На мінулых выходных адбылася прэзентацыя інтэрактыўнай інсталяцыяй Паўла Яніцкага. Гэта не першае і далёка не апошняе знаёмства аматараў мультымедыйнай творчасці з дасягненнямі сучаснага медыямастацтва.
Павел Яніцкі запускае і выпрабоўвае сваю інсталяцыю
Інсталяцыя, прэзентаваная ў Мінску, працавала наступным чынам. На столі быў размешчаны праектар, які паказваў графічны вобраз на падлозе. Удзельнікі, перасоўваючыся па спецыяльным экране на падлозе, уступалі ва ўзаемадзеянне з графічнымі элементамі – разнастайнымі піктаграмамі і словамі, якія высвечваліся на экране. Праектар рэагаваў на ўсе рухі і жэсты і ствараў тым самым непаўторныя графічныя структуры. Кожны крок і цень чалавека на экране суправаджаўся гукавымі эфектамі. Надпісы, якія з’яўляліся на экране, утваралі ланцуг роднасных па значэнні словаў. Такім чынам англамоўныя ўдзельнікі маглі папаўняць свой слоўнікавы запас.
Праектар, усталяваны на столі
Паводле задумы Паўла, інсталяцыя працуе не толькі як “аўтамат” для стварэння музыкі і відэамалюнкаў у анлайн-рэжыме. Яе магчыма разглядаць як гульнявую або адукацыйную пляцоўку для дзяцей і дарослых. З некалькімі праектамі на гэтую тэму мастак паспяхова выступіў на фестывалі ва Уроцлаве ў мінулым годзе.
Для мастака вельмі важна даць гледачам магчымасць самаэкспрэсіі, пляцоўкі, на якой яны змогуць актывізаваць сваю фантазію і мысленне і стварыць нешта сваё. Трэба прызнацца, што каб разварушыць беларускага гледача, спатрэбіцца нешта мацнейшае за прапанаваную інсталяцыю, можа быць, іншым разам у Паўла атрымаецца ўцягнуць у творчы працэс большую колькасць гледачоў. Праз два тыдні Павел прадставіць яшчэ адзін аўтарскі праект падчас фестывалю графічнага дызайну “Дызайн Дыялог”, які працягнецца да 9 кастрычніка.
Медыямастак і прадусар Павел Яніцкі нарадзіўся ў 1947 годзе ў Польшчы. Інтэрнэт, кампутарныя базы дадзеных, гульнявыя прыстаўкі, лічбавыя архівы з’яўляюцца асноўнымі матэрыяламі і сродкамі для рэалізацыі перфомансаў і інсталяцый, задуманых Паўлам. Сярод вядомых здзейсненых праектаў – музычна-сеткавы перфоманс «Мелодыя Пін» (2003), аркестр гульнявых прыставак Gameboyzz Orchestra Project (2001).