Агульнавядома, што ў 1930-я гады многія беларускія пісьменнікі былі рэпрэсаваныя, расстраляныя або сасланыя ў Сібір, а творчасць іхняя была забаронена і фактычна выкрасленая. Але ці бывала так, што аўтар заставаўся на волі, а ягоная кніга трапляла ў спецсховішча? Бывала!
Расказваем гісторыю беларускага паэта Аркадзя Моркаўкі, які нарадзіўся ў канцы студзеня 125 гадоў таму.
Расказваем гісторыю беларускага паэта Аркадзя Моркаўкі, які нарадзіўся ў канцы студзеня 125 гадоў таму.
Калі ў гісторыі беларускай літаратуры былі Якуб Колас і Міхась Чарот, то мог быць і Аркадзь Моркаўка. Але фішка хіба ў тым, што гэта зусім не псеўданім, пагатоў і не мянушка, але цалкам сабе рэальнае пашпартнае імя і прозвішча чалавека, які жыў і пісаў у Беларусі сто гадоў таму.
Аркадзь Моркаўка ў маладыя гады
Нарадзіўся Аркадзь Моркаўка 26 студзеня 1900 года ў вёсцы Зазер’е Ігуменскага павета ў сям’і чыгуначніка. Скончыў курсы тэлеграфістаў у Мінску, потым вучыўся ў Віцебскім электрамеханічным тэхнікуме. У 1934 годзе скончыў энергетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Доўгі час працаваў тэлеграфістам на чыгунцы.
Дэбютаваў у друку з вершамі Аркадзь Моркаўка ў 1922 годзе. За даволі хуткі час стаў заўважным літаратарам. У 1928-1930 гадах ён уваходзіў у рэдкалегію часопіса «Маладняк», а ў 1930 годзе ўвайшоў у рэдкалегію часопіса «Полымя». Улетку 1928 года выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік яго вершаў «Дым жыцьця», які быў даволі прыхільна сустрэты як чытачамі, гэтак і крытыкай.
Зміцер Жылуновіч, які не надта любіў маладых, напісаў тады свой рэзанансны артыкул «Купчастыя руні», дзе аналізаваў творчасць Паўлюка Труса і Аркадзя Моркаўкі і апублікаваў яго на старонках рэдагаванага ім «Полымя». Прычым герою нашага тэкста аддаў у тым артыкуле пальму першынства, бо той «літаральна прагучэў пяруном вялікай сілы».
А вось што пісаў аб ягоных вершах Максім Гарэцкі ў сваёй знакамітай кніжцы «Маладняк за пяць гадоў», якая пабачыла свет у тым самым 1928 годзе, што і дэбютная кніга паэзіі паэта-пачаткоўца, але толькі троху пазней:
«Галоўны мотыў у творчасьці Моркаўкі — філёзофскі разгляд розных зьяў жыцьця. Ён закранае і соцыяльнае змаганьне, і соцыялістычнае будаўніцтва, і адносіны між горадам і вёскаю, і адносіны да каханае жанчыны і г. д., але скрозь у яго пры гэтым зьяўляюцца філёзофскія разважаньні, галоўны мотыў якіх: хоць няма нічога вечнага, але сьвет прыгожы, жыцьцё патрабуе змаганьня, і таму будзем і жыць і змагацца. На яго творчасьці ёсьць значны сьлед інтэлігенцкае замкнутасьці, у яго шмат пэўнага індывідуалізму і туманнага інтэлігенцкага косьмізму. Але ў яго вершах ёсьць, тымчасам, і непасрэдная радасьць жыцьця, бадзёрасьць, дзейнае клясавае пачуцьцё».
Кніга Максіма Гарэцкага «Маладняк за пяць гадоў»
Нельга не пагадзіцца са словамі класіка аб дэбютанце, асабліва калі глянуць на ягоную творчасць таго часу. Вось у якасці прыкладу верш «Квяцісты палісаднік ран і болек...», які быў апублікаваны ў 7-м нумары часопіса «Полымя» за 1927 год:
Квяцісты палісаднік ран і болек
Лячылі воцат, соль і жоўць.
Спалю масты, каб не вярнуцца болей
На сьлед, пасеяны імшой.
Прывыклі мы таемна несьці цацкі
У глыбі дум, пакуль і смерць.
Адны ў Лёндоне, другія — ў Шацку
Нясём, як нёс нядаўні зьвер.
Аднэй рукой пушчаем у неба птушак,
Другую сунем гідка ў твань.
І копы матылькоў прыгожых тушым,
А самі прагнем хараства.
Памылак чадны боль хмяльней за радасьць,
Хмяльней за пах цяжарных ліп.
І мне... і мне не адрачыся саду,
Дзе цені палямі былі.
У ім можам заўважыць не толькі згаданы індывідуалізм, але таксама і зануранасць у сябе і нават нейкае лёгкае смутнаглядства. Максім Гарэцкі, разбіраючы творчасць Моркаўкі, прыходзіць да высновы, што аўтар даволі адказна падыходзіць да сваёй творчасці:
«Самае моцнае ў вершах Моркаўкі — вобраз і фраза. Ён стараецца даць моцны, орыгінальны вобраз і моцную, з малой колькасьцю слоў, але з вялікім зьместам фразу. Прыгожых вобразаў у яго шмат. Часам, аднак, трапляюцца вобразы, лішне адарваныя ад вобразнасьці мас, часам нават ня зусім зразумелыя. Верш свой Моркаўка старанна шліфуе, але таксама часам дае лішне выкручаныя фразы. Строфіка, рытміка і рыфмаваньне ў яго даволі звычайныя, але верш наогул мілагучны і прыгожы».
Гэта аднак не зрабіла яго паэтам першай велічыні, бо даволі рэзка змяніліся вонкавыя абставіны і малады паэт на доўгі час вымушаны быў замаўчаць. На пачатку 1930-х гадоў, калі многія «маладнякоўцы» і прадстаўнікі іншых літаратурных аб’яднанняў аказаліся за кратамі, Аркадзь Моркаўка адышоў ад актыўнай літаратурнай дзейнасці і далей пісаў «у стол». Яго самога рэпрэсіі не закранулі наўпрост, але пад забаронай аказалася ягоная кніга вершаў...
Аб гэтым факце ў адной са сваіх кніг, якая была прысвечана выдатным постацям беларускага мінулага, згадваў ужо наш сучаснік Ніл Гілевіч:
«Часьцей я згадваў яго імя, перабіраючы ў думках старонкі лёсу ўсёй нашай беларускай літаратуры ўвогуле, шукаючы адказу на пытаньне: дык што ж гэта за лёс і што за шлях — і літаратуры нашай, і нашай мовы, і культуры, скажам шырэй — нашай нацыі, народу нашага? I вось у такім кантэксьце вельмі цікава і павучальна зьвярнуцца да лёсу і творчасьці Аркадзя Моркаўкі — таленавітага, самабытнага паэта 1920-х (1930-я — апусьцім!) — 1940-х гадоў. Чаму 1930-я апусьцім? Таму што з 1931-га па 1941-шы ён не напісаў ніводнага верша. Ва ўсякім разе — іх няма, калі нават што і пісалася. Ні радка няма.
Дачка паэта Ларыса Аркадзеўна сьведчыць:
Ня ведаю, ці пісаў ён у трыццатыя гады. Бацька і маці пра тое маўчалі. Школьніцай я ведала, што мой тата інжынер, і была зьдзіўленая, калі аднойчы выпадкова сярод кніг знайшла невялікую кніжку, на вокладцы якой клубіўся шараваты дым: Аркадзь Моркаўка, „Дым жыцьця“. Гэтая кніжка „больш за два дзесяцігоддзі знаходзілася ў сьпецфондзе і толькі ў 1956 годзе, пасьля сьмерці бацькі, атрымала вызваленьне“. У сьпецфондзе — гэта значыць была забароненая, рэпрэсаваная. Амаль унікальны выпадак: паэт, аўтар, не рэпрэсаваны, на волі, жыве і працуе, а яго кніга — рэпрэсаваная, забароненая. Праўда, паэт працуе, але — інжынерам, літаратурай не займаецца. Літаратуру пакінуў. Як пісаў іншы паэт, яго сучасьнік, стаў „на горло собственной песне.
У час вайны Аркадзь Моркаўка застаўся ў сталіцы БССР, далучыўся да мінскага падполля, дзе ягоныя навыкі тэлеграфіста вельмі прыдаліся. У гэты ж час ён вяртаецца да паэзіі — пачынае пісаць патрыятычныя вершы, дзе заклікае да змагання з ворагамі.
Аднак гэта не адмяняе таго, што ў канцы вайны і пасля яе яму ўсё адно было не салодка — спачатку паэта ледзь не расстраляў камандзір, а потым давялося яшчэ і апраўдвацца перад камуністамі за тое, што застаўся ў жывых пад немцамі.
Пасля вайны Аркадзь Моркаўка працаваў інжынерам, быў выкладчыкам у БПІ, а часамі вяртаўся да творчай працы. Штопраўда, публікаваўся ўжо зусім мала — па-першае, не хацеў прыцягваць да сябе непатрэбнай увагі, а па-другое, быў па жыцці болей чым сціплым чалавекам. Новыя кнігі з яго вершамі пабачылі свет ужо пасля смерці паэта.
Аркадзь Моркаўка
Пайшоў з жыцця Аркадзь Моркаўка ў красавіку 1957 года, калі і ягоную Беларусь, і Савецкі Саюз чакалі грандыёзныя змены. Ён іх дачакаўся, але ўжо не змог скарыстацца вальнейшымі часамі, каб напоўніцу зрэалізаваць свой талент.
Л. Г., budzma. org
Фотаздымкі з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў