Ініцыятыва MALDZIS алічбавала архіў парафіі з Гарадзеншчыны

Ініцыятыва MALDZIS ажыццявіла алічбаванне набытага сёлета на аўкцыёне ў Польшчы старадаўняга капіярыя – рукапіснага зборніка службовых дакументаў і перапіскі з касцёла ў Вялікіх Эйсмантах на Гарадзеншчыне.

Працы па сканаванні былі выкананыя ў Лодзі прадстаўнікамі спецыялізаванай кампанііПятром Скандальскім і Мацеем Невядомскім – дзякуючы падтрымцы рэгулярных ахвярадаўцаў ініцыятывы MALDZIS. Таксама кіраўнікі ініцыятывы выказваюць шчырую падзяку за дапамогу ў арганізацыі алічбавання Алене Шаркевіч.

Кожная старонка старадаўняга зборніка вымагала далікатнага падыходу. У выніку атрымаўся PDF-файл памерам 1,7 ГБ – такі аб’ём звязаны з тым, што файл захаваны ў вельмі высокай якасці. Дзякуючы гэтаму ён добра надаецца для падрабязнага вывучэння.

Паглядзець і спампаваць архіў

Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:

«Алічбаваныя архівы перастаюць быць недасяжнай рэдкасцю, схаванай у адзінкавым экзэмпляры. Яны становяцца агульным здабыткам – гісторыкі, краязнаўцы, даследнікі і проста цікаўныя людзі з любога кутка свету могуць працаваць з імі ў любы час. А значыць, імёны мясцовых жыхароў, сямейныя гісторыі, штодзённыя падзеі ваколіц Горадні XIX стагоддзя выходзяць з нябыту і вяртаюцца ў жывую памяць».

Archiŭ


Запрашаем вас пагартаць алічбаваную кнігу. Калі вы заўважыце імя, якое мае важнае гістарычнае ці культурнае значэнне, цікавы факт, незвычайную нататку ці нешта, што заслугоўвае ўвагі, – напішыце нам. Кожная знаходка дапаможа лепш зразумець наша мінулае.

У хуткім часе архіў чакае яшчэ адзін важны этап – рэстаўрацыя, пра якую мы паведамім асобна.

Паглядзець усе алічбаваныя артэфакты можна тут.

Нагадаем, што капіярый быў набыты на аўкцыёне ў Польшчы на сродкі мецэната ініцыятывы MALDZIS Іллі Пакроўскага. У будучыні кніга ў якасці грамадскага падарунка вернецца на сваё месца – у парафію імя Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.