайла далучыўся да беларускага руху ў зусім маладым узросце, імаверна да антыпольскага падполля, якое дзейнічала на тэрыторыі Заходняй Беларусі. 

Няма інфармацыі і аб тым, чым жа канкрэтна займаўся малады чалавек. Але ў любым разе быў вымушаны пакінуць малую радзіму або праз пагрозу арышту польскай дыфензівай, або праз свае прасавецкія пагляды. І вось роўна сто гадоў таму, у канцы 1924 — пачатку 1925 года Шукайла пераходзіць польска-савецкую мяжу і аказваецца ў сталіцы БССР — Мінску. Далей лёс закінуў яго ў Слуцк, дзе ён працаваў у мясцовай газеце і пакрысе пачаў рэалізоўваць свой талент. 

Вось як прыгадваў той хуткаплынны час Ян Скрыган, які неўзабаве стане блізкім сябрам Шукайлы: 

«У слуцкую газету «Вясковы будаўнік» паслаў свае вершы. I неўзабаве атрымаў запрашэнне з’явіцца ў рэдакцыю. Што ж там такое? З’явіўся. На мяне паглядзелі, пагаварылі. Запрасілі на работу. [...]

Рэдактар Паўлюк Шукайла арганізаваў слуцкую філію «Маладняка». Часамі мы рабілі калектыўныя чыткі, наладжвалі вечары, і тады збіраліся ўсе маладнякоўцы — Апанас Атава, Язэп Сукала, Іда Чырвань.

Паўлюк Шукайла быў чалавек агнявой натуры, добрага, шчырага сэрца, партызанскай зухаватасці і бунтарства. I ў вершах ён прызнаваў толькі бунт і таму адразу пачаў кіраваць нас на футурызм. Мы ў ім не разбіраліся, але Шукайлава энергія перадавалася і нам, і мы выпіналіся як маглі, каб толькі папасці ў той футурызм. Ён з’ездзіў у Мінск і дамогся, каб выдаць у кніжніцы «Маладняка» слуцкіх філіяльцаў. Што ў нас ёсць сілы, і не абы-якія, — запрасіў прыехаць і паглядзець. I аднаго разу пад восень прыехалі-такі два знакамітыя пісьменнікі.

Пасля мы ездзілі ў Мінск на першы з’езд «Маладняка»

З гэтае нагоды я напісаў быў апавяданне «Гасцініца «Бельгія»», але яно прапала. На з’ездзе я ўпершыню ўбачыў Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, Алеся Дудара, Андрэя Александровіча, Кандрата Крапіву, Міхася Лынькова, Уладзіміра Дубоўку і вельмі маладых і прыгожых Зіну Бандарыну, Яўгеню Пфляўмбаўм, Наталю Вішнеўскую. I гасцей — Сасюру, Гадзінскага, Ягансена — ад Украіны.

За час, што працаваў у газеце, я пашыў сабе карычневы гарнітур. Справіў боты, а да іх і галіфэ. Адразу ж налажыў і леі — і мацней, і харашэй, дый фасон нешта значыць. Словам, я станавіўся на ногі, служба ішла няблага, а футурыстычныя вершы не выходзілі. Шукайла цярпліва чытаў Маякоўскага і сябе — не гаруй, вучыся, але ўсё гэта нечакана скончылася. Акругу скасавалі, закрылася і газета. Шукайла паехаў сакратаром райкама партыі ў Расоны, філія распалася.

Зноў колькі часу я гаспадарыў дома. Але ўсё гэта было ўжо зусім чужое. Намысліў ехаць у тыя ж Расоны. Тым больш, што Шукайла зваў у лістах: абавязкова прыязджай, работа знойдзецца».

Скрыган паехаў за сябрам і не прагадаў, бо той там развёў настолькі бурную дзейнасць, што ў выніку страціў сваю пасаду сакратара райкама. І не проста так, але праз сваю амбітнасць. Сёння цяжка паверыць у такое, але ў шукайлавым кабінеце ў расонскім райкаме вісеў партрэт... яго самога. Побач з Карлам Марксам, вядома. Але ніякіх табе леніных, троцкіх ці чарвяковых! 

Чытайце таксама: Ян Скрыган: «Не разбурай п’едэсталаў»

Нават свайго беспартыйнага сябра, які да ўсяго яшчэ і меў кулацкае паходжанне, Шукайла здолеў прыстроіць на хлебную і даволі адказную працу ў абыход тагачасных правілаў. Ён прызначыць Скрыгана загадчыкам камсамольскай агітацыі і прапаганды ў Расонах. Гэта выкліча ў сваю чаргу разбіральніцтва — паэт-футурыст страціць пасаду, а «карупцыйная» справа дойдзе нават да самой Масквы і будзе адлюстравана ў тамтэйшых газетах. 

Але нават пасля гэтага свайго фіяска Шукайла не здасца і пагатоў не супакоіцца. Ён перабярэцца ў Мінск, дзе пойдзе працаваць у Інстытут беларускай культуры навуковым супрацоўнікам, а паралельна паступіць у БДУ. Следам за ім пацягнуцца ў беларускую сталіцу і будучыя футурысты — Ян Скрыган, Пятрусь Броўка, Макар Шалай ды іншыя, менш вядомыя літаратары з Полаччыны. 

Redakcyja haziety «Čyrvonaja Polaččyna» ŭ skladzie Sciapana Siamaški, Paŭliuka Šukajly, Pietrusia Broŭki i Jana Skryhana. Polack, 1927 h.
Рэдакцыя газеты «Чырвоная Полаччына» ў складзе Сцяпана Сямашкі, Паўлюка Шукайлы, Петруся Броўкі і Яна Скрыгана. Полацк, 1927 г.

Летам 1927 года будзе ўтворана «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», ля вытокаў якой будуць стаяць ужо згаданыя Ян Скрыган і Паўлюк Шукайла. Першы будзе ў свой час выключаны з «Маладняка» за тое, што яшчэ жывучы на Полаччыне, ледзь не пасылаў на тры літары кіраўніцтва арганізацыі ў Мінску, а другі выйшаў з яе ў падтрымку сябра. 

«Літкамунаўцы», як самі яны сябе называлі, натхняліся дзейнасцю «ўзвышэнцаў» — сябраў літаратурнага аб’яднання «Узвышша», якое ўтварылася ў траўні 1926 года ў выніку расколу «Маладняка». Але кіраваліся зусім іншымі матывамі. Бо ўзвышэнцы імкнуліся да стварэння вытанчанай, можна сказаць класічнай літаратуры, якой тады бракавала ў Беларусі. Шукайла імкнуўся да стварэння радыкальнага літаратурнага мастацтва. 

Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, Паўлюк Шукайла пачаў абрынацца з жорсткай крытыкай на многіх сваіх калег. А каго-нікаго з іх нават абвінавачваць у плагіяце — так здарылася з Паўлюком Трусам, якога цёзка пляжыў на старонках выдаванага ім самім часопіса «Росквіт». Трус і праўда ў сваёй творчасці шмат у чым натхняўся досведам папярэднікаў, але Шукайла быў празмерна катэгарычным. Ён жа быў адным з тых, хто выкрыў Алеся Дудара, раскрыўшы грамадзе ягоны псеўданім — Тодар Глыбоцкі.

Vokladka druhoha numara časopisa «Roskvit», 1928 hod
Вокладка другога нумара часопіса «Росквіт», 1928 год

Часам беларускія футурысты прыходзілі на імпрэзы сваіх калег-канкурэнтаў ды ўступалі ў жосткія спрэчкі, маглі і за грудкі ўзяцца. На старонках тагачаснай беларускай прэсы можна сустрэць шматлікія фельетоны сучаснікаў, дзе згадваецца і любоў «літкамунаўцаў» да выпіўкі і шумных застолляў. Аднак намёртва замацавалася бадай што адзіная гісторыя, якая болей нагадвае нейкі анекдот і выстаўляе самога Шукайлу ў абсалютна камічным выглядзе.

Zvarot Paŭliuka Šukajly ŭ pieršym numary časopisa «Roskvit»
Зварот Паўлюка Шукайлы ў першым нумары часопіса «Росквіт»

На апошніх старонках першага нумара часопіса «Росквіт» чытаем абвестку: 

«ПАВАЖАНЫЯ ЧЫТАЧЫ!

Ужо вось два месяцы, як грамадзянін Сяргей Дарожны (Серада), які зьяўляецца сябрам літаратурнага згуртаваньня «Ўзвышша», носіць па рэдакцыях газэт і зачытвае пісьменьнікам, студэнтам і знаёмым рукапісы вершаў, якія, нібыта, напісаны мною і дадзены для распаўсюджваньня такім спосабам.

Я б катэгарычна адмовіўся ад прыналежнасьці гэтых вершаў мне, каб не адно здарэньне, якое мела мейсца ў рэдакцыі газэты «Беларуская вёска», дзе таварышы, якія бачылі два вершы, прынесеныя С. Дарожным, сьцьвярджалі мне, што гэта ўласныя мае рукапісы.

Ніякіх вершаў С. Дарожнаму, ды наогул нікому, для распаўсюджваньня я не даваў. Твораў, у якіх было-б такое месца (бяру са словаў сябра «Зьвеньняў» Зелянеўскае):

...Выйду я на сенажаць
ды з нагана ў жабу — бац...

— я ніколі не пісаў і пісаць не зьбіраюся. Той, хто распаўсюджвае іх, такім чынам, робіць справу агіднага правакатара. Налічча ж у яго маіх рукапісаў гаворыць за тое, што тут, апроч правакатарства, мы маем справу і са зладзействам.

Пратэстуючы перад савецкім грамадзянствам супроць такіх дзеяньняў грамадзяніна, які прэтэндуе на званьне «пісьменьніка», у той жа час справу перадаю ў суд і іншыя належныя ўстановы.

З прывітаньнем і пашанаю

Паўлюк Шукайла»

Як бы там ні было, але важак беларускіх футурыстаў аказаўся ў даволі няёмкай сітуацыі. Бо помнілі яго, а ўрэшце і запомнілі, акурат па гэтых двух радках, якіх ён увогуле не пісаў. Вершы самога Шукайлы былі даволі дзіўнымі, а месцамі можна сказаць нават дзікімі, але ў любым разе лепшымі за гэты вось «твор». У 1930 годзе нават пабачыў свет адзіны і прыжыццёвы зборнік шукайлавай паэзіі пад назвай «Акрываўленая зямля». 

Літаратурная камуна доўга не праіснавала — ужо ў траўні 1928 года яна была ліквідаваная, а большасць яе сяброў вярнуліся ў «Маладняк». У тым ліку і Ян Скрыган, а вось ягоны сябар, застаўшыся самотным паэтам-правакатарам, выехаў на вучобу ў Маскву. Там ён таксама спрабаваў займацца нечым літаратурным, але галоўнай ягонай справай стала кіно. Шукайла нават адвучыўся ў акадэміі і стаў прафесарам. 

Чытайце такама: Закляты сябар Яна Скрыгана

Першы раз яго арыштуюць увосень 1930 года па справе няіснага Саюза вызвалення Беларусі, але тады Шукайлу пашанцуе, і ён здолее выйсці на волю. Другі раз за ім прыйдуць ужо ў 1935 годзе, і гэты арышт стане ў ягоным жыцці фатальным, бо ён развядзецца з жонкай і не будзе мець сталага жыхарства. У 1938 годзе яго арыштуюць у апошні раз, а ў красавіку наступнага года яго асудзяць на смерць і расстраляюць. 

Вінаватым Шукайла так сябе і не прызнаў... 

Л. Г., Budzma.org