Праз месяц пасля таго, як на радзіме Францішка Багушэвіча, у каталіцкай парафіі ў Жупранах, новым пробашчам стаў ксёндз Артур Ляшнеўскі, можна казаць пра першыя плады яго дзейнасці. Адным з новаўвядзенняў стала тое, што ксёндз вядзе службы на беларускай мове, піша katolik.life.

Вернікі Смаргоні, дзе да гэтага служыў святар, звярталіся з адкрытым лістом і выказвалі сваю заклапочанасць тым, што маладога энергічнага ксяндза адправілі служыць з горада ў вёску, дзе амаль няма дзяцей і моладзі.
Аказалася, гэта не так — на здымках з Жупранаў можна заўважыць і дзяцей, і моладзь. Пры новым пробашчы з’явіўся паблік парафіі ў Instagram, дзякуючы якому можна сачыць за дзейнасцю святара: ён выкладае відэа з Імшаў, пазнавальныя і вясёлыя ролікі.
Яшчэ адно новаўвядзенне стала нечаканасцю для парафіянаў. Пра яго распавёў у Threads адзін з вернікаў.
«Ксёндз вядзе службы на беларускай мове. Не ўпэўнены, ці быў за 150 гадоў гісторыі гэтай святыні беларускамоўны пробашч. На маёй памяці дык дакладна не», — напісаў карыстальнік сацсеткі.
Ён дадаў:
«На тэлевізары паказваюць сцэнар Імшы па-беларуску. Для мясцовых вернікаў гэта нязвыкла, польская Імша ад зубоў адскоквае, а беларуская гучыць незвычайна іншапланетна ў гэтым асяроддзі. Але мне спадабалася. Ксёндз шчыры, адкрыты, усміхаецца».

Аўтар заўважыў, што ў сцяну гэтага касцёла ўмураваны партрэт Францішка Багушэвіча, які «загадваў нам не пакідаць мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі — цудоўна, што ён зараз будзе яе чуць рэгулярна».